ЖЫВАЯ МОВА: ДОСЬВЕД, ДАСЬВЕДЧАНЬНЕ, ПРАКТЫКА, ДАЗНАНЬНЕ, ДАВЕДАНЬНЕ; ДАСЬВЕДЧАНЫ, СПРАКТЫКАВАНЫ

Юрась Бушлякоў, Менск

У старабеларускай мове быў вопыт (опытъ), але слова гэтае ўжывалася ў зусiм iншых значэньнях – як ‘апытаньне’ й як ‘допыт, выпыты’. У 1930-ыя ў нашай лiтаратурнай мове замацавалi вопыт у яго расiйскiм значэньнi. Тым самым пацярпелi словы, звычайныя датуль пры называньнi сумы ведаў: прыкладам, амаль выйшаў з ужытку назоўнiк дасьведчаньне. Гадоў пад дваццаць назад у беларускiх тэкстах пачала зьяўляцца форма досьвед. Крынiцаю-падказкаю выступiла тут украiнскае слова досвiд. Досьвед – тое, што дасьведчана, значыць тое, што зьведана, зазнана, паспытана. Ужываецца ў значэньнi досьведу й слова практыка: гаворым, што ведаем пра нешта з уласнае практыкi. Таго, хто мае досьвед, практычныя веды ў нечым, называем чалавекам дасьведчаным або спрактыкаваным. Сярод рэзэрваў мовы застаюцца пакуль яшчэ два ўласнабеларускiя сынонiмы досьведудазнаньне й даведаньне. “Дазнаньнем навучысься”, – знаходзiм фразу ў слоўнiку Івана Насовiча.

Як вiдаць, маем, з чаго выбiраць. І можам абысьцiся бяз вопыту ў яго небеларускiм значэньнi. Скажам: ён здабыў працоўны досьвед, мае пэдагагiчную практыку, без дазнаньня ня справiцца, работнiк дасьведчаны й спрактыкаваны.