Вада пiць, машынка шыць, прылада лiчыць

Юрась Бушлякоў, Менск

Сёньня пераважна скажуць: мяч для гульнi, крэм для галеньня, акуляры для чытаньня. З пункту гледжаньня сучасных нормаў тут няма нiякае памылкi. Варта, аднак, не забывацца й на iншыя адметна беларускiя канструкцыi ў мове. Калi прадмет служыць для нейкага працэсу, дзеяньня, абсалютна прыдатны нам згаданы iнфiнiтыў. Можна сказаць: мяч гуляць, крэм галiцца, акуляры чытаць. У тым выпадку, калi адзiн прадмет прызначаны для другога, дарэчы будзе канструкцыя з прыназоўнiкам на: скрыня на капусту, палiца на кнiжкi, шафа на адзеньне. Прыназоўнiк на можа быць i пры называньнi дзеяньня: прылада на лiчэньне, акуляры на чытаньне, ключ на адмыканьне.

Ёсьць, як бачым, розныя спосабы выразiць прызначэньне рэчы, прыстасаваньня, матэрыялу, словам, таго цi iншага прадмета. Можам сказаць па-беларуску: гэтыя ягады на продаж, гэтыя ягады прадаваць, гэтыя ягады для продажу; вада пiць, пiтная вада, вада для пiцьця; крэм галiцца, крэм на галеньне, крэм для галеньня.