Як павiнны выглядаць беларускiя прыметнiкi паходжаньнем ад такiх, напрыклад, словаў, як брытва, помпа цi фiрма, – ад словаў, аснова якiх канчаецца на зьбег зычных з губнымi [в], [м], [п]? Якому з варыянтаў аддаваць перавагу: фiрменны або фiрмавы, можа, фiрмовы?
У форме фiрменны – суфiкс -енн-. Гэты суфiкс маюць традыцыйныя беларускiя прыметнiкi з значэньнем высокае меры якасьцi: велiчэнны, здаравенны, страшэнны, таўсьценны й г. д. У нарматыўных слоўнiках знойдзем, праўда, i тыя прыметнiкi з суфiксам -енн-, якiя ня маюць праiлюстраванага значэньня, але гэта пераважна пазычаньнi з расiйскай або царкоўнаславянскай моваў: прыкладам, абедзенны, малiтвенны (да гэтых пазычаньняў ёсьць у лiтаратурнай мове абсалютныя сынонiмы тыповае будовы: абедны, малiтоўны цi малiтаўны).
Зыходзячы з фактаў традыцыйнага беларускага словаўтварэньня, нельга не прызнаць, што суфiкс -енн- нетыповы ў адносных прыметнiках. Прыметнiкi ад словаў брытва, помпа цi фiрма – гэта якраз адносныя прыметнiкi. Тут заканамерная iншая суфiксацыя – дадаецца суфiкс -ав- (-ов-): брытва – брытвавы, помпа – помпавы, фiрма – фiрмавы.
Поруч з фiрмавы ўжываецца й форма фiрмовы – зь перанясеньнем нацiску (гэтае перанясеньне не дыктуецца сыстэмаю мовы, яно зусiм неабавязковае, таму, думаю, перавагу варта аддаваць варыянту з нацiскам на першым складзе: як фíрма, так i фíрмавы). Застаецца пералiчыць шэраг iншых частотных прыметнiкаў, утвораных пры дапамозе суфiкса -ав- (-ов-) ад назоўнiкаў з асноваю на зьбег зычных з губнымi [в], [м], [п]: воспа – воспавы, дратва – дратвавы, лямпа – лямпавы, падэшва – падэшвавы, пiсьмо – пiсьмовы, плязма – плязмавы, рэформа – дарэформавы, язва – язвавы (чалавек, якi цярпiць ад язвы, – язвавiк).