Можам, прыкладам, пачуць, што нехта ўгнаў самалёт. Як гэта можна зразумець па-беларуску, калi абстрагавацца ад расiйскага ўжываньня? У нашай мове прыстаўка у- перадае мiж iншага скiраванасьць дзеяньня ў сярэдзiну нечага: убегчы ў дом, убiць у сьценку, увезьцi ў краiну, уехаць у двор. Выходзiць, што ўгнаць самалёт – гэта загнаць, паставiць яго некуды, скажам, у ангар. Форма ўгнаць абазначае тое самае, што й рэгулярная ў лiтаратурнай мове форма ўвагнаць. Нам жа трэба перадаць адваротнае дзеяньне. Акадэмiчныя слоўнiкi рэкамэндуюць абыходзiцца ў гэтым выпадку дзеясловамi красьцi або выкрадаць i аддзеяслоўнымi назоўнiкамi выкраданьне й крадзеж. Беларуская маўленчая практыка гэтым не абышлася: у разьбiраным тут значэньнi ўжываюцца й формы ад дзеяслова гнаць, але з заканамернай прыстаўкаю з-/са-: зганяць, сагнаць i згон. Рэч у тым, што ўкрасьцi або выкрасьцi можна ўсё, што хочаш, а вось гнаць – толькi тое, што само цi ў вынiку ўзьдзеяньня рухаецца ў прасторы. Аўтамабiль або самалёт выкрадаюць, гонячы iх некуды. Калi маем магчымасьць падкрэсьлiць характар выкраданьня, чаму ж не скарыстаць гэтай магчымасьцi? Такiм чынам, можна сказаць па-беларуску, што самалёт быў выкрадзены злачынцамi, што адбылося выкраданьне самалёта, але можна – i, думаю, варта – падкрэсьлiць, што яго гналi: злачынцы сагналi самалёт, быў учынены згон самалёта. Таго, хто ўчыняе згон, назавем ня проста злодзеем, гэты чалавек – згоньнiк або – з другiм суфiксам – згонца.
Цяпер iзноў усё разам:
машыну, аўтобус, самалёт – сагнаць, зганяць або выкрасьцi, выкрадаць;
выкрадальнiк машыны, аўтобуса, самалёта – згоньнiк або згонца.