Ёсьць дзiцем, ня ёсьць клопатам – цi гаворым так па-беларуску?

Юрась Бушлякоў, Менск

Адзiн з нашых слухачоў у сваiм лiсьце на “Свабоду” выказаў днямi сумнеў у правiльнасьцi, беларускасьцi выказьнiка, у складзе якога – службовае слова ёсьць i назоўнiк у форме творнага склону. На думку аўтара лiста, беларускую мову нявечаць такiя сказы, як “Увага Захаду да справы Бандажэўскага ня ёсьць часовай акцыяй; Беларусь ёсьць праблемным дзiцем Эўропы”.

Здаецца, наш слухач ня ведае, што пакрытыкаваныя iм формы – не навiна ў беларускай мове. Вось, да прыкладу, колькi iлюстрацыяў з помнiкаў старабеларускага пiсьменства (XV – XVI стст.): всему злому причиною естъ пыха; фундаментом и головою всехъ цнот есть любов; мы убачили, иж то есть шкодою, а не пожитъкомъ господарини. Трэба прызнаць, што ў старабеларускую пару канструкцыя зь зьвязкi ёсьць i назоўнiка ў творным склоне выкарыстоўвалася даволi часта. Што да паходжаньня гэтай канструкцыi, тут меркаваньнi гiсторыкаў мовы розныя: адны лiчаць, што названыя формы абумоўленыя польскiм уплывам, другiя схiляюцца да думкi, што канструкцыя магла разьвiцца беспасярэдне на беларускiм грунце.

У беларускай лiтаратурнай мове савецкага часу (iначай кажучы, савецкае нармалiзацыi) формы накшталт гэта ёсьць прычынаю практычна не ўжывалiся. Таму для многiх людзей, прычым далёка ня толькi тых з пасiўнымi ведамi беларускае мовы, але й для часткi актыўных носьбiтаў мовы такiя формы сёньня нязвыклыя. Затое звыклая выказьнiкавая канструкцыя, дзе на месцы ёсьць выступае слова зьяўляецца: напрыклад, гэта зьяўляецца прычынаю. Няма сумневу, такая канструкцыя зь зьвязкаю зьяўляецца ня носiць у беларускай мове традыцыйнага характару: яна замацавалася ў ХХ ст. як вынiк асваеньня расiйскай канструкцыi зь зьвязкаю являться й назоўнiкам у форме творнага склону’ (являться примером).

Думаю, нам трэба часьцей выбiраць тыповую для аўтэнтычнае беларускае мовы выказьнiкавую канструкцыю, у якой зьвязка папросту апускаецца, яе няма, i выказьнiк ужываецца або ў форме назоўнага склону, або творнага. Памятаеце Купалаў верш “Спадчына”? Назоўнiк ужыты там якраз у творным склоне, а зьвязка апушчаная: “… памiж сваiх i чужакоў яна мне ласкай матчынай”.

Зьвязка ў выказьнiку надае сказу кнiжнасьцi. Цi ня варта часьцей апускаць зьвязку? Натуральна гучаць прыведзеныя нашым слухачом сказы, калi мы проста апусьцiм зьвязку: “Увага Захаду да справы Бандажэўскага – не часовая акцыя; Беларусь – праблемнае дзiця Эўропы”.

Адным словам, ня боймася канструкцыi з словам ёсьць, але ня злоўжывайма ёю. Часам варта сказаць прасьцей.