Канцавы нацiск у формах прошлага часу мае значная частка аднаскладовых дзеясловаў: быць – былá, былó й былí, вiць – вiлá, вiлó, вiлí; даць – далá, далó, далí; лiць – лiлá, лiлó, лiлí. Пры спражэньнi дзеясловаў, вытворных ад названых i ад аналягiчных названым, нацiск таксама застаецца на канцы: збылá й збылí; разьвiлá, разьвiлó й разьвiлí; дадалá, дадалó й дадалí; налiлá й налiлí.
Калi, аднак, вытворны дзеяслоў гэтае групы мае прыстаўку вы-, нацiск захаваецца на ёй: вы´ дала й вы´ далi; вы´ была й вы´ былi.
З канцавым нацiскам ужываюцца формы дзеясловаў пачаць i узяць, а таксама бальшынi дзеясловаў на -няць: заняць, падняць, прыняць i г.д.: узялá, узялó, узял; прынялá, прынялó, прынялí.
Асаблiвую ўвагу трэба зьвярнуць на дзеясловы браць, зваць, iрваць i спаць, а таксама на ўсе вытворныя ад iх. У формах прошлага часу такiх дзеясловаў нацiск нiколi не пераходзiць на апошнi склад: брáла й брáлi; сабрáлася й сабрáлiся; назвáла, назвáлi; уварвáлася, уварвáлiся; спáла й спáлi.
Названыя вышэй формы падаюць як адзiныя нарматыўныя ўсе беларускiя слоўнiкi. Стараймася не рабiць памылак, ужываючы вельмi частотныя, рэгулярныя словы. Скажам па-беларуску: мама налiлá малака, мне далí кнiгу, нас узялí ў вандроўку, яны прадалí машыну, партыя брáла ўладу, войскi ўварвáлiся ў краiну, журы назвáла найлепшых, калегi сабрáлiся на сустрэчу.