Даглядаць дзiця, расьлiны; догляд дзiцяцi, расьлiн

Юрась Бушлякоў, Менск

Цi можа быць, кажучы па-беларуску, догляд за некiм цi нечым? Сапраўды, зусiм нярэдка ў нас гавораць i пiшуць, напрыклад, пра догляд за дзiцем або догляд за вазонамi – скарыстоўваюць тым самым канструкцыю з прыназоўнiкам за пры словах догляд або дагляд. Абодва гэтыя назоўнiкi – i часьцейшы ў лiтаратурным маўленьнi догляд, i менш рэгулярны дагляд – ад даглядаць. Пры дзеяслове даглядаць залежны назоўнiк заўсёды стаiць у форме роднага склону: даглядаць дзiця, даглядаць хворага, даглядаць валасы або, скажам, даглядаць вазоны. Характар сувязi памiж словамi застаецца такi самы, калi на месцы дзеяслова даглядаць вытворны ад яго догляд. Па-беларуску трэба сказаць: догляд (каго?) дзiцяцi, пацыента, догляд (чаго?) рук, твару, валасоў, скуры, догляд расьлiн, вазонаў. Такiм чынам, прыназоўнiка за пры словах догляд або дагляд не павiнна быць, ён лiшнi, яго прысутнасьць тут – гэта вынiк калькаваньня расiйскай канструкцыi з словам уход.

Вось жа, не калькуйма. Пры канцы тэмы дазволю сабе яшчэ раз праiлюстраваць граматычна правiльнае ўжываньне – каб мы з вамi не памылялiся: даглядаем дзяцей, сямейнiкаў, блiзкiх людзей, даглядаем сваю гаспадарку, знаходзiм час на догляд дзiцяцi, догляд хворага, не забываемся на догляд цела, займаемся доглядам кветак.