Думаю, што ня варта – новая форма другасная, яна не прыўносiць анiчога новага, папросту дублюе значэньнi арыгiнальнага слова. Накiрунак – гэта такi лексычны мяшанец: некалькi словаў – кiрунак, накiраваньне, напрамак, расiйскае направление – скрыжавалiся й спарадзiлi новае слова. Людзi, якiя добра ведаюць, адчуваюць беларускую мову, формы накiрунак, як правiла, не ўжываюць. Гавораць: кiрунак або напрамак.
Слова напрамак зьявiлася ў нас на пачатку мiнулага стагодзьдзя – хутчэй за ўсё, гэта беларускае асваеньне ўкраiнскае формы нáпрямок. Напрамак – асаблiва на самым пачатку яго быцьця ў нашай мове – крытыкавалi. Напрыклад, Янка Станкевiч у 1919 годзе, маючы на ўвазе якраз-такi напрамак, пiсаў у газэце “Беларусь”: “Ёсь у нашай лiтаратуры некаторые словы, пазычаные ў чужынцаў, з каторымi нашы лiтаратары нiяк разстацца ня могуць”. З словам напрамак носьбiты беларускае мовы так i не рассталiся: амаль за стагодзьдзе жыцьця ў мове гэты назоўнiк прыжыўся.
І раз я ўзяўся пералiчаць тут сынонiмы кiрунку, нашыя рэсурсы для называньня лiнii руху, шляху разьвiцьця нечага, то яшчэ прыпомню адно ўласнабеларускае слоўца, якое пакуль што ў запасе. Маю на ўвазе назоўнiк прасьцíнак. Гэта ня штучнае слова, не лябараторная прыдумка. Прасьцiнак – з таго шэрагу аднакаранёвых словаў, што й просты, праставаць, прастаць, наўпрост, напрасткi, напрасьцяк… На пачатку 1950-ых у Нью-Ёрку праходзiлi “зборкi пазнаньня беларускае мовы”. Удзельнiкi тых зборак, паклiкаючыся на ўжываньне слова прасьцiнак на Барысаўшчыне й Лепельшчыне, раiлi пашыраць яго ў лiтаратурнай мове. Але трэба прызнаць, што дасюль мала хто ўжываў у лiтаратурнай мове гэтае арыгiнальнае слова.
Застаецца зрабiць маленькае падагульненьне. Гаворым па-беларуску: кiрунак або напрамак. Ведаем, што сярод лексычных рэзэрваў мовы ёсьць слова прасьцiнак.