Беларусы ў Вісагінасе: сучаснасьць і будучыня

Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Алег Давідзюк, Тацяна Латышонак, Сяргей Шабадалаў.

Калі ў 1976 годзе ў Літве на Ігналіне пачалося будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, шмат каго прывабілі добрыя заробкі, і на новабудоўлю сталі выяжджаць жыхары з суседніх раёнаў Беларусі – Брацлаўскага, Пастаўскага, Міёрскага, Глыбоцкага, дзяржаўнай мяжы ў гэтых мясьцінах на той час яшчэ не было. Спачатку гэта былі будаўнікі, а пасьля таго, калі ў 1983 годзе пусьцілі першы блёк станцыі, сюды сталі зьяжджацца і спэцыялісты-эксплюатацыйнікі. Сярод іх быў наш першы сёньняшні суразмоўца Мікола Давідзюк зь сям’ёю.

(Давідзюк: ) “Я працаваў на атамнай станцыі пад Санкт- Пецярбургам 10 гадоў. А потым неяк трэба было да Беларусі бліжэй рухацца. Я і мая жонка зь Беларусі, мы сталі пасоўвацца ў гэты бок і пераехалі на Ігналіну”.

З таго часу Алег Давідзюк адпрацаваў на станцыі 20 гадоў. Побач з прафэсійным заняткам сп. Мікола шмат зрабіў дзеля таго, каб аб’яднаць сваіх суродзічаў, што як і ён сам асталяваліся жыць у паўсталым пры станцыі горадзе Вісагінасе. Беларуская суполка Вісагінаса, якую ўзначальвае сп. Давідзюк, на сёньня адна з самых пасьпяховых у Літве.

(Давідзюк: ) “Беларускі культурны цэнтар “Крок” мае свае памяшканьні 200 кв.м., дзе ёсьць усе ўмовы для нашай разнастайнай дзейнасьці. Мы, магчыма, адна такая арганізацыя ў Вісагінасе, якая мае свае памяшканьні, мы не здымаем, мы іх купілі, гэта наша ўласнасьць.

У нас ёсьць ансамбль “Сьвітанак”. За 6 гадоў свайго існаваньня ён ужо так падняўся, што ў мінулым годзе быў на міжнародным фэстывалі ў Фінляндыі. Праз тры тыдні наш ансамбль едзе ў Вугоршчыну на міжнародны фэстываль.

Пры Беларускім цэнтры ёсьць свая тэлевізійная праграма, якую час ад часу выпускаем на мясцовае тэлебачаньне, робім мы яе самі”.

Зараз у Вісагінасе жыве 30 тысяч жыхароў, 2900 з іх – беларусы. Акрамя таго, ёсьць расейцы і палякі, якія прыехалі зь Беларусі.

(Давідзюк: ) “Нашы людзі на ўсіх ступеньках, ёсьць беларусы – начальнікі цахоў, начальнікі ўчасткаў, майстры. Беларусы з Ігналінскай станцыі маглі бы эксплуатаваць атамную станцыю ў Беларусі, калі б яна там была”.

Мікола Давідзюк вядомы ў Вісагінасе ня толькі ў беларускім асяродзьдзі, ён неаднаразова абіраўся дэпутатам мясцовага самакіраваньня.

(Давідзюк: ) “Я абіраўся ўжо тры гады дэпутатам, як мог праз сваю дзейнасьць дапамагаў беларускай суполцы Вісагінаса. Я адышоў з дэпутатаў месяц таму. Падаў заяву і адышоў. У такіх умовах я працаваць не магу і зьмяніць нічога ня ў стане”.

Так выказаў свой асабісты пратэст вэтэран Ігналінскай атамнай станцыі супроць тых праблемаў, якія паўсталі апошнім часам перад жыхарамі Вісагінаса ў сувязі з будучым уступленьнем Літвы ў Эўразьвяз. Як вядома, на нядаўнім рэфэрэндуме 10 - 11 траўня бальшыня грамадзян краіны выказалася за ўваход Літвы ў эўрапейскую супольнасьць. Адной з умоваў, якую літоўцы абавязаныя ў сувязі з гэтым выканаць, ёсьць патрабаваньне закрыцьця Ігналінскай атамнай станцыі, на якой працуе рэактар таго ж тыпу, што і ў Чарнобылі.

Такое патрабаваньне тычыцца ня толькі Літвы, але і Баўгарыі, якая мае атамную станцыю ў Казладуі. Пасьля Чарнобыльскай аварыі рэактары падобнага тыпу лічацца небясьпечнымі, і аб’яднаная Эўропа ня хоча мець праблемаў зь імі.

Аднак, нашыя суразмоўцы, якія працуюць на Ігналінскай АЭС маюць іншую думку. Вось што гаворыць сп. Давідзюк.

(Давідзюк: ) “Небясьпечная? А што Захад кажа пра атамную станцыю пад Санкт-Пецярбургам, Смаленскую, Курскую. А яны небясьпечныя ў параўнаньні з нашай станцыяй нашмат больш. Пра небясьпеку больш палітыкі гавораць, чым навукоўцы. Людзі, якія далёка, чым далей ад Ігналіны, тым больш так лічаць, а тут мы ня лічым так. Я працую тут 20 гадоў, ведаю, што гэта самая лепшая з усіх станцый, якія пры Савецкім Саюзе пабудаваныя. Гэта станцыя, у якую шмат грошай укладзена, каб павялічыць яе бясьпеку, яе зачыняюць. Наша станцыя самая маладая са станцый, падобных Чарнобыльскай”.

Другі беларус зь Вісагінаса Сяргей Шабадалаў таксама лічыць, што прычына закрыцьця Ігналінскай АЭС недастаткова абгрунтаваная і што ўлады Літвы ня здолелі пераканаць у гэтым Эўразьвяз і абараніць тым самым свае інтарэсы, бо краіна панясе эканамічныя страты.

(Шабадалаў: ) “У станцыю шмат укладзена грошай для таго, каб станцыя стала як мага больш бясьпечнай. Знаходзяцца на станцыі назіральнікі – швэды, немцы, датчане, розныя каміісіі прыяжджалі, МАГАТЭ выдала ліцэнзію”.

Тым ня менш, пытаньне пра закрыцьцё Ігналінскай станцыі канчаткова вырашанае, урад Літвы ўжо прыняў адпаведную пастанову: у 2005 годзе плянуецца зачыніць першы блёк, а праз чатыры гады – другі. Такім чынам, праз два гады амаль палова работнікаў станцыі застанецца бяз працы.

(Давідзюк: ) “Эўразьвяз дыктуе, што трэба закрыць нашу станцыю, а замест гэтага нам нічога не прапануюць, нічога. Наш горад на грані правалу, людзі разьбягаюцца ў розныя куткі ня толькі Літвы, але і за мяжу – у Англію, Расею, Беларусь. Трэба рабіць кардынальныя перамены ў горадзе. Я выказаў, якія трэба рабіць, мяне не падтрымалі.

Ніякіх новых прадпрыемстваў у горадзе не адкрываецца. Яны кідаюць кліч – “Ратуйцеся, хто як можа!” – і ўсё. Толькі прынялі пастанову аб тым, каб даць тым людзям, якіх звольняць са станцыі, падтрымку матэрыяльную, каб зьехалі адсюль, толькі на тое, каб ад’ехаць. Калі ўрад краіны і сойм прынялі такую пастанову, што трэба зачыніць станцыю, то яны павінны зрабіць для гэтага гораду эквівалент стратам. Горад кінуты ўладамі і соймам”.

Сяргей Шабадалаў таксама належыць да тых жыхароў Вісагінаса, хто неабыякавы да будучыні гораду і спрабуе за яе змагацца.

(Шабадалаў: ) “Тут шмат можна ўсялякіх прапановаў даваць. Прапановы гэтыя выносяцца і на ўрад, і на прэзыдэнта, і на грамадзкія арганізацыі, але гэтыя ўсе прапановы застаюцца не пачутымі. Напрыклад, пабудаваць у горадзе новае прадпрыемства, пабудаваць новы блёк, які будзе адпавядаць усім патрабаваньням Эўразьвязу. Урад гэту праблему спарадзіў, я так думаю, урад павінен гэту праблему і вырашаць. А то выходзіць – вось мы вырашылі, а вы зараз як хочаце, так і плывіце”.

Сп. Сяргей ёсьць старшынём грамадзкай рады пры Беларускім культурным цэнтры “Крок”. Яго клапоціць найперш лёс тых беларусаў, хто працуе на станцыі.

(Шабадалаў: ) “Закрываецца станцыя, няма ніякіх пэрспэктываў і народ хвалюецца, турбуецца – што рабіць далей. Большасьць актыўных удзельнікаў Цэнтру там працуюць, а тыя, хто не працуе там, працуюць у інфраструктуры, зьвязанай з атамнай станцыяй. Народ будзе разьяжджацца з гэтага гораду. Будзем працаваць для тых, хто застанецца. Але тых актыўных удзельнікаў, якія зараз працуюць, іх можа стаць менш.

Калі народ будзе пераяжджаць у Беларусь, то пытаньняў будзе ўзьнікаць вельмі шмат, якія, напэўна, прыдзецца нейкую частку зь іх вырашаць і суполцы”.

Якія гэта могуць быць пытаньні?

(Шабадалаў: ) “Напрыклад, пераезд, атрыманьне грамадзянства, атрыманьне візы на жыхарства, кансультацыі. Гэта і зараз робіць “Крок”, але не ў такіх маштабах, як гэта можа быць пры масавым ад’езьдзе”.

Ці спрабавала кіраўніцтва Цэнтру “Крок” кантактаваць з уладамі Беларусі, куды, магчыма, пажадае пераехаць бальшыня беларусаў, каб неяк аблегчыць для людзей гэты працэс.

(Шабадалаў: ) “Мы спрабавалі вырашыць, спрабавалі нават атрымаць ільготы для тых, хто пераяжджае ў Беларусь. Была такая папера аб тым, каб выдзялялі зямельныя ўчасткі для забудовы тым, хто выяжджае зь Вісагінаса. Але пакуль гэта ня масава, так гэта і скончылася. Але гэта думка ў нас ёсьць”.

Сапраўды, пакуль няма яшчэ столькі жадаючых, каб перасяленьне беларусаў зь Вісагінаса на Бацькаўшчыну выглядала масавым. Алег Давідзюк кажа, што людзі не сьпяшаюцца з гэтым.

(Давідзюк: ) “Такога, каб рваліся, няма, там таксама праблемы з працаю. Невялікая частка людзей ад’яжджаюць патроху, хто да бацькоў, хто як”.

З трох тысячаў вісагінаўскіх беларусаў толькі 156 ёсьць грамадзянамі Беларусі, астатнія – гэта ўжо грамадзяне Літвы. Шмат каго зь іх прывабіла б пэрспэктыва застацца ў гэтай на сёньня больш заможнай і дэмакратычнай краіне, у параўнаньні зь Беларусьсю. Але і тут ёсьць праблемы. Паслухаем Сяргея Шабадалава.

(Шабадалаў: ) “Вісагінас – гэта такі ўнікальны горад, у ім большая колькасьць расейскамоўных жыхароў. Для Вільні, для Каўнаса, для Клайпеды, для тых беларусаў, якія там жывуць, у іх няма гэтай праблемы з літоўскай моваю. У Вісагінасе гэта праблема вельмі вострая. Практыкі мала, мы тут, як на востраве. Некалькі слоў мы можам сказаць, але гэта ня тое веданьне мовы, зь якім можна выйграць конкурс на ўладкаваньне на працу”.

У беларускай суполкі Вісагінаса ёсьць і свой асаблівы клопат, які апошнім часам усё больш займае ейнага старшыню Міколу Давідзюка.

(Давідзюк: ) “У нас ёсьць боль. Беларускія клясы на мяжы зачыненьня. 18 чалавек у 9 клясе, і кажуць, што гэтага мала. Нашы клясы з 1994 году працуюць, і вось – на грані ліквідацыі. А астатняе ўсё – дробязі”.

Гэтыя клясы існуюць пры літоўскай сярэдняй школе, зь імі працуюць дзьве беларускія настаўніцы. Мы пацікавіліся сытуацыяй вакол гэтых клясаў ў адной з настаўніц, сп. Тацяны Латышонак.

(Латышонак: ) “У нас беларускія клясы – 3-ці, 5-ы, 7-ы, 9-ы. Але, яны былі беларускімі клясамі раней, усё выкладалася на беларускай мове. Потым нам не далі фінансаваньня, бо ў нас ня вельмі шмат дзяцей. І зараз мы вывучаем толькі беларускую мову як прадмет. Дзяцей – каля 40 вучняў. Цяпер, у такім незразумелым становішчы, бацькі пераводзяць дзяцей у расейскамоўныя клясы. Становішча такое, што бацькам надаядае ўсё гэта. Нашы клясы лічацца як нерэнтабэльныя, павінна быць па 25 чалавек, а ў нашых клясах 6, 15, 5, 18 чалавек”.

Старшыня грамадзкай рады пры Беларускім цэнтры Сяргей Шабадалаў лічыць, што за захаваньне адукацыі на роднай мове для беларускіх дзяцей трэба змагацца, і іхныя бацькі шмат робяць дзеля гэтага.

(Шабадалаў: ) “Думаем, што на наступны год некалькі клясаў мы захаваем таму, што мы ўжо зьвярталіся ва ўсе ўстановы – дэпартамэнт нацыянальных меншасьцяў, урад, міністэрства адукацыі. Нават пісалі ў Брусэль. Да нас прыяжджала камісія Эўразьвязу. Любы выгадны для нас момант, пра гэта гаворым. Ужо з мэрыяй дамовіліся, што на наступны год некалькі клясаў мы усё ж захаваем. Як яно будзе? Працуем у гэтым напрамку кожны месяц. Мы, як усе, плацім падаткі. Ёсьць такі пункт у Канстытуцыі, што можна атрымліваць адукацыю на сваёй роднай мове”.

Магчыма, гэтыя клясы могуць захавацца, дзякуючы клопатам беларускай суполкі, але ўсё ж галоўнае пытаньне – ці будзе каму там вучыцца? На фоне агульнай сытуацыі ў гэтым горадзе атамнай энэргетыкі, які раней называлі горадам будучыні, пэрспэктыва зь беларускім жыцьцём там выглядае даволі няпэўнай, як і далейшы лёс цэлага Вісагінаса.

Не было аптымізму і ў настроі аднаго з кіраўнікоў Беларускага цэнтру “Крок” Сяргея Шапавалава, калі ён сказаў пры канцы нашай размовы.

(Шапавалаў: ) “Як у нас у горадзе кажуць – чамаданны настрой. Што будзе далей – ня ведае ніхто. Я так думаю, што ня ведае ні прэзыдэнт, ні ўрад, а тым больш ня мы самі. Чакаем”.

“Чакаем” - сказаў сп. Сяргей, і гэта значыць, што жыхары Вісагінаса яшчэ вераць, што нешта можа зьмяніцца да лепшага і Вісагінас знойдзе сваё месца ў абноўленай Эўропе.