ЖЫВАЯ МОВА: КРУЖЭЛКА, ПЛАСЬЦIНКА ЦІ ПЛЫТА

Юрась Бушлякоў, Менск

Найперш – пра пласьцiнку. Зь некалькiмi значэньнямi гэтае арыгiнальнае расiйскае ўтварэньне ад слова пласт пачало замацоўвацца ў беларускай мове ў 1930-ыя. Мала хто падазрае сёньня, што ў першай трацiне мiнулага стагодзьдзя беларускiя слоўнiкi не фiксавалi анi пласьцiны, анi пласьцiнкi. Ня маючы, аднак, прыкмет пазычаньня, пласьцiнка лёгка прыжылася ў лiтаратурнай мове савецкай пары. Паралельна ў несавецкай моўнай практыцы зьявiлася ў значэньнi грамафоннага дыска кружэлка. Узялi яе з слоўнiка Івана Насовiча – там гэта проста найменьне круглявага прадмета – i надалi новае значэньне. Выйшаў уласнабеларускi назоў прайгравальнага дыска. Часткова зь няведаньня пра кружэлку, а часткова праз моўную непераборлiвасьць i сымпатыю да польскiх словаў у беларускую мову 1980 – 90-ых занесьлi былi плыту з плыткаю. На беларускае вуха плыта асацыюецца хутчэй з плытом, плысьцi. Польскiя płyta, płytka – ня што iншае, як нашыя плiта й плiтка. У ранейшых беларускiх тэкстах знаходзiм, дарэчы, i асвоеную польскую плытку ў значэньнi кружэлкi – мюнхенскi тыднёвiк “Бацькаўшчына” ня раз пiсаў пра “грамафонныя плiткi зь беларускiмi песьнямi”. Нашыя сёньняшнiя выданьнi так – прынамсi пакуль – ня пiшуць.

Вось жа, калi адсеяць непажаданыя польскiя формы, застаюцца нам два сынонiмы – шмат для каго ўсё яшчэ новая кружэлка й традыцыйная пласьцiнка. Усё часьцей мы выбiраем сёньня кружэлку – выбiраем сваё слова.