ЖЫВАЯ МОВА: АПРАНУЦЬ I АДЗЕЦЬ, ВОПРАТКА Й АДЗЕНЬНЕ

Юрась Бушлякоў, Менск

І апранаць, i распранацца тут недарэчы: майка – ня вопратка, а для загару аднаго распрананьня замала, трэба яшчэ й разьдзецца. Дзеясловы апранаць, распранаць i iншыя аднакаранёвыя зь iмi будуць ужытыя правiльна, калi размова пойдзе пра вопратку, або, iначай, верхняе адзеньне. Так, апранаем цi распранаем палiто, футра, куртку, пiнжак або, скажам, сукенку. Майку й усякае iншае сподняе адзеньне адзяваем або надзяваем. Нельга толькi адзець абутку або галаўнога ўбору – i чаравiкi, i капялюш надзяваем. Надзяваем таксама вушнiкi (слухаўкi) й наручнiкi – нi ў якiм разе iх не апранаем. Чаравiкi – абутак, таму, натуральна, iх яшчэ й абуваем. Вопратку, апрача як апрануць, можна й адзець або надзець, а вось адзеньне – яшчэ раз падкрэсьлю – толькi адзець або надзець.

Памяшканьне, дзе распранаюцца й пакiдаюць вопратку, называем або францускiм словам гардэроб, або беларускiм – распранальня. Сярод рэсурсаў мовы ёсьць яшчэ ў гэтым значэньнi й слова вопратня – назоўнiк зь лексыкону 1920-ых. Што да разьдзявальнi, то яна дарэчы ў дачыненьнi да месца, дзе здымаюць i адзяваюць сподняе адзеньне – напрыклад, разьдзявальня ў лазьнi.

Абутак абуваем або надзяваем, адзеньне i адзяваем, i надзяваем, а вопратку апранаем – простыя рэчы, якiя трэба запомнiць, каб гаварыць па-беларуску правiльна.