Жыцьцё пасьля сьмерці: памяці Натальлі Арсеньневай

Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Яніна Каханоўская, Надзея Дзямідовіч, Данута Бічэль-Загнетава, Лідзія Савік, Янка Запруднік.

Сёлета спаўняецца 5 гадоў, як ня стала Натальлі Арсеньневай. Яна пакінула гэты сьвет ліпеньскай раніцаю. Памерла паэтка далёка ад Бацькаўшчыны, у амэрыканскім горадзе Рочэстэры, дзе жыла зь сям’ёю сына Ўладзімера.

Пра той час успамінае яе найбліжэйшая сяброўка сп. Яніна Каханоўская зь Нью-Ёрку.

(Каханоўская: ) “Яе сын пазваніў мне 25 ліпеня 1997 году і сказаў: “Мама мая а 5-й гадзіне раніцы памерла. Перад гэтым 3 дні ляжала ў коме”.

Наша сёньняшняя перадача прысьвечаная сьветлай памяці Натальлі Арсеньневай. Пра яе ўспамінаюць тыя, на чыёй жыцьцёвай дарозе яна пакінула незабыўны сьлед.

Ізноў паслухаем Яніну Каханоўскую, якая згадвае пра пачаткі свайго сяброўства са сп. Натальляй.

(Каханоўская: ) “Пазнаёміліся ў Менску. Я была ў Самапомачы на працы, і яна прыйшла. Мне сказалі, што вось гэтая нашая паэтка Натальля Арсеньнева. Так і пазнаёміліся. Сябравалі мы вельмі моцна, вельмі. З таго часу амаль і не разлучаліся, у Амэрыку ехалі разам”.

У Амэрыку яны выехалі пасьля таго, як працавалі падчас вайны ў беларускіх арганізацыях у Менску, якія клапаціліся пра жыцьцёвыя патрэбы насельніцтва пад нямецкай акупацыяй. Усе тыя, хто працаваў у гэтых установах, пасьля вайны былі залічаныя да ворагаў народу. У іх была адна дарога – адысьці на Захад. Так Наталья Арсеньнева назаўсёды разьвіталася зь Беларусьсю.

Але яшчэ ў Менску яна дорага заплаціла за свой удзел у беларускім руху. Пад час выбуху ў менскім тэатры загінуў ейны сын Яраслаў Кушаль. У той горкі час яе найлепшая сяброўка была побач. Гаворыць Яніна Каханоўская.

(Каханоўская: ) “Разам хадзілі кветкі пакласьці на гэтую магілку, якія на другі дзень скралі. Гэта быў яе любімы сын. Ярак быў малады, гадоў 18, і падобны быў на Арсеньневу, меў цёмныя вочы, прыгожы, вельмі прыгожы хлопец быў”.

Аднагодка Яраслава, Надзея Дзямідовіч зь Менску, тады належала да шэрагаў Саюзу беларускай моладзі, як і ён. Яна ўспамінае, што Натальлю Арсеньневу вельмі любіла беларуская моладзь, а ейны верш “У гушчарах” на музыку Куліковіча стаў амаль што гімнам СБМаўцаў.

(Дзямідовіч: ) “Я добра памятаю Натальлю Арсеньневу. Яе асабіста бачыла адзін раз. Мяне са школы паслалі ў Чэхаславакію на экскурсію. Гэта было ў 1944 годзе. Калі мы назад вярнуліся ў Менск, нас сустрэла доктар Абрамава. Потым нас прымалі ў клюбе, і вось там я пабачыла Натальлю Арсеньневу. Яна гаварыла да нас усіх, да беларускай моладзі. Яна казала не наўпрост, але можна было зразумець сэнс, што нам трэба, каб было штосьці сваё, што сярод нас чужынцы і намі кіруюць чужынцы, а мы павінны маўчаць і падпарадкоўвацца, каб выжыць. Мы усе былі такія патрыёты, яна была для нас дарагая.

Я памятаю, як на канікулы я паехала дахаты пад Слонім. Там дзяўчаткі слонімскія навучыліся сьпяваць у Саюзе беларускай моладзі “Ў гушчарах”. І я зь імі вывучыла. Я і сёньня яе памятаю”. (Сьпявае)

На выгнаньні Натальля Арсеньнева працягвала пісаць, цікавілася ўсім , што адбывалася на Бацькаўшчыне. Беларусь жыла ў ейным сэрцы да апошніх дзён.

Таму і не віталася яе імя ў савецкай Беларусі. Колькі бруду, хлусьні, паклёпаў давялося ёй пачуць зь Менску, дзе яшчэ і сёньня выкідаюць з падручнікаў ейныя вершы. Яніна Каханоўская сьведчыць, што паэтка балюча ўспрымала ўсё гэта.

(Каханоўская: ) “Пэўна, што перажывала, казала – хоць бы праўда была ў гэтым. Нашы людзі нават пісалі Максіму Танку – спыніце гэта, бо гэта такая брудная лаянка, да чаго яна вядзе”.

Аднак сярод нацыянальна сьведамай беларускай інтэлігенцыі імя Натальлі Арсеньневай успрымалася зусім інакш. Нягледзячы на забароны і хлусьню, яе творы даходзілі да зацікаўленага чытача ў Беларусі.

Паслухаем паэтку Дануту Бічэль-Загнетаву:

(Бічэль-Загнетава: ) “Ва ўнівэрсытэце, ня ведаю, па праграме гэта было ці па-за праграмаю, памятаю, што нам расказвалі ў лекцыях пра Натальлю Арсеньневу. Гэта Аляксей Пяткевіч тады вёў гэты курс. Нам прачытаў ён некалькі вершаў. У сэрца мне запала гэтая паэтка.

Потым з Ларысай Антонаўнай Геніюш, як я паехала да яе, гэта было недзе ў 1960-х гадох. У Ларысы Антонаўны я ўжо пазнаёмілася з кніжкаю Арсеньневай “Пад сінім небам”. Натальлю Арсеньневу яна вельмі высока ацэньвала, гаварыла пра яе толькі добрае”.

Сп. Данута тады яшчэ ня ведала, што будзе некалі нават ліставацца з самой Арсеньневай.

(Бічэль-Загнетава: ) “У канцы 1980-х мы сталі кантактаваць зь беластаччанамі, і я ў некага зь іх папрасіла ейны адрас. Я сама ёй напісала і яна мне адказала. Гэта было недзе каля 10 лістоў.

Я зьдзівілася, што ў ейнымі жыцьці гэта былі ўжо старэйшыя гады, яна ўжо была слабая, столькі ў яе было гора – у яе ўнучка трапіла ў аварыю, у сына жонка памерла, тым ня менш – гэта былі лісты спакою, дабрыні, міласэрнасьці. Тое, што дае хрысьціянства, мне давала Натальля Арсеньнева. Можна атрымаць зь Беларусі ліст, поўны згрызот, нейкага смутку, адчаю, а гэта былі лісты пагодныя, пра ўсё добрае, прыгожае яна ўмела так хораша сказаць.

Гэта вось нейкае адчуваньне шчасьця ад таго, што ты жывеш, што цябе ў Беларусі памятаюць, што ёсьць у нас адна Радзіма – Беларусь, што мы паэткі, што нейкая маладзейшая паэтка ёй піша – вось з такім настроем яна мне пісала.

Ведаеце, нейкія зьвесткі, факты мы можам самі атрымаць, а вось такое – настрой, пачуцьцё, яно вельмі важнае ў адносінах паміж людзьмі”.

Немагчыма было не запытацца ў паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай і пра тое, як уплывала напісанае Натальляй Арсеньневай на яе асабістую творчасьць.

(Бічэль-Загнетава: ) “Усё ж мяне – жанчыну больш жывіць паэзія жаноцкая. Наталья Арсеньнева як паэтка эмацыйная, глябальная, я б сказала, агульначалавечая. І разам з тым вельмі зямная, у яе пэйзаж нейкі такі жывы, дэталі. Вобразы, яна мастачка колеру барвовага. Гэта было для мяне заўсёды цікава, гэта мяне жывіла.

Яна становіцца ў гэты рад клясыкаў, я лічу – Купала. Багдановіч, Алаіза Пашкевіч-Цётка, Ларыса Геніюш, Жылка...”

А зараз пагаворым з жанчынаю, якая па свойму ўшанавала памяць Натальлі Арсеньневай. Гэта літаратуразнавец Лідзія Савік зь Менску. Яна падрыхтавала да друку зборнік твораў паэткі. Кніга сёлета выйшла ў “Беларускім кнігазборы”.

Вядома, што зборнік Натальлі Арсеньневай “Між берагамі” выйшаў у Нью-Ёрку ў 1979 годзе, яго падрыхтавала сама паэтка. Мы запыталі ў сп. Лідзіі Савік, чым ад яго розьніцца новае выданьне.

(Савік: ) “У “Між берагамі” там уведзеныя пераважна толькі яе паэтычныя творы і некалькі перакладаў. У параўнаньні зь “Між берагамі” сюды ўключаныя некаторыя паэмы, з драматургіі “Ўсяслаў Чарадзей”, пераклад паэмы “Песьня пра зубра” Гусоўскага, аўтабіяграфічныя нарысы, успаміны паэткі, лісты, інтэрвю.

Асноўная частка ўвайшла з таго, што мне ўдалося сабраць, падрыхтаваць. Адзінае, чаго я вельмі шкадую, што ня ўключанае “Лясное возера”, выдатны твор Натальлі Арсеньневай, заснаваны на беларускім фальклёры, выдаўцы не знайшлі патрэбным яго зьмясьціць. Таксама і некаторыя вершы”.

На жаль, сярод адкінутых выдаўцамі вершаў апынуўся і знакаміты верш “Акцыя” пра зьнішчэньне габрэяў у акупаванай Беларусі, які сьведчыць пра нэгатыўнае стаўленьне паэткі да акупантаў, у супрацоўніцтве зь якімі яе абвінавачвалі ў савецкі час.

Варта адзначыць, што творы Арсеньневай пададзеныя ў зборніку сучасным афіцыйным беларускім правапісам, які сама аўтарка звычайна не ўжывала. Але гэтае пытаньне вырашалася не ўкладальніцаю.

(Савік: ) “Усе яе творы, якія я сабрала і падрыхтавала да выданьня, я перадала ў выдавецтва у той мове, як пісала Натальля Арсеньнева. У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” мне сказалі, што кніга рыхтуецца для беларускага чытача на Бацькаўшчыне, паколькі існуе афіцыйная беларуская мова – “наркамаўка”, то яны выдаюць усё толькі на гэтай мове. Я не згаджалася з гэтым. Я, калі гартаю зборнік, маю адчуваньне, што гэта трохі ня тая Натальля Арсеньнева”.

Няма ў кнізе і прадмовы ўкладальніцы, яе замянілі тэкстам іншага аўтара. Але сп. Лідзія Савік тым ня менш задаволеная, што зборнік выйшаў.

(Савік: ) “Застаецца толькі пажадаць, калі ў дыяспары будуць сілы, будзе жаданьне і магчымасьці выдаць поўны збор твораў Натальлі Арсеньневай, уключыць літаральна ўсё, што было напісана ёю, сабраць усё – гэта будзе выдатная зьява ў беларускай літаратуры у культурным жыцьці. А пакуль што будзем радавацца таму, што гэта кніжка атрымалася. Дзякаваць Богу, што том выйшаў, гэта паважаная сэрыя “Беларускі кнігазбор”.

Як напісаў Анатоль Сідарэвіч у газэце “Наша Ніва”, праз гэты зборнік твораў Натальля Арсеньнева “вярнулася ў Беларусь”. Пры жыцьці яе трывожыла гэтая думка – ці будуць памятаць яе творчасьць на Бацькаўшчыне.

Прыпамінае Янка Запруднік зь Нью-Ёрку:

(Запруднік: ) “Перад сьмерцю Арсеньнева ня тое што мучылася, але ёй не давала спакою гэтае пытаньне. Аднойчы я ёй пазваніў, а яна кажа: “Янка, ці будуць мяне памятаць пасьля сьмерці?”

Кожны, хто ведаў яе, ейную спадчыну, ейнае жыцьцё, ейны беларускі патрыятызм, літаратурны талент інакш ня мог адказаць, як толькі што: “Будуць памятаць”.

Я думаю, што на тым сьвеце яна павінна быць шчасьлівая, што яе сапраўды памятаюць, што ейныя словы “Магутны Божа” гучаць кожнае нядзелі па беларускіх цэрквах у замежжы, таксама і на Бацькаўшчыне. Памяць ейная неўміручая”.

Пэўна, што і яе душа на нябёсах працягвае прасіць ва Ўсемагутнага Бога лепшай долі для дарагой ейнаму сэрцу Беларусі.