Ці варта ехаць на заробкі ў Партугалію?

Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Іна і Ўладзімер Гардзіеўскія (Лісабон).

Партугалію толькі апошнім часам стала магчымым залічыць да шэрагу краінаў, дзе існуе беларуская дыяспара. Беларускія эмігранты не імкнуліся ў гэтую краіну на самым краі Эўропы, якая доўгі час мела свае палітычныя і эканамічныя праблемы. Пасьля ўсеагульных выбараў у канцы 1995 – пачатку 1996 году, калі ў Партугаліі сфармавалася стабільная дэмакратычная ўлада, у краіну пачалі паступаць інвэстыцыі, якія спрыялі ажыўленьню эканомікі. Высокі попыт на працоўную сілу прывабіў шматлікіх эмігрантаў з Усходу. Сярод іх былі і беларусы.

Сёньня ў нас сустрэча зь беларускай сям’ёю Ўладзімера і Іны Гардзіеўскіх. Яны жывуць у сталіцы краіны – Лісабоне. Ці задаволеныя яны сваім лёсам?

Уладзімер адказаў на нашае пытаньне станоўча, бо ён там мае працу на будаўніцтве, нядрэнна зарабляе і бачыць нейкія пэрспэктывы ў сваім жыцьці, чаго не хапала яму – выпускніку Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума – на Радзіме.

(Гардзіеўскі: ) “Прыйшоў з войска, рабіць не было чаго, і менавіта з гэтай прычыны паехаў у Францыю, атрымалася мне паехаць у Францыю, папрацаваць у адной вёсцы, гадавалі там кароў. Працаваць даводзілася шмат.

Потым я пазнаёміўся з адным чалавекам, ён працаваў у Партугаліі. Ён дапамог мне знайсьці працу, жытло, і вось ужо два гады тут жывем”.

Напачатку яны прыехалі у Партугалію па турыстычнай візе бяз права на працу. Але пазьней ім удалося атрымаць дазвол на працу, дзякуючы працэсу легалізацыі, які арганізавалі партугальскія ўлады, каб вырашыць пытаньне зь нелегаламі ў краіне.

(Гардзіеўскі: ) “Быў два гады таму распачаты працэс, калі ўсе нелегальныя эмігранты, якія мелі працу, але гэта праца павінна была быць легальная праца, на працягу двух гадоў маглі зьвярнуцца ў спэцыяльную ўстанову і атрымаць працоўную візу, якая давала магчымасьць працаваць і знаходзіцца ў Партугаліі на легальных падставах.

Мне гэта ўдалося зрабіць зь невялікімі цяжкасьцямі. Маю цяпер права знаходзіцца ў Партугаліі і маю права кожны год прасіць прадаўжэньня гэтай візы. Па заканчэньні 5 гадоў маю права атрымаць від на жыхарства”.

Уладзімер гаворыць, што не сумуе па Беларусі:

(Гардзіеўскі: ) “Ніколькі,шчыра кажучы, ніколькі, бо што я бачыў на Радзіме? Успаміны аб Радзіме ў мяне зьвязаныя толькі зь дзяцінствам. Усе мае сябры – п’яныя заўсёды. Маем сяброў сярод партугальцаў, добрых сяброў. Многія эмігранты кажуць пра партугальцаў, што вось яны не настолькі адкрытыя, ня наша славянская душа. Калі я пытаю, а славянская душа ў чым, то адказваюць, што вось каб яны шклянку гарэлкі, ды адным разам”.

Але, тым ня менш, Уладзімер і Іна не забываюцца, адкуль яны родам і заўсёды стараюцца высьветліць сваім партугальскім сябрам, што яны не расейцы, як часта ўспрымаюць беларусаў у замежжы, у тым ліку і ў Партугаліі. Часам Іна спрабуе скарыстаць такі аргумэнт, што гэта тое самае, як лічыць аднолькавымі партугальцаў і іх суседзяў – гішпанцаў.

(Гардзіеўская: ) “Яны кажуць – не, Гішпанія – гэта іншае, а наша Партугалія лепшая. Вельмі хваляць сваю краіну. Мы купілі мапу эўрапейскага кантынэнту і павесілі. Усе партугальцы, хто прыходзіць да нас, дзівяцца на яе. Я падпісала там ручкаю месца, дзе я жыла, бо яго на карце няма, напісала – Ляхавічы. Паказваю ім, дзе Беларусь, тая краіна, адкуль мы паходзім”.

Іна распавядае, што зь цяжкасьцю прывыкала да новага жыцьця і цяпер моцна сумуе па Беларусі:

(Гардзіеўская: ) “Я вельмі хацела дадому, і зараз я хачу, я люблю сваю краіну і вярнуся туды, што б ні сталася. Я не скажу, што мне тут вельмі кепска, мне тут добра, усё ў мяне тут ёсьць, чаго не было дома. Але вот сумую па краіне сваёй, па людзях, па сваёй бабулі, па зямлі. Пакуль я маладая, магу тут працаваць, колькі трэба будзе, але хачу памерці на сваёй зямлі.

Яны гавораць, што вы – беларусы, расейцы, украінцы – нейкія чэрствыя. Яны больш цёплыя, калі сустракаюць чалавека, яны любяць абдымацца, пацалаваць у шчаку. У нас гэта не прынята. Ці добра табе, ці кепска – у іх заўсёды такая дзяжурная ўсьмешка, не ад душы”.

Сп.Іна не захацела быць хатняй гаспадыняю, яна таксама знайшла працу, якая пакуль што яе задавальняе.

(Гардзіеўская: ) “Я працую тут у клініцы памочніцаю зубнога лекара. Падаю інструмэнты, мыю інструмэнты, асыстую доктару на прыёмах. Тры гады я правучылася ў Берасьцейскай мэдычнай вучэльні, паўтара году працавала ў хірургічным аддзяленьні працэдурнай мэдсястрой. Але каб тут працаваць мэдсястрой, як я працавала дома, патрабуе шмат часу. Трэба дасканала, вельмі добра ведаць мову і здаць экзамен у мэдыцыне. Гэта займае час, а мне хочацца вярнуцца дадому. Гэта зойме 3-5 гадоў”.

Вядома ж, запыталі мы ў Іны і пра партугальскую кухню:

(Гардзіеўская: ) “О, партугальская кухня, не люблю я партугальскую кухню. Адная страва, якую можна есьці – гэта смажаная рыба на вуглях. Я люблю вельмі дранікі, дранікі і боршч. Тут сяброўка мая – партугалка, прыходзіць часта ў госьці і кажа: “Іна, калі мы будзем боршч есьці?” Яна вельмі любіць боршч, яна ўжо і вымаўляе гэтае слова правільна”.

А як жывецца ў Партугаліі жанчынам параўнальна з тым, як жывуць жанчыны ў Беларусі?

(Гардзіеўская: ) “Беларускі, калі прыяжджаюць у Партугалію, яны дзіву даюцца. Жанчына, якая працуе, і калі не працуе, бо муж добра зарабляе, яна мае ўсё – у гардэробе добрае адзеньне, яна кожны дзень ходзіць у цырульню, робіць сабе прычоску, манікюр, купляе сабе дарагія парфумы”.

Калі мы запыталіся Іну пра ейнае ўражаньне ад партугальскіх мужчынаў, яна адказала, як шчырая беларуска:

(Гардзіеўская: ) “Мужчыны як мужчыны, нашы лепшыя”.

Сям’ю Гардзіеўскіх можна аднесьці да пасьпяховых эмігрантаў, якія здолелі на чужыне больш-менш прыстойна наладзіць сваё жыцьцё. Але такі лёс выпадае адзінкам, бальшыню іншых чакаюць там рабская праца і немагчымыя ўмовы жыцьця. Паслухаем сп. Іну.

(Гардзіеўская: ) “Большасьць эмігрантаў тут – украінцы і беларусы, расейцы. Гэта мужчыны, якія прыехалі зарабіць для сваёй сям’і. Яны наймаюць жытло вельмі дрэннае, жывуць па 15-20 чалавек у адным пакоі, без гарачай вады, без газу. Тут ёсьць такія магазіны, якія ў канцы дня выкідваюць прадукты са скончанымі тэрмінамі ўжываньня, якія ніхто не купіў, выкідваюць у сьметніцы. У канцы дня можна бачыць такую карціну, што украінцы, беларусы, расейцы лазяць у гэтых сьметніцах. Была адна такая сытуацыя, што маладыя партугальцы – нацысты, білі іх палкамі, і гэта паказвалі па тэлебачаньню. Было вельмі непрыемна за нашу нацыю”.

Сп. Іна падкрэсьліла, што ёй непрыемна было менавіта за нацыю, а не за тых асобных людзей, якія мусілі ехаць у сьвет на заробкі са сваёй краіны, каб пракарміць сем’і, і эканомяць дзеля іх кожную капейку на чужыне.

Чаму такая ж амаль 10-мільённая Партугалія, якая перажыла два дыктатарскія рэжымы – Салазара і ягонага пераемніка Каэтану – здолела забясьпечыць прыстойнае жыцьцё сваім грамадзянам, а Беларусь ня ў стане гэтага зрабіць?

Мы зьвярнуліся да нашых суразмоўцаў з просьбаю, што яны маглі б парадзіць сваім суайчыньнікам, якія шукаюць працу ў замежжы, ці варта сёньня ехаць у Партугалію?

(Гардзіеўская: ) “Менавіта зараз я б не параіла нікому. Цяжка з працаю, з кожным днём цяжэй. Мы выехалі ў 2000 годзе, нам было занадта лёгка. Ня хочуць прымаць на працу без дакумэнтаў. Зараз вельмі цяжка, у Партугалію лепш ня ехаць”.

Сп. Уладзімер таксама лічыць, што цяпер умовы ў гэтай краіне зьмяніліся ня ў лепшы бок для эмігрантаў.

(Гардзіеўскі: ) “Інвэстыцыі скончыліся, і ўсе цяпер гавораць пра эканамічны крызіс. Многія засталіся без працы, шмат хто ад’яжджае. Скончылася легалізацыя, і цяпер без дакумэнтаў цяжка знайсьці працу, ніхто ня хоча браць нелегалаў-эмігрантаў”.

Нават пасьпяховыя эмігранты Ўладзімер і Іна Гардзіеўскія таксама ня ўпэўненыя, што застануцца ў Партугаліі назаўсёды. Гэта маладая сям’я, якая яшчэ ня мае дзяцей. Калі мы запыталі ў сп. Іны, ці хацела б яна, каб іхныя дзеці расьлі на чужыне, яна адказала:

(Гардзіеўская: ) “Ні дзетак не хачу, нічога не хачу, хачу проста дадому. На сваёй Радзіме, у сваёй роднай мове – тады будуць і дзеткі, будуць і ўнукі і праўнукі, і ўсё”.