Беларуская мастацкая выстава ў Чыкага: распавядае літаратар і крытык Ванкарэм Нікіфаровіч.

Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“The Land beneath the White Wings” (Зямля пад белымі крыламі) – так называлася выстава мастакоў-ураджэнцаў Беларусі, якая працавала ў Чыкага на працягу месяца да сярэдзіны студзеня.

Усе гэтыя мастакі ў розныя часы пакінулі краіну свайго нараджэньня, асталяваліся ў Чыкага ці іншых мясьцінах штату Ілінойс, але беларуская тэматыка па-ранейшаму дамінуе ў іхнай творчасьці.

Выстава сталася адметнаю падзеяй ня толькі для беларусаў, але і ў культурным жыцьці гораду. Мы папрасілі распавесьці пра яе літаратара і крытыка Ванкарэма Нікіфаровіча, які 10 гадоў таму эміграваў у ЗША, жыве ў Чыкага і зьяўляецца адным з арганізатараў выставы. Сваю новую радзіму на беларускі лад ён называе Ілінойшчынаю.

Як узьнікла ідэя выставы? З гэтага і пачалася нашая размова са сп. Нікіфаровічам.

(Нікіфаровіч: ) “Я неяк сустрэўся з Крысьціянам Наркевічам-Лейнам, мы зь ім сустракаемся часта. Гэта вельмі цікавы чалавек, у Чыкага ён дырэктар музэю, такі ўнікальны ў Амэрыцы музэй, называецца “Chiсago Athenaeum”, гэта музэй архітэктуры і дызайну”.

Спадар Наркевіч-Лейн мае свае радаводныя карані ў Беларусі.

(Нікіфаровіч: ) “Крысьціян Наркевіч-Лейн недзе 10-15 гадоў таму толькі даведаўся, што ён паходзіць са старадаўняга беларускага роду Наркевічаў-Ёдкаў, што ён зьяўляецца ўнучатым пляменьнікам славутага беларускага навукоўца Якуба Ёдкі, у якога непадалёк ад Узды быў маёнтак на Наднямоньні. Там быў ня толькі маёнтак, але й навуковая лябараторыя, і вялася навуковая праца.

Ён вырашыў прысьвяціць сваю дзейнасьць усталяваньню сувязяў з Беларусьсю, вывучэньню свайго радаводу. І адной зь яго першых дабрачынных акцый была выстава малюнкаў дзяцей Чарнобылю. Ён прыяжджаў у Беларусь, яму дапамаглі сабраць малюнкі дзяцей Гомельшчыны, Магілеўшчыны. Гэтая выстава была адкрытая ў Чыкага, потым яна паказвалася ў многіх гарадох Амэрыкі і ў многіх краінах сьвету. Мяркуючы па водгуках прэсы, яна многа расказала людзям пра Чарнобыль, можа больш за афіцыйныя дакументы, яна выклікала вялікую цікавасьць. Першая такая выстава адбылася ў 1995 годзе, а потым праз два гады ён абнавіў, былі дасланыя новыя малюнкі дзяцей, і зноў выстава працавала”.

Далей сп. Ванкарэм паведаміў, што Крысьціян Наркевіч-Лейн у тыя ж гады арганізаваў фонд, ён і ягоная маці, якая, на жаль, нядаўна памерла. Якраз па матчынай лініі ён паходзіць зь Беларусі, па бацькоўскай лініі – зь Фінляндыі. Ён арганізаваў гэтую дабрачынную фундацыю, якая была скіраваная на дапамогу беларускім дзецям. Гэтая фундацыя сабрала шмат грошай, мэдыкамэнтаў. Яны закупілі яшчэ лекі, абсталяваньне і гэта было накіраванае ў Беларусь. На жаль, лёс гэтага вялікага транспарту, склаўся ня так, як хацелася. Да гэтага часу ўсё гэта ляжыць у сутарэньнях Музэя экалёгіі і культуры Беларусі і так не дайшло да свайго адрасата.

Пэўна, гэты выпадак ня вельмі натхняе сп. Крысьціяна на далейшую дзейнасьць дзеля Беларусі?

(Нікіфаровіч: ) “Тым ня менш ён распачаў дзейнасьць і хацеў бы пачаць рэстаўрацыю маёнтка і навуковай лябараторыі. Гэта быў бы цікавы навуковы і турыстычны аб’ект ў Беларусі, тым больш, што гэта недалёка ад Менску. Ён ужо вёў перамовы і зь мясцовымі ўладамі ў Нясьвіжы, ва Ўзьдзе. Як гэта далей будзе рухацца, я не ведаю, але ён вельмі занепакоены лёсам той дапамогі, якую ён паслаў, і ад вынікаў, відаць, будзе залежаць. Чалавек хоча зрабіць нешта добрае, але вось так атрымліваецца”.

Я забыў сказаць, што Крысьціян Наркевіч-Лейн да таго яшчэ і паэт, у яго некалькі кніжак, цікавыя вершы па-ангельску, у апошнім ягоным зборніку ёсьць некалькі вершаў, навеяных матывамі яго паездак у Беларусь. Я гэтыя вершы пераклаў на беларускую мову”.

Працягнем нашу размову пра выставу.

(Нікіфаровіч: ) “Вось мы неяк зь ім гаварылі, і я сказаў яму пра мастакоў, якія паходзяць зь Беларусі і жывуць тут у Чыкага і на Ілінойшчыне. Я амаль пра кожнага за гэтыя гады ўжо напісаў артыкулы. Я прынёс яму, што напісаў, а таксама рэпрадукцыі і сказаў, што адна з выставаў у вялікай залі ягонага музэю магла б быць прысьвечаная творам гэтых мастакоў. Гэта яму спадабалася, ён захапіўся гэтай ідэяй і мы яе ажыцьцявілі”.

Колькі ўсяго мастакоў узялі ўдзел у выставе?

(Нікіфаровіч: ) “На выставе былі творы 9 мастакоў. У цэнтры экспазіцыі былі працы беларускага мастака, Хайма Ліўшыца, якога памятаюць многія ў Беларусі; на жаль, яго ўжо няма. Вельмі цікавы мастак, ён нарадзіўся ў Віцебску на той самай Малой Пакроўскай вуліцы. Гэта зусім блізка ад дому, дзе жыў і працаваў Марк Шагал. Першым настаўнікам маляваньня ў Ліўшыца быў Егуда Пэн, у якога вучыўся і сам Шагал”.

Хайм Ліўшыц – майстра тэматычнай карціны. У яго арганічна зьвязаныя беларускі пэйзаж і людзі. На гэтай выставе якраз карысталіся посьпехам яго “Фэст у Пільніцы”, адна карціна называлася “Пасьля працы” – дзяўчаты пасьля працы адпачываюць на фоне беларускага краявіду. Цікавасьць выклікала яго вядомае палатно “Стары Віцебск”.

А хто яшчэ са старэйшых мастакоў быў там прадстаўлены?

(Нікіфаровіч: ) “Выхаванцам той жа віцебскай мастакоўскай школы зьяўляецца і адзін са старэйшых мастакоў Юзаф Пучынскі, які жыве тут, яго таксама ведаюць у Беларусі. Ён працуе ў жанры пэйзажу, нацюрморту, партрэту. Цікавыя яго “Восень на рацэ Вяча”, “Зімовы вечар”, “Першы сьнег”, “Сакавік”.

У тэхніцы акварэлі вельмі актыўна працуе тут мастак Радунскі, гэта ўжо чалавек, які вучыўся ў Менску. Усе ягоныя акварэлі, якія былі на выставе, гэта беларускія пэйзажы –“Возера Нарач”, “Зіма ў вёсцы”, “Стагі”, “Восеньскі матыў”.

Пэўна, што й маладзейшае пакаленьне выстаўляла свае творы?

(Нікіфаровіч: ) “Цікавы мастак больш маладога пакаленьня Леанід Асеньні, ён вядомы і як дызайнер, архітэктар. Ён працуе ў розных жанрах – у графіцы, жывапісу. На гэтай выставе ён паказваў пераважна свае гарадзкія пэйзажы, менскія – “Рака Сьвіслач”, “Вуліца гандлёвая”, “Бэрнардынскі кляштар”. Мы вырашылі паказаць і некалькі ягоных пэйзажаў, створаных тут, у Чыкага. Атрымаўся нейкі такі перагук – віды Менску і віды Чыкага.

Мастак і скульптар Міхась Ліўшульц пачаў выстаўляцца ў Менску недзе ў 70-я гады, якраз перад сваім ад’ездам сюды. І тут ён працягвае. На гэтай выставе асаблівай папулярнасьцю карысталася ягоная вялікая карціна, якая называецца “Менскі хлеб”. Тут жа былі і ягоныя скульптурныя працы”.

Прыемна было даведацца, што ў выставе, як мастак, удзельнічаў і айцец Дзьмітры Башко, якога добра памятаюць у Беларусі, як праваслаўнага сьвятара, прыхільніка беларускасьці, што быў запрошаны беларускай эміграцыяй на сьвятарскую службу ў Сабор сьв. Юр’я ў Чыкага. Айцец Дзьмітры скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, а потым духоўную сэмінарыю. Ванкарэм Нікіфаровіч працягвае.

(Нікіфаровіч: ) “ Як сьвятар і як мастак ён вучыўся амаль два гады ў Загорску і там ён асвойваў тэхніку жывапісу па картону, па дрэву. Яго кампазыцыі цікавыя таму, што гэта традыцыя старадаўняя, але гэта не іканапіс, гэта сучаснае нейкае філязофскае асэнсаваньне сьвету, таго, што ў сьвеце адбываецца. Назвы ягоных кампазыцый – “Прытча”, “Ва ўсе часы”, “Пакараньне”, “Ператварэньне”. Адначасова ў яго ёсьць і больш мадэрныя творы, блізкія да сучаснай экспрэсіўнай стылістыкі – “Пэгас”, “Папараць-Кветка”.

І нарэшце пра самых маладых удзельнікаў выставы, якія прыехалі ў Амэрыку яшчэ падлеткамі.

(Нікіфаровіч: ) “Анатоль Упарт у Чыкага ўжо скончыў школу вядомага тут Мастацкага інстытуту. На выставе карысталіся вялізным посьпехам такія карціны, як “Дзяды”, “Рака Няміга”, кампазыцыя, якая спалучае абрысы архітэктурных помнікаў Беларусі і выклікае настроі і эмоцыі, якія вяртаюць у мінулае, у нашую беларускую гісторыю. Калі мы гаварылі з Анатолем Упратам, ён сказаў проста, што Амэрыка нібыта прымусіла яго зьвярнуцца да зямлі сваіх продкаў, асэнсаваць Беларусь.

Таксама ўдзельнічаў малады мастак і скульптар Павал Амромін, які нарадзіўся ў Гомелі і там пачынаў вучыцца жывапісу і скульптуры. На гэтай выставе ён паказаў сваю кампазыцыю з чатырох фігураў, выкананую ў гліне. Гэта вялікія фігуры, яны называюцца “Гіганты, якія падаюць”. Яны сымбалізуюць людзей пасьля свайго піку. У кампазыцыі чытаецца тое, што людзі, якія ў грамадзкай сьвядомасьці зьяўляюцца кумірамі – у гісторыі і сучаснасьці, яны спачатку вырастаюць, а потым – падаюць, падаюць, падаюць і становяцца зусім мізэрнымі і нікчэмнымі”.

Сярод удзельнікаў выставы быў і мастак, які жыве ў Беларусі.

(Нікіфаровіч: ) “Мы вырашылі паказаць на гэтай выставе і некалькі твораў Мая Данцыга – загадчыка катэдры Беларускай акадэміі мастацтваў. Ягоныя сваякі жывуць у Чыкага і ён амаль штолета прыяжджае сюды і тут месяц-два жыве і працуе. Усё, што ім тут зроблена – гэта беларускія матывы, беларускія пэйзажы, гэта нібы дапаўняла тых мастакоў, што жывуць і працуюць тут, і гэта вельмі добра выглядала”.

Сп. Ванкарэм, наколькі папулярная была выстава сярод аматараў мастацтва?

(Нікіфаровіч: ) “Прыйшло вельмі шмат людзей. Адкрыцьцё прайшло вельмі добра, мы наладзілі вялікі беларускі канцэрт. У ім браў удзел фальклёрны дзіцячы ансамбль “Лянок” пры беларускай праваслаўнай царкве сьв. Юр’я і музыкі з ансамбля “Забава”, многія зь якіх жывуць тут. Потым было шмат людзей ува ўсе дні, асабліва ў суботнія і нядзельныя”.

Ці былі нейкія водгукі ў мясцовай прэсе?

(Нікіфаровіч: ) “Прэса адгукалася – у “Chiсago Тribune” і ў газэтах нашых прыгарадаў, вогукі былі нават у газэтах іншых прыгарадаў, не таго, дзе праходзіла выстава”.

А вось як ацаніў выставу вядомы беларускі дзеяч у ЗША доктар Янка Запруднік, які са сваёй жонкай, мастачкай Надзеяй Кудасавай спэцыяльна наведаў Чыкага. Ванкарэм Нікіфаровіч прапануе фрагмэнт ягонага запісу ў кнізе гасьцей.

(Нікіфаровіч: ) “Значнасьць гэтай падзеі дае надзею, што беларушчына ў Амэрыцы ня толькі не загіне, а будзе і надалей разьвівацца, і духоўныя традыцыі будуць працягвацца”.

Сп. Ванкарэм, гаворачы пра беларускае мастацтва ў Чыкага, нельга не абмінуць і Марка Шагала, які пакінуў гораду свае творы. З усяго сьвету прыяжджаюць туды людзі, каб пабачыць ягоную славутую мазаіку “Поры году” у цэнтры горада, дзе адчуваюцца беларускія матывы, духоўны уплыў Віцебску.

(Нікіфаровіч: ) “Чыкага і Віцебск – можна сказаць, што паміж імі ёсьць нейкі перагук. У Чыкага знаходзіцца ня толькі знакамітая мазаіка Марка Шагала, але і яшчэ два шэдэўры, на якіх ёсьць абрысы беларускай зямлі. Гэта яго славутыя “Вокны Амэрыкі” – шэсьць мазаічных фрагмэнтаў са шкла вокнаў у Чыкагскім мастацкім інстытуце. І ягоны апошні шэдэўр, які быў выстаўлены незадоўга да ягонай сьмерці – габэлен “Іоў”, гэта біблейскі матыў, але там ёсьць і наш беларускі матыў, габэлен знаходзіцца ў фае рэабілітацыйнага інстытуту ў цэнтры Чыкага. Увогуле, Шагал у Чыкага, нейкія рэмінісцэнцыі Віцебшчыны ў гэтых творах – гэта, мне здаецца, можа быць асобная тэма гутаркі”.

Сп. Ванкарэм, мабыць вы ўжо ведаеце , якія пляны мае Крысьціян Наркевіч-Лейн, ці будзе і надалей беларускае мастацтва вітаным у ягоным музэі?

(Нікіфаровіч: ) “Мы гаварылі з Крысьціянам на гэтую тэму. Я думаю, што тэму “Малюнкі дзяцей Чарнобылю” можна працягнуць і падрыхтаваць выставу – паказаць, што робяць дзеці. Я ведаю, што ў Беларусі ёсьць цікавыя мастацкія школы, дзе дзеці малююць, робяць скульптуры, кераміку. І яшчэ ў яго ёсьць адна задума. Ён хоча зрабіць такую выставу – “Забітыя паэты”.