Зьвярнуцца па даведку, ехаць у ягады –па ягады, плысьцi за вадою

Юрась Бушлякоў, Менск

Раз-пораз прарываецца цяпер у тым самым значэньнi канструкцыя з словам за: пайшоў за вадою. Кажучы так, ня ведаюць або забываюцца, што злучэньне за вадою мае ў нашай мове iншы сэнс. За вадою – значыць, сьледам за ёю. Можам, да прыкладу, сказаць, што плысьцi за вадою лягчэй, чым процi вады. Заўжды памятайма пра розьнiцу значэньняў. Калi гаворым, што iдзем па сябра, маем на ўвазе, што iдзем яго прывесьцi, калi ж iдзем за сябрам, тады проста iдзем яго дарогаю, сьледам за iм. Пры называньнi мэты дзеяньня скажам: зьвярнулiся па даведку, прыехалi па адказ, пабеглi па дапамогу. Выбiраючыся ў лес, на прыроду зьбiраць ягады, грыбы, нарыхтоўваць дровы, нават лавiць рыбу, гаворым, як правiла, iначай – ужываем прыназоўнiк у: пайсьцi ў сунiцы, малiны, у масьлякi, сьпяшацца ў дровы, прыехаць у рыбу. Вядома, пайсьцi ў лес можна ня толькi ў сунiцы, але й па сунiцы. Калi ж мы купляем або атрымлiваем ад каго назьбiраныя ўжо ягады, грыбы або й нарыхтываныя дровы, тады абавязковы для нас прыназоўнiк па: заехаў да брата па чарнiцы, выйшаў у дрывотню па дровы. І яшчэ адна заўвага. Нельга, пiшучы па-беларуску, запрашаць за пакупкамi. Нехта, не адчуваючы мовы, санкцыянаваў такое “запрашэньне”: цяпер, езьдзячы па Менску, бясконца бачыш калькаваную фразу на прыпынках грамадзкага транспарту. Трэба было б напiсаць: “Запрашаем купiць!”, або “Купляйце, калi ласка!”, цi яшчэ як iначай, толькi ня так, як гэта зрабiлi.

Мы ўспомнiлi тут злучэньнi з трыма беларускiмi прыназоўнiкамi: па, у й за. Кожны зь iх павiнен быць у мове на сваiм месцы. Скажам правiльна: прыйсьцi па грошы, выехаць у ягады, заскочыць да бацькоў па рыбу, плысьцi за вадою.