Нашчадкі Ельскіх

Ганна Сурмач, Прага

Удзельнік: Віктар Ельскі (Данецк)

Адметную частку беларускай эміграцыі ў сьвеце складаюць людзі, чые продкі некалі вяршылі лёс Беларусі – складалі інтэлектуальны патэнцыял нацыі, ажыцьцяўлялі кіраўніцтва краінаю, абаранялі яе, разьвівалі культуру і навуку. Нашчадкі беларускай шляхты сёньня пераважна жывуць у замежжы. У Беларусі амаль што няма прадстаўнікоў магнаціх родаў – Радзівілаў, Сапегаў, Сангушкаў, Пацаў і інш.

Тыя зь беларускай патомнай шляхты, хто засталіся ў Беларусі, мусілі за савецкім часам хаваць сваё паходжаньне. Можна сказаць, што і да сёньня яшчэ ў беларускім грамадзтве не аддаецца належнай павагі гэтай частцы нацыі. Суседняя Расея зараз прывячае сваіх арыстакратаў, заахвочвае іх вяртацца на Радзіму, спрыяе іх кантактам з Бацькаўшчынаю. На жаль, беларуская дзяржава ня робіць у гэтым кірунку амаль нічога.

Да беларускіх шляхецкіх родаў, чыіх нашчадкаў мы сёньня ня знойдзем ў Беларусі, належыць і вядомы род Ельскіх, прадстаўнікі якога шмат зрабілі для разьвіцьця культуры Беларусі.

(Ельскі: ) “Ведаеце, я са шкадаваньнем адзначаю, што ў Беларусі няма Ельскіх. Яны раскіданыя цяпер па ўсім сьвеце”.

Гэта быў Віктар Ельскі, доктар мэдычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі мэдычных навук Украіны. Сёньня ён жыве ў Данецку, загадвае кафэдраю паталягічнай фізіялёгіі Данецкага мэдінстытуту, зьяўляецца вядомым навукоўцам ня толькі ва Ўкраіне. Ён уваходзіць у склад Навуковай Рады пры Міністэрстве аховы здароўя Расейскай Фэдэрацыі, удзельнічае ў міжнародных навуковых форумах. Вясной наступнага году рыхтуецца прыняць удзел у Міжнародным кангрэсе траўматолягаў у Празе.

Прозьвішча сп. Віктар мае ад сваіх продкаў зь беларускага роду Ельскіх. Пра чатырох прадстаўнікоў гэтага роду можна знайсьці зьвесткі ў беларускіх энцыкляпэдыях – пра Аляксандра, Міхаіла, Казіміра і Канстанціна Ельскіх. Наш сёньняшні госьць – прадаўжальнік роду па лініі Канстанціна Ельскага.

Канстанцін Ельскі нарадзіўся ў 1837 годзе ў в. Ляды Ігуменскага павета, вучыўся на мэдычным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэта, потым скончыў матэматыка-прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага ўнівэрсытэту. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстаньня 1863 году ва Ўкраіне. Каб пазьбегнуць расправы, эміграваў у Эўропу, а потым у Паўднёвую Амэрыку. Дасьледаваў фаўну ў Пэру і Гвіяне, выдаў навуковыя працы. У канцы жыцьця вярнуўся ў Эўропу, жыў ў Кракаве і памёр там ў 1896 годзе.

Сын Канстанціна Ельскага, Ян-Казімір, застаўся на Радзіме пасьля ад’езду бацькі ў эміграцыю. Менавіта ён і зьяўляецца дзедам нашага сёньняшняга суразмоцы.

Сп. Віктар, што Вы ведаеце пра свайго дзеда? Зьвестак пра працяг гэтай галіны роду Ельскіх мы пакуль што ў беларускіх энцыкляпэдыях ня знойдзем...

(Ельскі: ) “Мама заўсёды гаварыла, што наш дзед рос сіратою. Яго маці рана памерла, а бацька быў вымушаны пакінуць радзіму з палітычных прычынаў. Мой дзед выхоўваўся ў доме братоў ягонага бацькі – Аляксандра Карлавіча і, магчыма, Міхаіла Карлавіча Ельскіх. Ён атрымаў добрую адукацыю ў гэтых сем’ях. Працаваў выкладчыкам гімназіі. Але, магчыма, за вальнадумныя выказваньні яго звольнілі з гімназіі. Больш таго, ён быў сасланы на Паўночны Каўказ, так ён аказаўся у Наварасійску. На выгнаньні ён працаваў на хлебным элеватары захавальнікам узораў хлебных злакаў, даслужыўся да пасады намесьніка дырэктара па камэрцыйнай частцы. У Наварасійск да яго прыехала ягоная сужэнка – Гартэнзія Іеранімаўна Станкевіч. Там яны пабраліся шлюбам, і ў іх нарадзілася 7 дзяцей.

Ян-Казімір Ельскі 35 гадоў служыў на партовым элеватары, памёр у 1930 годзе і там пахаваны, але, на жаль, я не знайшоў ягоную магілку”.

Сярод семярых дзяцей Яна Казіміра Ельскага была вашая маці?

(Ельскі: ) “Другой была мая маці – Сафія, Зося. Яна скончыла з залатым мэдалём гімназію і паступіла ў Кіеўскі ўнівэрсытэт. І ня проста, у свой час там працаваў яе дзед – Канстанцін Міхайлавіч Ельскі. Але, пачалася вайна і Зося пакінула вучобу ва ўнівэрсытэце, скончыла курсы Чырвонага Крыжа і была сястрой міласэрнасьці на франтах першай сусьветнай вайны. У нас дома захоўваліся лісты параненых салдатаў, якіх яна ратавала ў шпіталях. На жаль, яны страчаныя ўжо пад час другой усясьветнай вайны, пры адступленьні немцы спалілі дом”.

Хто стаў мужам Соф’і Ельскай і Вашым бацькам, дзе нарадзіліся Вы ?

(Ельскі: ) “Я нарадзіўся ў 1933 годзе, бацькі мае жылі ўжо ў Данецку. Яны былі запрошаныя сюды, калі ствараўся наш Данецкі мэдінстытут. Бацька – Благавешчанскі Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў Калускай губерніі, сяло Лунёва, у сям’і сьвятара ў 1893 годзе. Скончыў духоўную сэмінарыю і паступіў у Варшаўскі ўнівэрсытэт.

Варшаўскі ўнівэрсытэт падчас сусьветнай вайны быў эвакуяваны ў Растоў. Разам з унівэрсытэтам ён прыехаў у Растоў і працаваў там у Бактэрыялягічным інстытуце. Там пазнаёміўся з маёй мамаю, яна таксама працавала ў гэтым інстытуце. Потым яны жылі ў Казані. Мама там працягнула адукацыю, скончыла два факультэты Казанскага ўнівэрсытэта і Сельскагаспадарчы інстытут.

Бацька працаваў на кафэдры мікрабіялёгіі і ў Бактэрыялягічным інстытуце ў званьні прафэсара, а маці ў званьні асістэнта кафэдры фітапаталёгіі. Яны былі запрошаныя як спэцыялісты сюды ў Данбас у 1930 годзе. І заснавалі тут – мама кафэдру біялёгіі, а бацька кафэдру мікрабіялёгіі. Вакол яго стварылася група навукоўцаў, і яны задумалі арганізаваць працу па вытворчасьці сываратак. Але ў 1937 годзе ў органах бясьпекі палічылі, што гэта шкодная справа, і ўсіх іх арыштавалі. Я потым чытаў у дакумэнтах сьледзтва, што абвінавачаньні грунтаваліся на такіх момантах: першае – сын сьвятара, другое – сувязь з замежжам, бо ён скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт і меў навуковыя працы, якія публікаваліся ў Эўропе.

Яго рэабілітавалі пры Хрушчове, праз 20 гадоў. Маці, на шчасьце, не кранулі, можа таму, што яна была на сваім прозьвішчы– Ельская”.

Вам далі прозьвішча маці, Вашыя бацькі так захацелі?

(Ельскі: ) “Мяне маці ў 1943 годзе перавяла на сваё прозьвішча па просьбе бацькавай сястры. У нас у сям'і выхоўваўся яшчэ старэйшы брат, гэта быў наш стрыечны брат – Віктар Чысьцякоў. Ён быў сынам бацькавай сястры. Яна была замужам за сьвятаром, рана памерла ад туберкулёзу, а мужа саслалі на Салаўкі. Бацька ўзяў свайго пляменьніка да нас у сям'ю і даў яму сваё прозьвішча – Благавешчанскі. Ён быў артыстам, быў у франтавой канцэртнай брыгадзе, і адтуль яго забралі ў Сібір, і ён не вярнуўся. Былі на фронце кадэбісты, якія спыталі: "Дзе бацька? Рэпрасаваны? І ты туды ж". Таму перад маёй мамаю стаяла пытаньне – уратаваць мяне, бо мой старэйшы брат ужо пацярпеў.

У 1943 годзе бацькава сястра пісала: "Зося, Віця старэйшы там, дзе Коля. Уратуй Віцю малодшага". Гэта значыла, што наш старэйшы брат арыштаваны, як і бацька, і размова ішла пра маё ўратаваньне. Мне было 10 гадоў, праз два гады на мяне ўжо фармальна распаўсюджваўся закон аб адказнасьці, як сына ворага народа. Пашпарт я атрымаў на маміна прозьвішча, з таго часу я – Ельскі і стаў прадаўжальнікам роду Ельскіх.

Відавочна, што ў гэтым быў сэнс. У нашай галіне, у сям'і Яна-Казіміра Ельскага з Наварасійску, было два сыны, астатнія дочкі. Сын Эдуард загінуў на выпускным вечары. Сын Вітольд, у яго быў сын Леанід. Ён быў сусьветнага узроўню канструктарам-суднабудаўніком і працаваў на пабудове ваенных караблёў. Але ў яго не было дзяцей. І сталася так, што працяг гэтай галіны роду Ельскіх – гэта я, мае сыны і ўнукі”.

Як склаўся лёс Вашай маці?

(Ельскі: ) “Маці працавала на кафэдры біялёгіі, падчас вайны загадвала кафэдраю, аднаўляла гэту кафэдру пасьля вайны, навуковы яе лёс быў вельмі складаны. Да вайны ў яе ўжо была падрыхтаваная доктарская дысэртацыя па генэтыцы, яна была вучаніцаю сусьветна вядомага акадэміка Вавілава. Але абараніць дысэртацыю па генэтыцы жонцы ворага народу было немагчыма да вайны, а пасьля вайны тым больш, калі адбылася сесія ВАСХНІЛ, дзе Лысенка раскрытыкаваў генэтыку. У маці гэтую доктарскую дысэртацыю забралі і не вярнулі, яна была зьнішчаная. Але гэтая мужная жанчына знайшла ў сабе сілы заняцца фітапаталёгіяй і напісала новую дысэртацыю. Абараніць яе таксама не змагла таму, што падыйшоў пенсійны ўзрост і ёй было прапанавана пакінуць інстытут”.

Акрамя Віктара, які загінуў у ГУЛАГу, у Вашай сям’і яшчэ расла і Ваша старэйшая сястра Ірына, яна засталася на прозьвішчы бацькі, як склалася яе жыцьцё?

(Ельскі: ) “На жаль, яна памерла. Пры Гарбачове мы зноў паднялі пытаньне аб поўнай рэабілітацыі бацькі, тады стала зразумела, што ён ня проста памёр, але яго расстралялі. Я захацеў увекавечыць памяць бацькі. Унівэрсытэт падтрымаў, ва ўнівэрсытэце быў устаноўлены бронзавы барэльеф бацькі. Мы з Ірынаю хадзілі на адкрыцьцё. Яна старэйшая за мяне, яна памятала бацьку, а мне было 4 гады. Для Ірыны гэта былі зноў такія ўзрушэньні, што хутка яна атрымала інсульт і 10 гадоў была паралізаваная. Яе сын Мікалай вярнуўся з Кіева ў Данецк. Ён скончыў Данецкі мэдычны інстытут і працаваў у Кіеве ў Інстытуце эндакрыналёгіі. Менавіта ён распачаў генэалягічныя пошукі”.

Вось гэта як раз тое, што мне хочацца запытаць. З чаго і калі пачалося Вашае вяртаньне да каранёў, калі Вы сапраўды сталі адчуваць сябе нашчадкам вядомага беларускага шляхецкага роду? Увогуле, у вашай сям’і памяталі пра гэта, можа захаваліся нейкія дакумэнты, рэчы?

(Ельскі: ) “Я вам скажу, што было. Было генэалягічнае дрэва – вялікі картонны ліст, на якім была выява дрэва. Але, гэтае дрэва, на жаль, мама вымушаная была ў 1937 годзе спаліць, бо падчас ператрусаў, калі б пабачылі яшчэ гэтае дрэва, гэта вось шляхецкае паходжаньне – наша сям'я у поўным складзе ў ГУЛАГ была б накіраваная.

І была пячатка, Ірына ўспамінала. Калі я зь Беларусі прывёз герб, Ірына гаварыла: "Божа мой, дык у нас жа была пячатка з гэтым гербам, я зь ёю гуляла". А потым пасьля арышту бацькі нас выселілі ў іншую кватэру, потым была вайна, быў пажар, так што амаль нічога не захавалася. Захаваўся толькі раяль з роду Ельскіх, яму, відаць, ня менш за 200 гадоў”.

Як вам удалося захаваць гэты раяль? Вы згадвалі, што падчас вайны ваш дом згарэў?

(Ельскі: ) “Вайна, адступалі немцы. Страха гарыць, вось-вось праваліцца на пяты паверх. Мы адвінцілі ножкі раяля, выкінулі з балкона з чацьвертага паверху. А корпус раяля ўтраіх – мама, Ірына,ёй было 17 гадоў, мне – 10. Вось мы ўтраіх выцягнулі гэты раяль і так яго ўратавалі. Ён адрамантаваны, настроены, гучыць. Раяль у доме пакойнай Ірыны, у яе сына, унук Ірыны цудоўна іграе на гэтым раялі. Так вось я прыняў рашэньне туды перадаць гэты раяль. Так што раяль жыве.

Я паабяцаў у Беларусі, што калі адкрыюць музэй Ельскіх у Ігнацічах, я яго туды перадам. На жаль, гэты музэй не адчыніўся, бо гэты дом у Ігнацічах, які павінны былі перадаць унівэрсытэту культуры, выкупіў нейкі заможны чалавек, і што ён там зробіць – невядома, добра, калі ён будзе мецэнатам”.

Сп. Віктар, Вы сказалі, што першым зацікавіўся вашаю радаслоўнаю сын Вашай сястры Ірыны Мікалай, як гэта было?

(Ельскі: ) “Ён з Кіева прывёз кнігу, яна выйшла да юбілею Кіева – 1500-годзьдзя ў 1985 годзе. Там было напісана пра Канстанціна Міхайлавіча. Я гэтую кніжку павёз у Ленінград сыну Вітольда, майго дзядзькі – Леаніду, ён мне дастаў часапіс "Нёман", а там апісана не толькі пра Канстанціна Міхайлавіча, але і Аляксандра Карлавіча і Міхаіла Карлавіча Ельскіх. І я зразумеў, што трэба ехаць у Менск.

Я паехаў у Менск і знайшоў аўтара гэтага артыкулу – Мар’яна Віжа, і пачалася перапіска. У Менск я прыехаў у 1989 годзе. Я прыехаў апанэнтам на абарону дысэртацыі ў Мінскім мэдычным інстытуце. Пабываў у краязнаўчым музэі, я запытаў, дзе стэнд, якія зьвесткі ёсьць пра Ельскіх. Яны мне вылажылі энцыкляпэдыі беларускія, дзе напісана пра Ельскіх.

Знайшоў больш інфармацыі ў польскай энцыкляпэдыі. Там апісана ўся радаслоўная Ельскіх, пачынаючы ад Канстанціна першага – да Канстанціна Міхайлавіча – дзевяць пакаленьняў, дзясятае – гэта мой дзед, адзінаццатае – мая мама, дванадцатае – я сам, трынадцатае – мае сыны і мой унук – чатырнадцатае пакаленьне”.

Цяпер хачу запытацца як раз пра гэтыя 13 і 14 пакаленьні Ельскіх – пра Вашых сыноў і унукаў, чым яны займаюцца?

(Ельскі: ) “Ад першага шлюбу ў мяне ёсьць сын Аляксей, які атрымаў вышэйшую адукацыю ў Кіеўскім унівэрсытэце, біяхімік, потым атрымаў у 1990 годзе запрашэньне працаваць у ЗША, у Каліфарнійскім унівэрсытэце, доктар біялягічных навук. У яго сын Сяргей і дачка. Яго маці, мая першая жонка– акадэмік Анна Ельская, народжаная Рогаль-Левіцкая, нарадзілася ў Данецку, бацька яе аднекуль з Захаду.

У мяне быў другі шлюб. Я ажаніўся на Гніліцкай, і яна нарадзіла мне двух сыноў-блізнятаў, Андрэй і Канстанцін у 1968. Мы пражылі 10 гадоў, а потым Ларыса папала пад аўтамабіль. І я застаўся з двума сынамі, якія толькі скончылі першы кляс. І тут мне выжыць памагла мая старэйшая сястра. Сыны скончылі мэдычны інстытут, сталі лекарамі-хірургамі, Андрэй – траўматоляг, кандыдат мэдычных навук, працуе ў Маскве. А Канстанцін... Дарэчы, я зьвяртаў Вашу ўвагу на тое, што імя Канстанцін у нашым родзе вельмі часта сустракаецца. Мы палічылі – недзе 7 разоў. Раданачальнікам рода быў Канстанцін Ельскі. У Андрэя пакуль няма дзяцей, а ў Канстанціна ёсьць сын, яго таксама завуць Ян, Іван. Гэта 14 пакаленьне роду Ельскіх, пачынаючы ад Канстанціна. Яму 13 гадоў”.

Ці наведвалі Вы яшчэ Беларусь? Вашыя дзеці і ўнукі таксама бывалі на Бацькаўшчыне?

(Ельскі: ) “Я яшчэ два разы быў у Беларусі. Быў на запрашэньне Ўнівэрсытэту культуры. Яны праводзілі канфэрэнцыю "Ельскія чытаньні", прысьвечаную юбілею Аляксандра Карлавіча Ельскага. Калі пра гэта даведаўся сын Канстанцін, сказаў, што хоча паехаць са мною. А калі даведаўся ўнук, дык ён сказаў : "І я з вамі еду". Ён толькі ў першым клясе быў”.

Хто яшчэ з Ельскіх быў на гэтай канфэрэнцыі? Дзе цяпер жывуць прадстаўнікі вашага роду?

(Ельскі: ) “Прыехаў з Польшчы Андрэй Ельскі, ён па-сапраўднаму захавальнік генэалягічнага дрэва Ельскіх. Ён жыве ў Радаме, напісаў манаграфію з мастацтва. Майго дзеда выслалі на Каўказ, а Андрэя Ельскага продак быў сасланы ў Сібір.

У Францыі – Георг Ельскі, ён больш блізкая радня Андрэю. Георг працуе ва ўнівэрсытэце імя Шарля де Голя ў Лілі. Ён заняты кінэматаграфічнымі мэтадамі дасьледаваньня археалягічных раскопак.

Ведаеце, дзе яшчэ ёсьць Ельскія – у Расеі, у Сыбіру. Яны зь ліку тых высланых Ельскіх. Генадзь Міхайлавіч Ельскі ў Краснаярску працуе ў нейкім навукова-дасьледчым інстытуце”.

Вы тады пабывалі і ў Дудзічах, дзе некалі жылі Ельскія?

(Ельскі: ) “Паехалі ў Дудуткі і заехалі на пагорак, дзе пахаваны Ельскія. Калі я стаяў на гэтым магільным узгорку, я думаў: "Божа, мама адтуль бачыць, што я прыехаў сюда разам з сынам і ўнукам". Мы прайшліся па маёнтку Міхаіла, потым – Аляксандра. Гэта Радзіма майго дзеда Івана (Яна) Канстанцінавіча Ельскага і ўсіх Ельскіх”.

А як цяпер, ці працягваюцца Вашыя кантакты з Беларусьсю?

(Ельскі: ) “Таварыства польскай культуры Данбаса зьбіраецца выдаць кнігу, прысьвечаную 500-годзьдзю роду Ельскіх. У сувязі з гэтым я зрабіў запыты ва Ўнівэрсытэт культуры і ў Скарынаўскі Цэнтр. Я папрасіў у Менску, каб яны напісалі артыкул пра Аляксандра, а пра Канстанціна я магу напісаць. На жаль, я бачу, што мае лісты не маюць адказу.

У нашай Данецкай кансэрваторыі ёсьць ужо напрацоўкі, каб напісаць пра Міхаіла Карлавіча Ельскага. Тады зь Беларусі я прывёз яшчэ і ноты Міхаіла Карлавіча. Гэтыя ноты я даў у філярмонію і кансэрваторыю. У кансэрваторыі іх пачалі выконваць.

Я зьвярнуўся, каб у Дзяржаўным унівэрсытэце арганізавалі юбілейную канфэрэнцыю, прысьвечаную Канстанціну Ельскаму як біёлягу. І я гатовы быў тут ва Ўкраіне арганізаваць удзельнікаў гэтай канферэнцыі. Але я таксама не атрымаў ніякага вырашэньня гэтага пытаньня”.