Беларускія помнікі за мяжою

Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Хведар Нюнька (Вільня), Анатоль Арцімовіч (Менск), Алена Глагоўская (Гданьск)

На мінулым тыдні, 18 красавіка, адзначаўся Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцінаў. Якія беларускія помнікі й мэмарыяльныя знакі існуюць у замежжы?

Варта пачаць з суседняй Літвы, найперш зь Вільні, дзе гісторыя стварыла для беларускай мэмарыялізацыі бадай самае шырокае поле дзейнасьці. Высілкамі сяброў Таварыства беларускай культуры на пачатку 1990-х у Вільні ўстанавілі шэраг беларускіх мэмарыяльных шыльдаў. Паслухаем старшыню Таварыства Хведара Нюньку:

(Нюнька: ) “Першай была дошка, прысьвечаная Францішку Скарыну – недзе 1991 год, потым – Рыгору Шырму, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу, Янку Купалу ў 1994 годзе, Вацлаву Ластоўскаму і Пётру Сергіевічу – усяго сем дошак”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Хведар, мэмарыяльнымі шыльдамі ў Вільні пазначаныя месцы, зьвязаныя з жыцьцём вядомых беларускіх дзеячоў. Многія зь іх пахаваныя ў Вільні на могілках Роса. Як там яны ўшанаваныя?”

(Нюнька: ) “У нас двое могілак, адны – Роса і другія – Ліпаўка, дзе ёсьць царква сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Мы там і там ставілі помнікі. На могілках Роса быў пастаўлены помнік Францішку Аляхновічу, мы зрабілі перазахаваньне ягоных парэшткаў.

Акрамя таго, адбылося перазахаваньне парэштак Івана Луцкевіча з Закапанэ, дзе ён памёр. Праз год ці паўтара мы паставілі помнік Івану і Антону Луцкевічам. Ня так даўно побач з помнікам Казіміру Сваяку пастаўлены таксама помнік ягонаму брату Альбіну Стэповічу.

Мы адзначылі памяць беларускіх дзеячоў і на могілках Ліпаўка. Там паставілі помнік Паўлу Карузу – гэта дырыгент, этнограф.

Зоя Каўшанка і Аляксандар Коўш. Аляксандар Коўш – сьвятар, які быў расстраляны немцамі”.

У Літве беларусы маюць яшчэ адзін адметны помнік, які зьявіўся некалькі гадоў таму ў Салечніках. Там ушанаваная гераічная постаць Кастуся Каліноўскага. Помнік пастаўлены дзякуючы мясцовай беларускай суполцы і яе першаму старшыні, пра якога цяпер кажуць, што ён сам заслугоўвае помніка за гэтую справу. Ізноў гаворыць Хведар Нюнька:

(Нюнька: ) “Я ведаю, што ініцыятыва належыць Пятру Малафею, там ён паклаў нямала сілаў і стараньня дзеля гэтага. Выкананы помнік на высокім мастацкім узроўні”.

Асабліва многа зроблена ў замежжы дзеля ўшанаваньня месцаў, зьвязаных з побытам у розных краінах беларускага асьветніка Францішка Скарыны. Устаноўленыя мэмарыяльныя шыльды ў Падуі і Кракаве. З восені 1996 году бронзавая постаць Скарыны стаіць і ў старажытнай Празе. У той жа час была адкрытая і мэмарыяльная шыльда ў памяць Скарыны ў двары Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі.

А цяпер беларусы Калінінграду прыкладаюць намаганьні, каб і там ушанаваць Францішка Скарыну. У 1530 годзе Скарына езьдзіў у Кёнігсбэрг па справах кнігадрукаваньня на запрашэньне герцага Альбрэхта. Беларуская суполка ў Калінінградзе “Каралевец” і яе старшыня Ігар Шаховіч на пачатку 1990-х пачалі займацца справай помніка Скарыну. Мы запрасілі да размовы аўтара помніка – скульптара зь Менску Анатоля Арцімовіча.


(Арцімовіч: ) “Разам зь Ігарам Шаховічам усё гэта і рабілі. Я выяжджаў туды – глядзелі, дзе паставіць, шукалі пляцоўку, размаўлялі з уладамі. Зроблена вялікая праца”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта сапраўды так, бо на сёньня ўжо помнік цалкам зроблены і адліты ў бронзе ў прыватнай ліцейнай майстэрні “Юнона” ў Смалявічах на сродкі яе ўладальніка Алега Багдановіча. На жаль, летась спадар Багдановіч загінуў, і правы ўласьніка на помнік перайшлі да ягонай удавы, якой патрэбна кампэнсаваць затраты. Спадар Анатоль, колькі гэта прыкладна каштуе?”

(Арцімовіч: ) “Гэта, мусіць, каля 10 тысяч даляраў будзе. А што тычыцца творчай часткі, то гэта ўжо ўсё зроблена. Спадзяемся, што калі помнік ужо рэальна існуе, то мы ўсё ж паставім яго ў Калінінградзе. Я пісаў ліст на імя мэра гораду, ён абяцаў зрабіць за кошт мэрыі ўпарадкаваньне пляцоўкі. Але нам патрэбная дапамога па аплаце за ліцьцё ў бронзе”.

(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што справа цяпер за грашыма, якія не пад сілу здабыць толькі адным беларусам Калінінграду”.

(Арцімовіч: ) “Я ўжо думаў, што трэба зьвярнуцца да мэра Менску з прапановай – можа, Менск падаруе помнік Калінінграду”.

А тым часам у самім Менску помнік Скарыну яшчэ не пастаўлены. Няма ў Менску і мэмарыяльнага знака ў памяць кампазытара Міколы Равенскага, аўтара гімну “Магутны Божа”, але помнік яму ёсьць у бэльгійскім горадзе Лювэне каля Брусэлю, які вырабіў і ўсталяваў сваімі сіламі Міхась Навумовіч, беларускі мастак з Парыжу.

У ЗША пастаўленыя адметныя помнікі многім беларускім дзеячам на месцах іх пахаваньня ў Нью Брансўіку, Саўт Рывэры, Кліўлэндзе. У Канадзе тамтэйшыя беларусы ўвекавечылі імя Беларусі ў Мідлэндзе. Гэтая мясьціна ў 100 кілямэтрах ад Таронта зьяўляецца месцам паломніцтва каталіцкіх вернікаў, якія ўшаноўваюць імёны загінулых там хрысьціянскіх місіянэраў. Побач з памятнымі крыжамі ад іншых народаў там ёсьць і Беларускі Крыж.

У Паўднёвай Амэрыцы ўшанаваны помнікам беларус, удзельнік паўстаньня 1831 году Ігнат Дамейка, які стаў нацыянальным героем Чылі.

Многія беларускія імёны не адзначаныя мэмарыяльнымі знакамі – скажам, Ларысы Геніюш і Тамаша Грыба ў Празе. Гэта справа будучыні. Аднак зусім ня церпіць пытаньне пра Грунвальдзкую бітву – вызначальную гістарычную падзею ў лёсе Беларусі. На тым месцы, дзе яна адбывалася і якое знаходзіцца цяпер у межах суседняй Польшчы, няма напамінку пра беларускіх ваяроў, хоць добра вядома, што менавіта продкі беларусаў складалі большасьць войска Вітаўта.
Паслухаем гісторыка з Польшчы Алену Глагоўскую:


(Глагоўская: ) “Нічога беларускага сёньня на Грунвальдзе няма. Там пазначаныя на цэнтральным месцы, на горцы, харугвы, якія бралі ўдзел у бітве. Паказана, дзе знаходзіліся лягеры – крыжацкія, Ягайлы, Вітаўта. Але гэта ўсё ж паказана так, быццам бы там палякі толькі змагаліся.

Штогоду 15 ліпеня сьвяткуюцца ўгодкі Грунвальдзкай бітвы, і туды запрашаюць дэлегацыю зь Літвы. Гэта робіцца на дзяржаўным узроўні – прэзыдэнты, прадстаўнікі ўлады, а беларускі бок ня ўлічваецца наогул. Вісіць у музэі вялікі магутны штандар з “Пагоняй”, але гэта ўспрымаецца як герб Вялікага Княства Літоўскага – сучаснай Літвы, а не беларускай дзяржавы тых часоў”.

Алена Глагоўская лічыць, што неабходна, каб улады ці грамадзкія арганізацыі зь Беларусі імкнуліся аднавіць справядлівасьць у гэтым пытаньні:

(Глагоўская: ) “Добра было б зьвярнуцца да афіцыйных уладаў Польшчы, нават да самога прэзыдэнта. Гэтая ненармальная сытуацыя вынікае з таго, што палякі ўспрымаюць Вялікае Княства Літоўскае як літоўскую дзяржаву. Так, дарэчы, нас вучылі ў школе, і няма чаму дзівіцца. Тут патрэбная актыўнасьць беларускага боку”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Алена, Вы – старшыня беларускай суполкі “Хатка” ў Гданьску, ці займаецца суполка справай ушанаваньня імёнаў вядомых беларусаў, ці ёсьць беларускія помнікі ў вашых мясьцінах?”

(Глагоўская: ) “Мы тут маем помнік Дзекуць-Малею на могілках у цэнтры Гданьску, там заўсёды сьвяткуем 25 Сакавіка, ускладаем кветкі. Гэта быў вядомы беларускі дзеяч яшчэ часоў БНР.

У Інаўроцлаве – помнік Язэпу Найдзюку, гэта недалёка ад Гданьску, бліжэй да Торуні. У Торуні памёр Мар’ян Пецюкевіч. Стараньнямі сёньняшніх дзеячоў у Інаўроцлаве, магчыма, будзе хутка табліца на доме, дзе жыў Найдзюк, або на друкарні, якой ён кіраваў. Магчыма, гэта будзе дзьвюхмоўная табліца”.

Алена паведаміла, што нядаўна праблема мэмарыялізацыі беларускіх памятных мясьцінаў была абмеркаваная на ініцыятыву старшыні Беларускага саюзу ў Польшчы:

(Глагоўская: ) “Гэтая справа была пастаўленая на зьезьдзе Беларускага гістарычнага таварыства Генікам Вапам, які ўзьняў пытаньне пра ўшанаваньне месцаў, дзе нарадзіліся, жылі ці памерлі беларускія дзеячы.

…Аказваецца, што ўжо недзе 30 гадоў у Гданьску існуе вуліца Янкі Купалы. Знаходзіцца ў даволі прыгожым месцы, якое напамінае крыху Вязынку, там і рэчка, і стаў, вербы растуць прыгожыя”.