(эфір 25 Траўня 2000 г.) Удзельнік: Алесь Шабак.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі. (Ракіцкі: ) "Зь летапісаў, гістарычных хронікаў, дакумэнтаў, дыярыюшаў, твораў мастацкае літаратуры кожнага з народаў, што насяляюць Зямлю, паўстае гістарычна сфармаваны тып тае ці іншае нацыі. Тып, апроч усяго, яшчэ й надзелены пэўнымі фізычнымі адметнасьцямі, які выяўляе ў сабе своеасаблівасьці фізычнае культуры народу. Так, пісьмовыя крыніцы народаў, якія былі суседзямі славянаў ці сутыкаліся зь імі пад час войнаў, адзначалі іх як народ сьмелы, выносьлівы, дужы. Бізантыйскі імпэратар Маўрыкій напрыканцы VI стагодзьдзя пісаў пра славянаў наступнае: "Плямёны славянаў шматлікія, выносьлівыя, лёгка пераносяць сьпёку, холад, дождж, галізну, голад. Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, якія парасьлі лесам, у цясьнінах, на абрывах. З выгадаю для сябе выкарыстоўваюць нечаканыя напады… Спрактыкаваныя яны і ў пераправах цераз рэкі, пераўзыходзяць у гэтым іншыя народы". Дык вось, цікавае пытаньне: а якімі былі з гледзішча фізычнага разьвіцьця нашыя продкі, беларусы? Да прыкладу, чым вылучаліся яны з шэрагу тых жа суседзяў – славянаў або балтаў? Ці былі дужымі, выносьлівымі, спрытнымі? Пытаньне да адмыслоўцы, гісторыка культуры Алеся Шабака…" (Шабак: ) "Гэта лепш за ўсё прадэманстраваць на выніках апісаньня набору жаўнераў у войска Расейскае імпэрыі ХІХ стагодзьдзя. Як сьведчыць статыстыка, беларусы паводле росту саступалі толькі хлопцам з Прыбалтыкі – летувінам, эстонцам. Недзе ня больш за адзін-два сантымэтры, і займалі другое месца. А ўжо пасьля іх ішлі прадстаўнікі ўсіх іншых народаў. На трэцім месцы стаялі расейцы, якія былі яшчэ ніжэйшымі за нашых прызыўнікоў. Этнографы ХІХ стагодзьдзя, вывучаючы перадусім сялянскую культуру, сьведчаць надзвычайную выносьлівасьць ці цягавітасьць беларускіх мужыкоў, якія былі здольныя на доўгую цяжкую працу. Напрыклад, чыгункі. Будаўніцтва ўсіх іх у Расейскай імпэрыі, нават самай доўгай – ад Масквы да Ўладзівастоку, не абыходзілася бяз удзелу беларусаў. Беларускіх сялянаў наймалі на самую цяжкую працу – адсыпку насыпаў. Гэта сьведчаньне значнае фізычнае сілы, значных фізычных кандыцыяў нашага народу, якія напрацоўваліся ня толькі пад час працы, але й былі закладзеныя ў гэнатыпе нашае нацыі". (Ракіцкі: ) "Так лічыць паводле гістарычных сьведчаньняў гісторык культуры Алесь Шабак, які сяньня маім госьцем. Зь ім мы й будзем размаўляць пра традыцыйную фізычную культуру беларусаў… Спадар Алесь, што ўплывала на фармаваньне гэнатыпу: прырода, геаграфічны стан краіны, ці ўсё ж такі пэўная зацікаўленасьць людзей у сваім фізычным разьвіцьці, традыцыя фізычнага выхаваньня?" (Шабак: ) "Гэнатып беларусаў дастаткова моцны. Мы належым да эўрапеоідаў – гэта сьведчаньне і пэўных, канешне, кандыцыяў. Па-другое, прырода Беларусі. Эўрапейцы, якія аселі на тэрыторыі Беларусі й пасьля сфармавалі беларускую нацыю, вымушаныя былі прыстасоўвацца да новых прыродных умоваў: лясоў, балотаў, рэкаў – таго, чаго не было ў Цэнтральнай Эўропе, адкуль прыйшлі славяне. Наступны фактар – гэта, безумоўна, сыстэма традыцыйнага фізычнага выхаваньня дзяцей". (Ракіцкі: ) "Спадар Алесь, як я разумею, Вы зараз маеце на ўвазе паняцьце фізычнае культуры. Але гэтае паняцьце ўвайшло ў нашае слоўніцтва ў ХХ стагодзьдзі. І вельмі часта нашыя людзі нават лічуць, што фізкультура, спорт – гэта здабытак ХХ стагодзьдзя, здабытак камуністычнае ўлады, якая была зацікаўленая ў гарманічна разьвітай, у тым ліку й фізычна, асобы. Але ці было для нашых продкаў сутнасна важным, яшчэ, можа, у запаганскі час, тое, што мы сяньня называем фізычнай культураю?" (Шабак: ) "Абсалютна важным. Аж да канца ХVІІІ стагодзьдзя, да зьяўленьня машынаў, асноўная праца выконвалася толькі празь фізычную сілу. Фізычная культура мае багатую традыцыю, яна была з нашымі людзьмі ў ва ўсе часы, пачынаючы зь першабытнага грамадзтва, дзе закладваюцца першыя элемэнты нашае традыцыйнае беларускае культуры. Карані традыцыйнае фізкультуры цягнуцца яшчэ адтуль і заканчваюцца канцом ХІХ – пачаткам ХХ стагодзьдзя. Цягам стагодзьдзяў сялянства мела цэлую сыстэму гульняў, практыкаваньняў, нават, кажучы сучаснаю моваю, спаборніцтваў, якія павінны былі падрыхтаваць дзіця да працы, да ролі будучага гаспадара, і ў той жа час, загартаваць яго фізычна, псыхалягічна. Вядома, што псыхічныя і фізычныя элемэнты тут непадзельныя. А гульні – якую б зараз ня ўзяць, асабліва, дзіцячыя – цалкам зьвязаныя з нашаю працоўнаю практыкаю. "А мы проса сеялі", "стралец", "мядзьведзь", "воўк" – гэта гульні, якія зьвязаныя з прыродаю, дзейнасьцю. Тое ж можна сказаць і пра танцы. "Жабка" – гэта танцавальная тэхніка, якую можна параўнаць з тым, што мы зараз называем "брэйк". Той жа танец "цэп" – гэта імітацыя баявога або працоўнага працэсу выкарыстаньня цэпа як сродку для аббіваньня зерня са снапоў і ў той жа час як сродку баявога змаганьня". (Ракіцкі: ) "Вось Вы загаварылі пра традыцыйную фізычную культуру. Ведаеце, я зьвярнуў увагу, што зараз у Менску зьявіліся абвесткі, што адбудзецца турнір па традыцыйных відах спорту – і ў пераліку гэтых традыцыйных відаў такія назовы – каратэ-до, тайванскі бокс, у-шу. І гэта ў Беларусі. А якія ў нас былі традыцыйныя віды спорту, якія практыкаваньні, якія гульні?" (Шабак: ) "Я магу назваць Вам два віды, якія зьвязаныя з ваеннаю, баявою падрыхтоўкаю. У Беларусі быў такі від: "дзевяць колаў сьмерці" – гэта напрамак барацьбы бяз зброі, ці "крык птушкі" – напрамак барацьбы, які зьвязаны ў першую чаргу са зброяй. Гэта два напрамкі, у якіх рыхтаваліся беларускія ваяры яшчэ са старажытнасьці. Калі разглядаць гэтыя сыстэмы паводле зьместу, дык можна казаць, што гэтыя элемэнты былі закладзеныя яшчэ да нашае эры. У іх заўважныя інда-эўрапейскія карані, якія потым былі ўжо дапрацаваныя славянамі ды ўвайшлі ў сыстэму падрыхтоўкі й беларускіх дружыньнікаў, і беларускага рыцарства ўжо на больш позьнім этапе. Сыстэма вельмі эфэктыўная, яна часткова рэканструяваная, і зараз ёю займаюцца адмыслоўцы й асобныя групы моладзі. Гэта нешта сярэдняе паміж каратэ-до й дзю-до. Там ёсьць і тэхніка ўдарная, і тэхніка захопаў, якія спалучаюцца з сыстэмаю традыцыйна псыхалягічнае падрыхтоўкі ваяра, і выкарыстоўваюць мэнталітэт нашага народу. Фармаваліся гэтыя элемэнты з узораў прыроды, і ў той жа час зь непасрэдна баявой практыкі, якую мелі нашыя продкі. У першую чаргу, гэта зьвязанае з тым, што яны сутыкаліся й ваявалі з эўрапейскімі народамі". (Ракіцкі: ) "Вось Вы зараз загаварылі пра службу ў войску, гэта людзі ўжо падрыхтаваныя. Мяне зацікавіў такі аспэкт – людзі былі псыхічна й фізычна ў гармоніі. Скажыце, а хто рыхтаваў гэтых ваяроў, калі пачыналася падрыхтоўка? Дзе пачыналася фізычнае выхаваньне? Дзяржава гэтым займалася ці, можа, сям'я?" (Шабак: ) "Традыцыйная фізычная культура характэрная тым, што яна – тыпалягічная культура, якая выкарыстоўваецца й разьвіваецца ў лоне сям'і, роду. А як прафэсійная, яна вылучаецца недзе ў ХІV – ХV стагодзьдзі. Да таго была гэта толькі справа сям'і. Перадавалася ад бацькі да сына, ад маці да дачкі. Да сямі гадоў хлопцы й дзяўчаты выхоўваліся толькі маці, а вось зь сямі гадоў рэзка пачынаўся падзел. Дзяўчаты заставаліся з маці, а хлопцы пераходзілі на выхаваньне да бацькі. Нашыя продкі рыхтавалі хлопцаў так, каб да дванаццаці гадоў яны маглі разам з бацькамі выступаць ўжо і як паляўнічыя, і як ваяры. Гэтакае выхаваньне не абыходзіла й дзяцей княскіх, баярскіх. Дзеці абшчыньнікаў у бальшыні сваёй таксама да гэтага далучаліся. Таму, па-сутнасьці, да дванаццаці гадоў ён мусіў быў мець ужо першасную падрыхтоўку, самую неабходную, а да шаснаццаці гадоў ужо, па-сутнасьці, яго фізычная і псыхалягічная падрыхтоўка заканчвалася. У першую чаргу гэта зьвязанае з тым, што традыцыйная фізычная культура павінна была выхаваць асобу гаспадара. У нас гэта самая значная адметнасьць традыцыйнае фізычнае культуры ад сучаснае. Зараз жа павагай карыстаецца асоба, якая дасягае нейкіх асабістых значных вынікаў, перамагае, атрымлівае мэдалі. Тады было галоўным з мужчыны зрабіць гаспадара, які здольны ад бацькі пераняць ягоную гаспадарку, быць галавою сям'і, абараняць яе, працаваць на яе. І тут паняцьце гаспадара не такое вузенькае – маўляў, гаспадар – гэта той, хто мае зямлю і абрабляе яе. І княскі дзіцёнак быў гаспадаром свайго княства, як і дзіцёнак рыцара, шляхты. Нездарма ж было напісана Статуце Вялікага Княства Літоўскага, што сын, дзеля рыцарскае падрыхтоўкі, можа выпраўляцца ў іншыя краіны але, калі бацька яго ў час гэтага ад'езду памёр, дык ён мусіць вярнуцца да хаты і ўсю яго гаспадарку прыняць і ёю кіраваць. Ты – рыцар, але яшчэ й гаспадар". (Ракіцкі: ) "Ці існаваў культ сілы?" (Шабак: ) "Вы ведаеце, існаваў. Культ сілы для традыцыйнае фізычнае культуры – гэта першачарговае. Паглядзіце на нашыя казкі. Там усё робіць волат, асілак. У першую чаргу – фізычная сіла. Потым ужо – мараль. Гэтую сілу ён прыкладае да добрых справаў. А што тычыцца культу фізычнае сілы ў шляхты, дык ён, па-сутнасьці, прывёў нас да пэўных заганаў. ХVІІ – ХVІІІ стагодзьдзях – гэта культ сілы, калі ўсё вырашалася праз шаблю. І гэта прывяло ў пэўным сэнсе да анархіі, да непавагі да закону, у выніку чаго аслаблялася і краіна, і самая гэтая кляса". (Ракіцкі: ) "Такім чынам, існавала прыкладная фізкультура, зьвязаная з родам дзейнасьці людзей, існавала агульная фізычная культура, а ці існавала, ці была папулярнай традыцыйная лячэбная фізычная культура?" (Шабак: ) "Мэдыцына сучаснага выгляду – гэта мэдыцына, якая, па-сутнасьці, бярэ пачатак з ХVІ стагодзьдзя, калі пачынаюцца навуковыя адкрыцьці ў галіне фізыялёгіі чалавека. Усё, чым лекавалі да гэтага, можна з упэўненасьцю называць традыцыйнаю мэдыцынаю. І ў ёй ці не вырашальнае значэньне мелі моманты, зьвязаныя з выкарыстаньнем нейкіх фізычных практыкаваньняў дзеля паляпшэньня здароўя ці яго падтрымкі. Тут варта зазначыць, што йснаваў цэлы шэраг старажытных сыстэмаў. Карані аднае зь якіх зыходзяць аж у І-ІІ тысячагодзьдзі да нашае эры – гэта гімнастыка беларускіх чараўніцаў. Жаночая гімнастыка. Мне ўдалося яе рэканструяваць у поўным аб'ёме. Яна нечым нагадвае індыйскую ёгу, але тут яна ўжо знайшла сваё ўвасабленьне, як кажуць, зыходзячы з нашае геаграфіі, з нашае мэнтальнасьці. Нават назовы позаў чыста беларускія. Тое ж з практыкаваньнямі, якія называюцца "купіна" – тое, што на балоце расьце, ці тэхніка "бусла". Менавіта паводле тых жывёлаў, паводле тых расьлінаў, якія знаходзяцца ў нас. Гэта сыстэма ўключае 27 мікракомплексаў, якія ў першую чаргу скіраваныя на лячэньне хваробаў чыста жаночых. Але мае і комплексы, якія ахопліваюць і іншыя захворваньні чалавечага цела. Адчуваецца, што некалі яна фармавалася непасрэдна беларускімі вядуньнямі. Акрамя гэтага йснавалі і іншыя віды фізычнае культуры. Скажам, віды, якія адпавядаюць сучаснаму масажу, нават, тая ж самая язда на кані. Яна выкарыстоўвалася і ў лячэбнай практыцы. Стымулявала пэўныя псыха-фізычныя працэсы. Аказвала значны ўплыў на чалавечы храбет, і таму язда на кані шырока выкарыстоўвалася як мэтода прагулянкі ня прота эстэтычнай, а менавіта зьвязанай з пэўным фізычным нездароўем". (Ракіцкі: ) "Падсумоўваючы нашую першую гаворку, ці маглі б Вы адказаць на такое даволі складанае пытаньне: якую ролю адыграла фізычная культура ў гісторыі нашае нацыі? Ці паўплывала яна на пераадоленьне тых складаных драматычных калізіяў, зь якімі нашыя продкі сутыкаліся?" (Шабак: ) "Безумоўна. Я хачу прывесьці цытату, якую ўспрымаюць неяк чыста паэтычна. Першае ўзгадваньне аб Менску, бойка на Нямізе. І там ёсьць такі сказ: "Душу ад цела аббіваюць цапамі". І ўявіце сабе, што гэта не зусім паэтычны вобраз. Тут цэп – зброя. І тут абсалютна дакладнае вызначэньне тае зброі, якая выкарыстоўвалася ў гэнай бойцы. А калі ўзгадаць саму гісторыю, дык яно гэтак і было. Усяслаў Чарадзей з Полацку ймкнецца сюды, насустрач кааліцыі кіеўскіх князёў, і на хаду набірае рушаньне. Не было часу на ўзбраеньне. І гэтыя апалчэнцы, сяляне й гараджане, бралі тую зброю, якая была традыцыйнаю – цэп, сякера. Маюцца успаміны, што традыцыйная зброя і традыцыйная падрыхтоўка зьяўляліся асноваю для таго часу. А калі ўзгадаць ХІХ стагодзьдзе, Каліноўскага й Касьцюшку, дык варта сказаць, што ў іх былі цэлыя аддзелы гэтак званых касінераў – сялянаў, якія ведалі тэхніку бою (ці фэхтаваньня) на косах, адмыслова падрыхтаваных да бою. Выкарыстоўвалі яны таксама той жа цэп. Уся гэта лінія прасочваецца цягам усяе нашае гісторыі. І як баявая падрыхтоўка, і як чыста побытавы элемэнт". (Ракіцкі: ) "Дух і цела былі разам?" (Шабак: ) "Разам!"