(эфір 7 Траўня 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. У сёньняшнім выпуску вы даведаецеся:
– хто зь беларуских палітыкаў рабіў гімнастычны пад'ём пераваротам 189 разоў,
– чым былі пакрыўджаныя ў Іраку беларускія футбалісты, а таксама
– пра трагедыі і катастрофы ў спорце. (Цыганкоў: ) «Прывітаньне. Пачнем праграму нашай традыцыйнай рубрыкаю «Палітык у спорце». Адразу прызнаюся, што за некалькі месяцаў існаваньня нашай праграмы ў мяне яшчэ не было суразмоўца з такімі неардынарнымі спартыўнымі здольнасьцямі. Дастаткова сказаць, што наш сёньняшні герой падцягваецца на перакладзіне шырокім хапам каля пяцідзесяці разоў. Гэта Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету. Пра іншыя свае сілавыя дасягненьні ён распавядзе сам, а пачынаем размову традыцыйным пытаньнем – «Што ў вашым жыцьці спорт?»
(Лябедзька: ) «Спорт – гэта важная частка майго жыцьця. Я, відаць, больш аматар спорту, хаця заўсёды выходзіў у нейкія зборныя, пачынаючы са школы й да сёньняшняга дня. Натуральна для мяне прыярытэтным зьяўляўся футбол, таму што я вырас на вёсцы. А гэта, відаць, там від спорту нумар адзін. Ну, узімку яшчэ хакей, натуральна. Я заўсёды быў у нейкай зборнай футбольнай — школьнай, студэнцкай, Вярхоўны Савет… а зараз, натуральна, капітан зборнай Аб'яднанае Грамадзянскае партыі. Таксама на сёньняшні дзень – рэгулярна прабежка па 6–7 кілямэтраў, турнік – гэта для мяне як зубы зранку пачысьціць. Займаўся я гіравым спортам, прычым, вымушана. Пасьля інстытуту я пайшоў у армію і, як аказалася, што там асабліва няма занятку для чалавека, які мае вышэйшую адукацыю, – і я налёг на спорт. Выступаў у барацьбе, хаця сам ніколі прафэсійна гэтым не займаўся, тым ня менш першы раз заняў 4-е месца, а на другі – 5-е месца. Нас была брыгада, амаль 3 тысячы чалавек. Многа было прадстаўнікоў той жа Чачні, Дагэстана. І для іх барацьба – гэта культавы від спорту». (Цыганкоў: ) «А што ў гірах, бо я таксама падымаў гіру пэўны час і цікава проста параўнаць – якую гіру Вы падымалі й колькі разоў?» (Лябедзька: ) «Справа ў тым, што ў гіравым спорце якраз быў толькі першы разрад, а далей паказчыкаў не было. Дык вось па першаму разраду я выконваў паўтары нормы. Дзьве гіры па 32 кіляграмы я выкідваў 20 разоў. Падабаўся мне гэты від спорту. Таму што ён патрабуе кавалак жалеза й жаданьне больш нічым не займацца. Дарэчы пад'ём пераваротам я рабіў 189 разоў – гэта мой асабісты рэкорд. Я думаю, што й сёньня, калі пайсьці ў заклад на добрае віно, ці на добры каньяк, дык гэта можна зрабіць». (Цыганкоў: ) «Што ж, магу сказаць, што такі пералік шматлікіх спартовых захапленьняў і, галоўнае, іх вынікаў, гучыць для мяне сюрпрызам. Да гэтае нашае размовы я ведаў толькі пра вашае захапленьне футболам, бо мы неаднаразова гулялі разам і ведаю, што Вы заўсёды імкнецеся быць на вастрыні атакі. Ці можна тут сказаць, што футбольны стыль гульні – гэта пэўны адбітак вашага характару?» (Лябедзька: ) «Так, я заўсёды быў у нападзеньні й заўсёды хацеў быць бамбардзірам. Я думаю, гэтыя якасьці засталіся й сёньня. Хаця я магу сказаць, што цяпер трэба выступаць толькі за вэтэранаў. Тым ня менш мой прынцып такі (і ня толькі да футбола): калі ты ўзяўся за нейкую справу, дык павінен выкладвацца на сто працэнтаў. Таму ў мяне з маёй жонкаю ўзьнікаюць пэўныя калізіі. Бо пасьля футболу я калі-нікалі бываю аніякі. Ну годы ўжо ідуць, а хочацца быць такім як 10 і 20 гадоў назад і забіваць галы. Для мяне гэта – задавальненьне. Таму я магу пад гарачую руку выказваць і партнэрам нешта такое крыўднае, але заканчваецца гульня, і там застаюцца эмоцыі». (Цыганкоў: ) «Вы змагаецеся да апошняга нават у звычайных трэніровачных матчах. Выкладваецеся за кожны мяч, за кожны адскок, калі нават вялікае патрэбы ў гэтым няма. Гэта што – таксама тое, што нельга змяніць у сабе?» (Лябедзька: ) «Так. Я проста зараджаны на тое, каб па поўнай праграме адпрацаваць, у тым ліку й на футбольнай пляцоўцы. Я думаю, натуральна, калі кожны чалавек выкладваецца, тады й атрымоўваецца гульня. Калі гэта адбываецца, як адбываньне нейкага нумару, я думаю, многа губляецца ў футболе. Футбол заўсёды – гэта вастрыня, гэта эмоцыі. І калі людзі на самой справе такія ёсьць, у іх прысутнічае азарт, а гэта таксама той гульца, якія павінен быць на футбольным полі. Бяз гэтага футбол губляе свой калярыт. Мы бачым на прафэсійным узроўні каманды, якія гуляюць у паўсілу, яны ня маюць ані вынікаў і, самае галоўнае, ня маюць гульні». (Цыганкоў: ) «Многія дэпутаты любяць узгадваць сваю гульню за футбольную зборную Вярхоўнага Савету. Ці прыпамінаеце Вы якія-небудзь забаўныя эпізоды, зьвязаныя з гэтай камандаю, і зьвязаныя зь нейкімі вядомымі палітыкамі?» (Лябедзька: ) «У Вярхоўным Савеце 12-га й 13-га скліканьняў я быў капітанам каманды. Лукашэнка быў адным з актыўных яе ўдзельнікам. Як зараз памятаю, ён жыў у гатэлі «Кастрычніцкі». Пад'яжджаў аўтобус з вайсковае часткі, які арганізоўваў генэрал Паўлаў і Рыгоравіч заходзіў калі-нікалі са шклянкаю шклоўскае самагонкі. І пасьля таго, што адбывалася на футбольнай пляцоўцы, дэпутаты-футбалісты па кілішку выпівалі гэтае шклоўскае самагонкі, таму, я думаю, што Лукашэнка быў яшчэ адметны вось і гэтым момантам. Калі гаварыць пра сёньняшні дзень, то я думаю, што зборная апазыцыі, якая была б прадстаўлена нейкімі статуснымі палітыкамі, калі б згуляла са зборнай Лукашэнкі, дык мы перамаглі б. Мы былі б той маленькай Латвіяй, якая перамагае Расею. Мы перамаглі б гэты рэжым. Я думаю, што мы выцягнулі б тут на зубах і я ўжо нават ведаю тых людзей, якія сёньня прысутнічаюць у апазыцыі і бачыў іх на пляцоўцы. Ведаю іх здольнасьці. Я думаю, што перамога была б за намі». (Цыганкоў: ) «Гэтак лічыць Анатоль Лябедзька, які быў сёньня гасьцём нашае праграмы. Прынамсі, не даводзіцца сумнявацца, што сам Анатоль адасьць усе свае сілы ў такім матчы. Наступнай тэмаю нашае праграмы сталі дзьве трагедыі, якія здарыліся ў вялікім спорце на гэтым тыдні. Брытанскі гоншчык «Формулы-1» Дэвід Кулхард, які кожны тыдзень рызыкуе жыцьцём на гоначнай трасе, 2 траўня ледзь пазьбегнуў гібелі ў авіякатастрофе. Маленькі прыватны самалёт няўдала зайшоў на пасадку ў аэрапорце францускага гораду Ліён. Яшчэ ў небе пілот паведаміў пра пашкоджаньні й запытаў экстрэнай пасадкі. Але пад час прызямленьня самалёт раскалоўся напалам і загарэўся. 5 пасажыраў, сярод якіх былі Дэвід Кулхард, ягоная сяброўка і целаахоўнік, пасьпелі эвакуявацца праз задняе шкло й атрымалі толькі невялікія раненьні, у той час як абодва пілоты загінулі. Паводле відавочцаў, пасьля страшнае пасадкі Кулхард дапамог сваёй сяброўцы й целаахоўніку выбрацца з-пад абломкаў. Шатляндзкі гоншчык, які два тыдні таму выйграў Гран-пры Вялікай Брытаніі, ужо літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля аварыі выпісаўся са шпіталю і адразу паведаміў свайму мэнэджэру, што гатовы да наступнае гонкі, якая адбудзецца сёньня, у нядзелю ў Гішпаніі. Іншая трагедыя, якая адбылася ў Чэхіі на стадыёне гораду Турнаў у Багэміі, выглядае зусім непраўдападобнай. 18-гадовая чэская легкаатлетка Зузана Крэйчава, бягунья на 800 мэтраў, прысела адпачыць на полі стадыёну побач з сэктарам, дзе трэніраваліся кідальнікі молата. У гэты час 7-кіляграмовы молат, пасланы вядомым чэскім атлетам Уладзімерам Машэкам, выляцеў за мяжу сэктара й патрапіў у галаву юнае спартоўкі. Зузана была неадкладна дастаўленая верталётам у шпіталь, але мэдыкі ўжо ня мелі шанцаў нічым ёй дапамагчы. Даведаўшыся пра сьмерць Зузаны, Уладзімер Машэк заявіў, што больш ніколі ў жыцьці ня войдзе ў кола для спаборніцтваў.
Ня хочацца, аднак, заканчваць «Заўзятар» на гэтакай сумнай ноце, таму зараз вы распавядзем пра некаторыя незвычайныя абставіны незвычайнага візыту. А менавіта – чаму зборная двух клюбаў Беларусі па футболу гэтак і не сустрэлася з Садамам Хусэйнам пад час візыту ў Ірак. Паведамляе Уладзімер Глод…» (Глод: ) "З пачуцьцём крыўды пакідала Ірак зборная двух клюбаў Беларусі па футболу. Абяцанай ёй сустрэчы з прэзыдэнтам Садамам Хусэйнам гаспадары не наладзілі. А пачыналася ўсё з таго, што з Багдаду прыйшло запрашэньне нацыянальнай камандзе Беларусі на сустрэчу з нацыянальнай камандаю Іраку. Гэты матч хацелі прымеркаваць да дня народзінаў ірацкага дыктатара. Чаму зьвярнуліся ў Менск, а ня ў нейкую іншую эўрапейскую сталіцу? Мабыць, таму, што фізычную культуру й спорт ва ўрадзе Беларусі курыруе вялікі сябра Хусэйна Ўладзімер Замяталін, які, дарэчы, сёлета ўжо наведваў Багдад, дзе асабіста сустракаўся з Хусэйнам. Ды і ўвогуле беларуска-ірацкія адносіны на дзяржаўным узроўні вельмі шчыльныя, дастакова ўзгадаць нядаўнія паведамленьні ангельскае газэты пра гандаль зброі, у якім зьвязаныя Менск, Масква й Багдад. Паколькі нацыянальная каманда Беларусі ўжо рыхтавалася да адборнага цыклю пяршынства сьвету, ў Менску вырашылі хуценька стварыць на базе двух клюбаў – магілеўскага "Дняпра-Трансмаша" і менскага "Тарпеда-МАЗа" – новы калектыў і даць яму назоў "зборная дзьвюх клюбаў Беларусі". Тактыка зразумелая – з аднаго боку, на ўсялякі выпадак у стасунках з эўрапейскай і міжнароднымі фэдэрацыямі футболу можна казаць, што нацыянальная каманда Беларусі ў Іраку не была. З другога боку, і Хусэйна задаволілі – прыслалі калектыў, у назове якога ёсьць слова "Беларусь". Дзеля гэтае паездкі гульні ў рамках чэмпіянату краіны з удзелам "Дняпра" й "Тарпеда" перанесьлі на іншы тэрмін. Футбалісты ехалі цягніком да Масквы, адтуль самалётам "Аэрафлоту" чатыры гадзіны ляцелі ў сталіцу Іарданіі, а затым аўтобусам трэсьліся 17 гадзінаў празь пяскі й каменьні ў Багдад. Але, падобна, перахітрыць іракцаў беларусы ня здолелі. Тыя відавочна пакрыўдзіліся, што зь Менску прыехала не самая галоўная каманда. І таму замест заплянаванае сустрэчы са сваёй нацыянальнай камандаю прапанавалі двойчы згуляць з маладзёвай зборнай Іраку. Беларусы вымушаныя былі пагадзіцца, хаця першы матч прыйшлося праводзіць ужо на наступны дзень пасьля прыезду, у мацнейшую спякоту. Першую сустрэчу госьці выйгралі: 3-1, паўторную – прайгралі: 1-2. У дзень народзінаў Хусэйна беларускіх спартоўцаў пагрузілі ў аўтобус і павезьлі ў родныя мясьціны дыктатара. Тут на працягу трох гадзінаў яны назіралі за сьвяточным канцэртам і шэсьцем працоўных. Тут жа сустрэліся зь яшчэ адной спартовай дэлегацыяй – з Расеі, у склад якой уваходзілі стралкі ды аматары гульні ў настольны тэніс. Увечары хлопцаў адвезьлі на цэнтральны стадыён Багдаду, дзе таксама сьвяткавалі й гулялі ў футбол мясцовыя каманды. Але Хусэйна й на гэтым сьвяце ніхто ня бачыў. І ўсё ж без нечаканасьці не адбылося. На зваротным шляху з Аману ў Маскву беларускія спартоўцы апынуліся ў адным самалёце з Уладзімерам Жырыноўскім. Лідэр лібэральна-дэмакратычнае партыі Расеі таксама вяртаўся з Багдаду. Ён, у вадрозьненьне ад футбалістаў, з Садамам Хусэйнам бачыўся і размаўляў. Даведаўшыся пра абыходжаньне зь беларускай камандаю, Уладзімер Вольфавіч сказаў хлопцам: "Давайце зробім здымак на памяць. Хіба ж я горшы, чым Хусэйн?". На гэтым і пагадзіліся".