(эфір 25 Чэрвеня 2000) Сёньня ў праграме:
– Камэнтар да футбольнага першынства Эўропы;
– Беларускі баксэр Сяргей Быкоўскі рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў;
– Чаму прастойвае фізкультурна-аздараўляльны камбінат "Серабранка". Праграму вядзе Ўладзімер Глод. (Глод: ) "Увага мільёнаў заўзятараў цяпер прыкаваная да чэмпіянату Эўропы па футболе, які ўступіў у сваю вырашальную фазу. Тысячы аналітыкаў камэнтуюць багатае на нечаканыя вынікі першынство кантынэнту. Бяз працы застаўся толькі аўтарытэтны расейскі спэцыяліст у галіне эўрапейскага футболу Савік Шустар. Пасьля закрыцьця на тэлеканале НТВ ток-шоў "Трэці тайм" ён вымушаны дзяліцца ўражаньнямі па-за сьценамі студыі. Распавядае Ігар Карней…" (Карней: ) "Калі я патэлефанаваў Савіку Шустару ў дзень адкрыцьця чэмпіянату, дык папрасіў яго спрагназаваць разьвіцьцё падзеяў на футбольных газонах Бельгіі ды Галяндыі ў групавых турнірах. Шустар адразу рашуча назваў чацьверку мацнейшых, якая здольная выйсьці ў паўфінал: гэта Галяндыя, Францыя, Італія і Ангельшчына. Як бачым, тры з чатырох камандаў працягваюць барацьбу. Толькі Ангельшчына чарговым разам зьдзівіла футбольны сьвет, ня здолеўшы пераадолець групавы бар'ер. Але, паводле Шустара, больш цікавая справа – ня ставіць на патэнцыйных фаварытаў, а паспрабаваць вылічыць каманду, якая здольная падарыць сюрпрыз. Што, напрыклад, зрабіла Данія на чэмпіянаце Эўропы-92 або Харватыя на Кубку Сьвету-98. Мяркую, менавіта гэтыя прагнозы Шустару ўдаліся на "ўсе сто". Яшчэ напярэдадні першых гульняў ён сказаў: "Мяне не пакідае адчуваньне, што павінна "выстраліць" цяперашняе пакаленьне партугальцаў. Калі хтосьці з партугальцаў зловіць кураж і пачне штампаваць галы, каманда можа стаць тым самым сюрпрызам". Насуперак меркаваньню бальшыні Шустар ня скідваў з рахункаў зборную Турцыі. Перамога турэцкага "Галатасарая" ў Кубку УЕФА – не выпадковая. Што тычыцца найвялікшае страты чэмпіянату, дык у гэтым Шустар салідарны з бальшынёю заўзятараў – зорная каманда Ангельшчыны. А вось футбалісты Нямеччыны павінны радыкальным чынам вырашыць пытаньне складу. Цяпер ужо былых чэмпіёнаў Эўропы такая гульня толькі ганьбіць. Так бы мовіць, намінацыю "ахвяры турніру", распачынаюць і заканчваюць чэхі. Як бачна, ня ўсё залежыць толькі ад гульцоў. Безумоўныя фаварыты, на думку Шустара – італьянцы. Можа яшчэ й таму, што сам Шустар жанаты на італьянцы, мае дом у Флярэнцыі, даўно хварэе за мясцовую "Фіярэнтыну" ды італьянскі футбол наогул. Італьянскую прывязанасьць Шустар тлумачыць так…" (Шустар: ) "Гэта частка сацыяльнага жыцьця… І ў гэтым сэнсе для мяне гэта вельмі прыемна. (Я ж раней не "хварэў" за Італію – у 70-м годзе ў фінале Бразыліі ды Італіі я "хварэў" за Бразілію… Пасьля я "хварэў" за "Фіярэнтыну", Антаніоні гуляў у зборнай… І, натуральна, я стаў "хварэць" за зборную…) Гэта тыпова італьянская зьява. Я паступова пачаў вывучаць італьянскую культуру… Калі паглядзець у кантэксьце гістарычным, у кантэксьце разьвіцьця італьянскага футболу – зь цягам часу пачынаеш як-бы крыху йнакш да гэтага ставіцца". (Карней: ) "Пачэсны п'едэстал фаварытаў разам зь італьянцамі, паводле вэрсіі Шустара, мусяць падзяліць галяндцы. Але, паводле Савіка Шустара, футболу, як гульні, ня так ужо й важна, хто стане чэмпіёнам Эўропы. Нашмат істотней – які гэта будзе чэмпіён. Сапраўдныя заўзятары памятаюць штотыднёвыя спартовыя праграмы Савіка Шустара "Прэсінг" на хвалях расейскае службы "Радыё Свабода". З пачаткам эры спадарожнікавае тэлевізіі "НТВ-плюс" Шустар, як знаток італьянскага футболу, быў запрошаны камэнтаваць матчы італьянскага чэмпіянату. Напярэдадні ўсясьветнага першынства па футболу ў Францыі разам з другім спартовым камэнтатарам Васілём Уткіным Шустар распачаў цыкаль справаздачаў "Трэці тайм на чэмпіянаце сьвету". А калі спаборніцтвы скончыліся, праграма трансфармавалася ў своеасаблівы клюб знаўцаў футболу "Трэці тайм". Нягледзячы на позьні эфір, ток-шоў з Савікам Шустарам чакалі й тысячы беларускіх заўзятараў. На жаль, палітычныя матывы саслужылі дрэнную службу непалітычнай праграме: напачатку вясны "Трэці тайм" перастаў выходзіць у эфір. Ці надоўга? Гаворыць сам Савік Шустар…" (Шустар: ) "Калі ўлічыць тое, што праграма была зачынена ў момант разгару гісторыі з Андрэям Бабіцкім… Дык я думаю, што "Трэці тайм" за час прэзыдэнта Пуціна, мабыць, усё ж такі на экраны ня выйдзе". * * * (Глод: ) "Безумоўна, першынство кантынэнту па футболу – надзвычай цікавая падзея. Але ня так шмат часу застаецца да пачатку яшчэ больш велічнае падзеі – летніх Алімпійскіх гульняў. Сёньня мы распавядзем пра падрыхтоўку да іх беларускіх баксэраў. Толькі адзін зь беларускіх майстроў скураное пальчаткі заваяваў права выступаць у Сіднэю. Гэта Сяргей Быкоўскі. Між тым, чыноўнікі зь Міністэрства спорту плянавалі мець пяць-шэсьць алімпійскіх ліцэнзіяў. Цяпер, калі стала зразумелым, што зь вялікіх плянаў нічога не атрымліваецца, пачалі шукаць вінаватых. Кіраўнік нацыянальнае фэдэрацыі боксу, ён жа намесьнік міністра спорту й турызму Аляксандар Грыгараў лічыць, што тут віна былога прэзыдэнта фэдэрацыі Вячаслава Яноўскага. У сваю чаргу Яноўскі кажа, што працаваць з спартовымі чыноўнікамі немагчыма. І таму аднойчы ён ня вытрымаў і бразнуў дзьвярыма. На баку Валерыя Яноўскага, безумоўна, ягоны тытул. Ён адзіны зь беларускіх баксэраў, які здолеў стаць алімпійскім чэмпіёнам. Менавіта як прафэсіяналу самай высокай пробы яму й прапанавалі ўзначаліць фэдэрацыю бокса. Тыя, хто крытыкуюць Яноўскага, кажуць, што ён па натуры дыктатар. І таму быць побач зь ім вельмі цяжка. Ня будзем займаць пазыцыю аднаго або другога боку. Проста, шкада, што ў беларускім спорце паўстаў скандал. Чарговы. І мабыць маюць рацыю тыя, хто сьпісваюць такія сваркі на агульную абстаноўку, што пануе цяпер у Беларусі. Людзі злыя, пакрыўджаныя, гатовыя з-за невялікай дробязі ўздымаць велізарны скандал. Але вернемся да адзінае беларускае надзеі на рынгу Сіднэю Сяргея Быкоўскага. Ён нарадзіўся ў 1972 годзе ў Віцебску. Боксам пачаў займацца, калі яму стала 14 год. І што самае дзіўнае – увесь час Сяргей працуе з адным і тым жа трэнэрам – Аляксандрам Стрыжаком. З Аўстраліі Быкоўскі хацеў бы вярнуцца з мэдалём. Але ён разумее, што на ягоную долю выпалі значныя псыхалягічныя цяжкасьці. Калі б беларускіх майстроў было больш, дык выступаць было б значана лягчэй. Але тут ужо нічога ня зробіш". * * * (Глод: ) "А цяпер давайце засяродзімся на праблемах масавае фізычнае культуры і аздараўленьня. На вялікі жаль, і на гэтай глебе пераважаюць бюракратызм і дробнае інтрыганства. Прыкладам тут – гісторыя вакол сталічнага фізкультурна-аздараўляльнага комплексу "Серабранка", дзе 20 работнікаў на працягу аднаго году згубілі працу. Гаворыць Алесь Мікалайчанка…" (Мікалайчанка: ) "Скаргі, падпісаныя дзясяткамі прадстаўнікоў працоўнага калектыву ФАКу "Серабранка", наведваньні падпісантамі начальніцкіх габінэтаў розных сталічных установаў… Гэтыя дзеяньні наёмных работнікаў, якія пачаліся летась, і сёлета не аціхалі да таго часу, пакуль 15 чэрвеня кіраўніка гарадзкое ўправы па фізычнай культуры, спорту й турызму Васіля Турэйку Менскага гарадзкога выканкаму ня вызваліў ад сваёй пасады. Скаржнікі лічаць, што менавіта ён вінаваты ва ўсіх іхных бедах. А пачалося з таго, што 7 жніўня 1997 году, паводле рашэньня гарадзкога выканкаму, зьдзейсьніўся перавод комплексу зь ведамства сталічнае жыльлёва-камунальнае гаспадаркі ў ведамства фізычнае культуры й спорту. Неўзабаве спадару Турэйку захацелася абнавіць кіраўніцтва ФАКу. Далейшыя падзеі паказваюць, якім чынам гэта ажыцьцяўлялася… Напрыклад, новыя гаспадары мусілі былі праз управу фінансаў забраць сродкі на ўтрыманьне комплексу ад колішніх гаспадароў. Але спадар Турэйка адразу ж спыніў фінансаваньне новага прадпрыемства. ФАКу дзеля продажу перасталі выдаваць нават мыла, мачалкі, венікі й рушнікі. Рамонту патрабавалі памяшканьні й вэнтыляцыйнае абсталяваньне. Але на запыты тагачаснага дырэктара комплексу Самовіча Турэйка адказваў: маўляў, няма грошай. А затым, як сьцьвярджаюць скаржнікі, ва ўсіх грахох абвінаваціў Мікалая Самовіча ды вынудзіў таго падаць заяву на звальненьне. Летам мінулага году жыцьцё ў "Серабранцы" практычна замерла. Заробкі наёмных работнікаў зьменшыліся да дзьвюх трацінаў тарыфнае стаўкі. Вось тады калектыў сабраўся на сход і запатрабаваў навесьці парадак у комплексе, а дырэктара аднавіць на ранейшай пасадзе. Але выступоўцам не ўдалося абараніць ані дырэктара, ані саміх сябе. Вось што сказала мне ўчора пра сваё звальненьне Еўдакія Іванкова: "Ляжала. З сэрцам дрэнна стала – пэўна, нярвознасьць гэта ўся сказалася. Здала я бальнічны – намесьніку дырэктара Гатальскаму Ўладзімеру Ўладзімеравічу… А патэлефанавалі з кардыялягічнага дыспансэру й кажуць, што трэба прыехаць на велагамэтрычную пробу. На 12 гадзінаў…" Як паведаміла Еўдакія Іванкова, дакумэнт з дыспансэру, што пацьвярджаў факт наведваньня ёю кардыёлягаў, новы дырэктар Мікалай Сініца да ведама не прыняў і абвясьціў жанчыне вымову. А потым дамогся ейнага звальненьня. Цяганіна ў гэтак званым "Палацы здароў'я" каштавала ненабытага здароўя жыхарам навакольных дамоў. Яны больш чым паўгода практычна не маглі наведваць фізкультурны комплекс. І пакуль невядома, ці будуць істотныя зьмены пасьля зыходу Турэйкі. Добрую справу лёгка загубіць, але цяжка ўзнавіць. Тым больш, што ў комплексе па сёньняшні дзень ня дзеіць плавальны басэйн, не працуе вэнтыляцыйнае і некаторае іншае абсталяваньне". (Глод: ) "На гэтым мы завяршаем сёньняшнюю праграму "Заўзятар". Да наступнай сустрэчы, шаноўныя слухачы".