Дзейны i дзейсны

Юрась Бушлякоў, Менск

Фактычна дзейны – гэты той, для якога характэрная дзейнасьць. Калi кажам, што нейкi чалавек дзейны, маем на думцы, што ён актыўны, энэргiчны, яго характарызуе дзейнасьць. За апошнiя дзесяцiгодзьдзi прыметнiк дзейны пашырыўся ў мове: рэгулярна ўжываецца цяпер на месцы традыцыйнай у савецкую пару формы дзеючы. Мы гаворым пра дзейнае заканадаўства, дзейную армiю, нарэшце, пра дзейных асобаў у п’есе. Вось жа, яшчэ раз, дзейны – той, хто проста дзее, функцыянуе, бывае, з эфэктам, а бывае, i безь яго. Тым часам дзейсны – гэта ўжо ня проста той, якога характарызуе дзейнасьць, дзейсны – той, якi абавязкова дзее эфэктыўна, плённа. Можам сказаць: дзейсныя сродкi, дзейсная праграма, калi гэтыя сродкi цi праграма даюць рэальны вынiк, актыўна ўплываюць на нешта.

Усё тут вельмi проста. Запомнiм раз i назаўсёды: дзейны ўдзел, дзейны закон, дзейная асоба, але – падкрэсьлiваючы эфэктыўнасьць – дзейсныя захады, дзейсны спосаб, дзейсныя лекi.