Звыш году, звыш меры, звыш таго

Юрась Бушлякоў, Менск

Як выглядаюць у нашай мове канструкцыi з прыназоўнiкам звыш? Як правiльна: зрабiў звыш за норму цi проста зрабiў звыш нормы? Інакш кажучы, цi патрэбнае нам пры слове звыш яшчэ якое службовае слова – прыназоўнiк за або злучнiкi як, чым, чымся?

Факты i старабеларускай мовы, i жывой дыялектнай мовы ХІХ – ХХ стст. не пакiдаюць сумневу: у спалучэньнях з словам звыш назоўнiк, займеньнiк або лiчэбнiк павiнен стаяць у форме роднага склону (ня бачылiся звыш году, заплацiлi звыш меры, звыш гэтага ўсяго, звыш трох). “Звыш лба вочы ня ходзюць”, – гэтым сказам ужываньне прыназоўнiка звыш iлюструе ў сваiм слоўнiку 1870 году Іван Насовiч.

Сёньня, аднак, частка карыстальнiкаў мовы падстаўляе да слова звыш яшчэ нешта службовае – такiя выпадкi здараюцца ад зьмяшэньня канструкцыяў. Як вядома, службовае слова абавязковае ў беларускай мове пры формах вышэйшай ступенi параўнаньня прыслоўяў: чакалi даўжэй за месяц, зрабiлi раней за вызначаны тэрмiн, сабралася больш, як / чым / чымся палова ўдзельнiкаў. На гэты ўзор i афармляюць часам спалучэньнi з прыназоўнiкам звыш. Выходзiць нетрадыцыйна (напрыклад, звыш за меру замест правiльнага: звыш меры). Каб не дапускаць памылак, трэба ўлiчыць, што звыш – гэта службовая часьцiна мовы, i пры ёй лiшняе, збыткоўнае яшчэ адно службовае слова.

Такiм чынам, па-беларуску скажам: зрабiлi больш за норму i зрабiлi звыш нормы; удзел у выбарах узяла больш як палова грамадзянаў i ўдзел у выбарах узяло звыш паловы грамадзянаў; больш за тое i звыш таго.