Зьдзелка цi ўгода, пагадненьне, умова

Юрась Бушлякоў, Менск

На месцы пазычанае зьдзелкi добра, па-мойму, глядзiцца жывое беларускае слова ўгода. Гэты назоўнiк з таго самага аднакаранёвага раду, што выгада й выгода, дагода, згода, нагода, пагода, прыгода, пагадненьне. Як адпаведнiк расiйскаму слову сделка фiксаваў угоду ў “Расiйска-крыўскiм (беларускiм) слоўнiку” Вацлаў Ластоўскi. “Зрабiлi памiж сабой угоду, – гэта iлюстрацыя з слоўнiка Ластоўскага. Крытыкуючы зьдзелку як факт русiфiкацыi нашае мовы, слова ўгода рэкамэндаваў Станiслаў Станкевiч. У першай палове 1990-ых угода трапiла ў слоўнiкi спэцыяльнае лексыкi – ёсьць гэтае слова мiж iншага ў кнiзе Алеся Каўруса “Дакумент па-беларуску”. Вось жа, высьцерагаючыся пазычанае зьдзелкi, ня боймася скарыстаць патрэбнага беларускага слова – назоўнiка ўгода. Скажам: гандлёвая ўгода, зрабiлi або ўчынiлi ўгоду, не пайшлi на ўгоду з сумленьнем. На месцы ўгоды – у ролi яе сынонiмаў – магчымыя таксама два частотныя беларускiя словы – умова й пагадненьне. Прыпомню й яшчэ два радзейшыя ў лiтаратурным ужытку, але добра знаныя ў дыялектнай мове назоўнiкi (абодва германiзмы) – гешэфт i каншахты. Гешэфтам можам у размове назваць прыбытковую ўгоду, выгадны iнтэрас, прычым часта iнтэрас авантурны, на мяжы з афэраю. Ну а каншахтамi, як правiла, завуць нейкае таемнае й падазронае пагадненьне. У Івана Насовiча ў слоўнiку ёсьць гэтыя каншахты й сказ пры iх: Каншахты вашы я вам пераб’ю”.

Такiм чынам, угода, пагадненьне, умова, гешэфты, каншахты – пяць словаў на ўсе адценьнi патрэбнага нам значэньня. Іх i будзем ужываць – аддамо перавагу традыцыйнаму.