Вышукнíк, выведнiк, сок, закýтнiк, шпег, шпiк, дэтэктыў

Юрась Бушлякоў, Менск

Няма сумневу, сышчыка не выпадае залiчаць да традыцыйнае беларускае лексыкi. У народную мову слова сышчык прыходзiла разам з расiйскiмi парадкамi й тайнымi агентамi. Агентаў звалi сышчыкамi. У сучаснай лiтаратурнай мове дзеяслоў сыскаць, якi мог бы падтрымлiваць пазыцыi слова сышчык, амаль не ўжываецца ў значэньнi ‘знайсьцi, адшукаць’. Няма ў нас i сыску ў сэнсе вышуку злачынцаў. Сышчык апынаецца ў мове адзiнцом, i адсюль у прынцыпе зразумелая, прадказальная рэакцыя на яго як на чужое, небеларускае слова. Наўрад цi знойдзем шмат тых, каму слова сышчык дарагое ў беларускай мове. У лiтаратурным ужытку гэты назоўнiк трымае нашая iнэртнасьць, боязь зрабiць крок ад дазволенага агульнадаступным слоўнiкам.

Тым часам прыдатныя беларускiя словы ляжаць проста пад рукою. Найперш маю на ўвазе форму вышукнíк. Вышукнiк – той, хто займаецца вышукам. Называючы чалавека вышукнiком, мы не даем яму нiякiх ацэнак, проста канстатуем, што ягоная праца – вышук. Вышукнiка можам таксама назваць вывéднiкам. Выведнiк – той, хто стараецца, цiкуючы, высочваючы, нешта выведаць. Разам з вышукнiком i выведнiкам маем яшчэ прынамсi два свае – нi ў кога не пазычаныя – словы, якiя, праўда, пакуль у рэзэрвах мовы – сок i закýтнiк. Сок – ад дзеяслова сачыць. У старабеларускую пару сок у значэньнi выведнiка рэгулярна ўжываўся – знойдзем гэтае слова, напрыклад, у Статуце Вялiкага Княства Лiтоўскага. Закýтнiк – як правiла, яўны вышукнiк, той, якога пасылалi абшукаць, зрабiць ператрус, “за кут паглядзець”.

Сынанiмiчны рад будзе няпоўны, як ня ўспомнiм некалькiх часта ўжываных пазычаньняў. Два даволi даўнiя й добра вядомыя ў нас iмёны тайнага агента – шпег i шпiк (абодва вядуць свой род ад нямецкага Späher). Употай цiкуючы за некiм, мы тым самым шпягуем або, iначай кажучы, шпiкуем. Ангельскi паходжаньнем дэтэктыў – гэта ўжо пазьнейшае пазычаньне: прынялося й пашырылася ў нас яно ў ХХ ст.

Шукаючы сынонiмаў сышчыку, мы набралi сем словаў. Гаворачы або пiшучы, не забываймася, што ў нас ёсьць выбар.