Як вымаўляць ненаціскныя галосныя

Юрась Бушлякоў, Менск

не в[ъ/ы]да, за дом[а]м, а не за дом[ъ]м, трош[а]чкi, а не тро[шч]кi

Што трэба ўлiчваць пры вымаўленьнi ненацiскных галосных? Згодна з нормамi беларускага лiтаратурнага вымаўленьня, галосныя не пад нацiскам гучаць прыкметна слабей, чымся ў нацiскным становiшчы, але разам з тым захоўваюць сваю якасьць, сваё аблiчча. Галосны не пад нацiскам мае заставацца гукам поўнага ўтварэньня. Іначай кажучы, пры лiтаратурным вымаўленьнi ненацiскны галосны хоць i скарачаецца, але не пераходзiць у iншы гук.

Названая норма ў сучасным беларускiм маўленьнi даволi часта, аднак, парушаецца. Вядома, невыразны гук [ъ] на месцы [а] ў ненацiскных складох можа выдаваць чалавека з паўночна-ўсходняе Беларусi – для тамтэйшых гаворак характэрна значнае скарачэньне галосных не пад нацiскам, аж да зьмены iмi свайго аблiчча. І ўсё ж асноўная прычына адступленьняў ад нормы – гэта працяглы ўплыў расiйскага лiтаратурнага вымаўленьня, якое характарызуецца рэдукцыяй (аслабленьнем, скарачэньнем) галосных [о], [э], [а] у другiм, трэцiм i iншых пераднацiскных складох, а таксама ў складох пасьля нацiску (напр., м[ъ]локо, можн[ъ], выск[ъ]з[ъ]ть). Сьвядома й несьвядома расiйскаму вымаўленьню ў нас насьледуюць, яго капiююць, i – як вынiк – пачынаюць глытаць цэлыя склады, абсякаць словы.

Глытаньне галосных – нярэдкая, на жаль, зьява ў мове сучасных электронных мэдыяў Беларусi. Прыслухайцеся да маўленьня, скажам, некаторых ды-джэяў радыёстанцыi “Сталiца”: можна пачуць настолькi моцнае скарачэньне галосных, пры якiм ненацiскнога [а] папросту не застаецца – ён выпадае. Такога выпаданьня гуку нi ў якiм разе нельга дапускаць: па-беларуску гаворым ты[с’а]ча (ня ты[шч]а), дзе[с’а]ць (ня дзе[с’]ць), тро[шач]кi (ня тро[шч]кi), кры[шач]ку (ня кры[шч]ку) i г. д. У формах iмёнаў па бацьку ўсе гукi таксама павiнны быць захаваныя: Іванаўна (не Іва[н:]а), Васiлевiч (не Васi-лiч), Канстанцiнаўна (не Канстанцi[н:]а).

Словам, трэба старацца, каб ненацiскныя галосныя ў нашым маўленьнi ня трацiлiся, гучалi ў цэлым выразна, захоўвалi сваю якасьць. Н[а]га, в[а]да, за дом[а]м, цiх[а], ты[с’а]ча, трош[а]чкi, крыш[а]чку – кожны ненацiскны галосны ў слове павiнен быць вымаўлены.