На пры[з’’]бе, вы[с’’]пе, у па[с’’]ме, арганi[з’’]ме

Юрась Бушлякоў, Менск

Нярэдка ставяць пытаньне пра выняткi з правiла. Іх няшмат. Трэба найперш памятаць, што пры лiтаратурным вымаўленьнi няма памякчэньня гукаў [з] i [с] перад мяккiмi заднеязычнымi – [г’], [к’] i [х’]: [з]гiнуць, [с]кiнуць, [с]хiтраваць. Не памякчаюцца, натуральна ж, перад мяккiмi й гукi [д] i [т] прыставак або прыназоўнiкаў: па[д]бегчы, па[д]весьцi, па[т]пiсаць, па[т] Пiнскам. Таксама, згодна з агульнапрынятым цяпер вымаўленьнем, гук [т] не зьмяняецца на мяккi ў формах назоўнiкаў на -тва й -тво: у Лiтве, на брытве, у грамадзтве, пры таварыстве (формы у Лiцьве, таварысьцьве ня сталi нарматыўнымi ў лiтаратурнай мове, хоць у ХХ ст. паасобныя нарматворцы рабiлi для гэтага захады – папулярызавалi такiя формы).

І яшчэ адна пазыцыя, якая з прычыны вымаўленчай варыянтнасьцi вымагае асобнага разгляду: сьвiсьцячыя перад мяккiмi губнымi [б’], [п’] i [м’] на канцы асновы. На пры[з]бе цi на пры[з’’]бе, на вы[с]пе або на вы[с’’]пе, у па[с]ме валасоў або ў па[с’’]ме, у арганi[з]ме цi арганi[з’’]ме – цьвёрда цi мякка? Перавага тут за мяккiм варыянтам – ён сыстэмна апраўданы. Трэба аднолькава памякчаць сьвiсьцячыя перад мяккiмi губнымi, незалежна ад месца гэтых сьвiсьцячых – цi яны на пачатку, цi ў канцы слова: на пры[з’’б’]е, як па[з’’б’]егчы, на вы[с’’п’]е, як по[с’’п’]ех, у па[с’’м’]е, як [с’’м’]елы, у арганi[з’’м’]е, як [з’’м’]ена.