Даволi часта злоўжываюць у нас калькаванымi з расiйскiх канструкцыямi з прыназоўнiкам па , прычым ёсьць выпадкi, калi такое злоўжываньне папросту зацямняе сэнс. Днямi, чытаючы газэту, я затрымаўся на сказе: “ Па тым часе гэта была вялiкая падзея”. Як вынiкала з кантэксту, аўтар меў на ўвазе важнасьць падзеi ў той час, калi яна адбылася. Але, скарыстаўшы спалучэньне словаў па тым часе, ён, ня хочучы гэтага, выразiў другое значэньне. Па тым часе значыць па-беларуску ‘пасьля таго часу’. Каб не заблытаць чалавека, якi ўспрымае напiсанае па-беларуску, аўтар павiнен быў выбраць адну з шэрагу тыповых у нашай мове канструкцыяў з часавым значэньнем: напрыклад, на той час гэта была вялiкая падзея, або тым часам гэта была вялiкая падзея, або – яшчэ – таго часу гэта была вялiкая падзея. Можна, зрэшты, абысьцiся й без канструкцыi з словам час – проста ўжыць прыслоўе тады: тады гэта была вялiкая падзея.
І прыпомню тут яшчэ адно спалучэньне з словам час, выкарыстоўваючы якое таксама, як правiла, зацямняюць сэнс сказанага або напiсанага. Маючы на ўвазе самы пачатак, паведамляюць, да прыкладу, што па першым часе газэта будзе выходзiць нерэгулярна. Па-беларуску трэба ў гэтым сэнсе iначай: першым часам, на першым часе або й проста першы час. Канструкцыю па першым часе можам скарыстаць тады, калi адзначаем, штό адбылося або адбываецца пасьля пачатковага пэрыяду – першага часу: скажам, па першым часе працы ён набраўся досьведу.
Заўсёды памятайма, якi сэнс нясе ў нашай мове спалучэньне па часе – малым, вялiкiм, тым, гэтым, першым. Гаворым: па немалым часе мы вярнулiся дадому, на той час ня мелi нiякай iнфармацыi, гэтым часам даведалiся, на першым часе было цяжкавата, па першым часе навучылiся.