Асадка, ручка, самапiска

Юрась Бушлякоў, Менск

Як называем па-беларуску тую прыладу, якой пiшам? Вiдавочна, найчасьцей ужываны сёньня назоў – ручка, радзейшыя – самапiска й асадка. Чаму менавiта асадка? Вякамi пiсалi палачкаю зь пяром на канцы. Палачку назвалi асадкаю: яна “садзiлася”, асаджвалася на пяро.

У лiтаратурнай мове новага часу слова асадка ў значэньнi пiсьмовае прылады зазнала i прызнаньня, i забыцьця. У першай трацiне ХХ ст. асадка трывала ўвайшла ў лiтаратурны лексыкон. Беларускiя нарматыўныя слоўнiкi 1920-ых гг. на абазначэньне прылады пiсаць рэкамэндавалi толькi асадку. Маем дзясяткi фiксацыяў гэтага слова ў мастацкай лiтаратуры, у творах аўтарытэтных лiтаратараў – ад Коласа з Гарэцкiм да Куляшова з Скрыганом. Замах на асадку як назоў пiсьмовае прылады адбыўся ў 1930-ыя гг.: асадцы дасталося разам з шматлiкiмi iншымi адметнымi на расiйскiм фоне беларускiмi словамi. Паступова асадку выцiснулi былi на пэрыфэрыю мовы: некаторыя мовазнаўцы ў пасьляваеннай БССР ужо нават характарызавалi гэтае слова як архаiчны назоў ручкi. Аднак у 1980 – 90-ыя гг. асадка з значэньнем прылады пiсаць усё ж вярнулася ў актыўны ўжытак прынамсi часткi карыстальнiкаў лiтаратурнае мовы – сёньня асадкаю, як правiла, называюць аўтаматычную, шарыкавую ручку. Калi пiсалi пяром, асадка была дзяржаньнем для пяра, як пiшуць цяпер стрыжнем, асадку разумеюць як дзяржаньне для стрыжня.

Мне застаецца пажадаць нашым слухачом не забывацца на тое, што сярод лексычных рэсурсаў – поруч з ручкаю й самапiскаю – ёсьць традыцыйнае беларускае слова асадка. Пiшам асадкаю.