Важны элемэнт традыцыйнага беларускага маўленьня – прыналежныя прыметнiкi: яны заўжды дарэчы, як трэба выразiць прыналежнасьць. Калi прыналежны прыметнiк паходзiць ад назоўнiка мужчынскага роду, у яго адна будова, калi ад назоўнiка жаночага роду – другая. Бацькаў, прыяцелеў, сваякоў, старшынёў – суфiксы -аў, -еў, -оў, -ёў паказваюць тут на прыналежнасьць некага цi нечага асобе мужчынскага полу. Іншыя сродкi пры ўтварэньнi прыметнiкаў ад назоўнiкаў жаночага роду – суфiксы -iн, -ын: мамiн, сястрын, даччын.
Каб не памылiцца, утвараючы лiтаратурную форму прыналежнага прыметнiка ад назоўнiка жаночага роду, трэба памятаць пра чаргаваньнi гукаў: [к] – [ч], [г] – [ж] i [х] – [ш]. Ад слова матка маем прыметнiк матчын (матчына мова), ад цётка – цётчын (цётчына апека), ад ластаўка – ластаўчын (ластаўчына гняздо), ад iменнай формы Аленка – Аленчын (Аленчыны кнiжкi). Вядомую п’есу Мiхаiла Булгакава называем па-беларуску “Зойчына кватэра”.
Гук [г] назоўнiка пры зьмененых фанэтычных умовах рэалiзуецца ў гуку [ж] вытворнага прыметнiка: напрыклад, нябога – нябожын (нябожын твар), валацуга – валацужын (валацужына доля), туляга – туляжын (туляжын набытак). Заканамерныя прыналежныя формы ад iмёнаў Вольга, Інга, Ядзьвiга – Вольжын, Інжын, Ядзьвiжын.
Нарэшце, трэцi варыянт чаргаваньня – [х] – [ш]: краўчыха – краўчышын (краўчышын матэрыял), майстрыха – майстрышын (майстрышына ўмельства), зайчыха – зайчышын (зайчышыны дзецi). Зь беларускiх прыналежных прыметнiкаў ад iмёнаў i прозьвiшчаў адразу вiдаць, пра асобу якога полу iдзе гаворка: Алесеў (ад Алесь), Алесiн (ад Алеся), Бабохаў i Бабошын (ад Бабоха), Вiлюгаў i Вiлюжын (ад Вiлюга), Лойкаў i Лойчын (ад Лойка).
І яшчэ адна важная асаблiвасьць, на якую нельга не зьвярнуць увагi. Ува ўсiх ускосных склонах прыналежныя прыметнiкi маюць у нас прыметнiкавыя канчаткi. Што гэта значыць? Возьмем, напрыклад, словазлучэньне бацькаў клопат. Гаворым па-беларуску: чакаць бацькавага клопату, дзякуючы бацькаваму клопату. У расiйскай мове прыналежныя прыметнiкi ўжываюцца ў формах роднага й давальнага склонаў з назоўнiкавымi канчаткамi (прометеева огня, прометееву огню) – часам, на жаль, такое формаўжываньне ў нас пераймаюць. Каб не было памылкi, заўжды зьмяняйма прыналежныя прыметнiкi паводле прыметнiкавай мадэлi:
Брылёвага зборнiка, Карлавага ўнiвэрсытэту, прамэтэевага агню;
Брылёваму зборнiку, Карлаваму ўнiвэрсытэту, прамэтэеваму агню.