Авечка, трус, конь – свойскiя жывёлiны

Юрась Бушлякоў, Менск

Як па-беларуску называем гадаваных, прыручаных чалавекам жывых iстот? Цi выпадае называць iх хатнiмi, або дамашнiмi, цi дамовымi? Не выпадае. Такое называньне штучнае, калькаванае – ад няведаньня традыцыйных моўных сродкаў.

У нашай мове ёсьць шматзначны прыметнiк свойскi – якраз ён характарызуе кожную жывёлiну, якая пры чалавеку. Авечка, трус цi конь – гэта, кажучы па-беларуску, свойскiя жывёлiны. Качкi або козы могуць быць свойскiя, але бываюць i дзiкiя, не прыручаныя чалавекам. Дарэчы, свойскiмi можам называць яшчэ й культурныя расьлiны, якiя чалавек вырошчвае, даглядае (кветкi, напрыклад, або дрэвы могуць быць свойскiя).

Пры нагодзе гаворкi пра свойскiх i дзiкiх жывых iстот дадам колькi словаў пра выкарыстаньне ў лiтаратурным маўленьнi двух назоўнiкаў – жывёла й жывёлiна. У дыялектнай беларускай мове слова жывёла абазначае, як правiла, не адну жывую iстоту, а некалькi цi мноства такiх iстот – ужываецца, знакам тым, як зборны назоўнiк. “Пайду пагляджу жывёлу”, – скажа чалавек, маючы на ўвазе сваiх жывёлiн. Жывёлiна – гэта заўсёды адна асобiна. Думаю, варта ў лiтаратурнай мове ўлiчваць гэтую аўтэнтычную розьнiцу: выкарыстоўваць назоўнiк жывёла ў зборным значэньнi, а слова жывёлiна – для называньня канкрэтнай жывой iстоты.

Скажам па-беларуску: на падворку поўна свойскай жывёлы: куры, гусi, козы, карова, конь; сабака – свойская жывёлiна; качкi бываюць свойскiя й дзiкiя; зубар – дзiкая жывёлiна