Тут i брамка, i суполка, а ўсё адно нядобра. Прычына – у недасканалай зь беларускага гледзiшча будове фразы: не на месцы ў названых канструкцыях прыназоўнiк у. Калi гаворым пра адлегласьць, дыстанцыю ад нечага, нам патрэбная канструкцыя з словам за – гэты прыназоўнiк выразна пазначае прасторавую мяжу. Гаворым правiльна: за некалькi крокаў ад дому, за 20 кiлямэтраў ад Багдаду, за мэтраў 40 ад мосту, мiляў за 10 ад Вашынгтону. Калi ж расказваем пра колькасьць удзельнiкаў, на месцы будзе прыназоўнiк з. Па-беларуску суполка, група, аддзел – зь пяцi чалавек. Можна тут i ўвогуле абысьцiся без прыназоўнiка: напрыклад, нашая каманда – сем гульцоў – выбрала капiтана. Беспрыназоўнiкавай канструкцыi варта, здаецца, аддаваць перавагу й пры называньнi памеру чаго-небудзь. Скажам: дошка даўжынёю два мэтры, прызавы фонд турнiру сто тысяч эўра, пакараны штрафам трыста тысяч рублёў. Пры адзінках меры можам ужыць у злучэньнi й слова на: лямпачка на 100 ватаў, рыбiна на кiлю, штраф на трыста тысяч. Прыназоўнiк на ўжываем i тады, калi адзначаем, з колькiх частак складаецца нешта цэлае: дом на тры паверхi, драма на тры акты. Паказваючы на часткi цэлага, можам таксама скарыстаць другiя беларускiя прыназоўнiкi: драма з трох актаў або драма ў трох актах.
Стараймася толькi сачыць за будоваю фразы, выбiрацца з кокана расiйскай граматыкi й гаварыць па-беларуску: за некалькi крокаў ад дому, група зь пяцi чалавек, штраф трыста тысяч рублёў, дом на тры паверхi.