Везьцi – везла, вёз; церцi – церла, цёр; легчы – легла / лягла, лёг

Юрась Бушлякоў, Менск

Яна несла, а ён нёс; яна трэсла, а ён трос: гаворым пра формы прошлага часу шэрагу дзеясловаў – тыя формы, пры ўжываньнi якiх часам дапускаюць памылкi.

Трэба зьвярнуць увагу на тое, што ў нашай мове ёсьць цэлая група дзеясловаў на -цi й -чы, кожны зь якiх у пачатковай форме – iнфiнiтыве – мае нацiск на першым складзе: везьцi, грэбцi, мерцi, несьцi, перцi, скрэбцi, трэсьцi, церцi, легчы, прэгчы й колькi iншых. У формах прошлага часу адзiночнага й множнага лiку гэтых дзеясловаў нацiск застаецца на галосным гуку кораня: везьцi – везла й везьлi, скрэбцi – скрэбла й скрэблi, церцi – церла й церлi й г.д.

У выпадку дзеяслова легчы нарматыўныя слоўнiкi дапускаюць варыянтныя формы прошлага часу: легла, леглi й лягла, лягло, ляглi.

Трэба таксама памятаць, што мiнулачасавыя формы жаночага й нiякага родаў, з аднаго боку, i мужчынскага роду, з другога, разьбiраных дзеясловаў адрозьнiваюцца характарам галоснага ў коранi: у формах мужчынскага роду гук [э] пераходзiць у [о]: яна несла – ён нёс ([н’эсла – н’ос]), церла – цёр, легла – лёг. Такiм самым чынам спрагаюцца й дзеясловы, вытворныя ад названых (апрача тых, што маюць прыстаўку вы-): давезьцi – давёз, давезла, давезьлi; памерцi – памёр (нi ў якiм разе не памер!), памерла, памерлi; растрэсьцiрастрос, растрэсла, растрэсьлi; залегчызалёг, залегла, залеглi, але, напрыклад, вынесьцiвынес, вынесла, вынесьлi.

Не забываймася, аднак, што паказанага вышэй каранёвага чаргаваньня [э][о] няма пры лiтаратурным спражэньнi дзеясловаў бегчы й секчы / сячы, а таксама вытворных ад iх – бег, бегла, беглi; сек, секла, секлi.