Сьмех да непрытомнасьці – Каровы любяць свабоду – Злачынная цяга да кніжак – Шэдэўр жывапісу за пыльнай шафай

Сяргей Шупа, Прага

Мой калега, які на гэтым тыдні рыхтаваў праграму пра здароўе, знайшоў інфармацыю пра хранічны недахоп сьмеху ў жыцьці дарослых людзей. Так, дзеці ў сярэднім сьмяюцца па 200 разоў на дзень, а дарослыя за дзень толькі зь дзясятак разоў крыва ўсьміхнуцца.

Сёньня ў маёй перадачы я паспрабаваў пашукаць у шырокім сьвеце розныя незвычайныя, дзівосныя, забаўныя гісторыі, якія адбыліся за апошні тыдзень, каб зрабіць нашае звычайнае інфармацыйнае поле крыху больш каляровым і разнастайным.

Зрэшты, карысьць сьмеху добра вядомая, аднак і з гэтым, як і з усім іншым, варта быць асьцярожным. Вось адна італьянка глядзела ў тэлевізіі гумарыстычную перадачу і ад сьмеху звалілася з крэсла і страціла прытомнасьць. 63-гадовую непрытомную ахвяру сьмеху завезьлі ў шпіталь, дзе цяпер лечаць супакаяльнымі сродкамі. Падчас нечаканага выпадку жанчына глядзела папулярную перадачу телеканалу Rai Uno “Stasera Pago Io” (“Сёньня плачу я”), аднак дагэтуль застаецца невядомым, з чаго менавіта яна так заўзята сьмяялася.


І яшчэ адна мэдычная навіна. Адзін жыхар Індыі раптам выявіў, што 27 гадоў таму ён праглынуў тэрмомэтар. 34-гадовы бізнэсовец Прабір Дас з гораду Павай мяркуе, што ён мог праглынуць тэрмомэтар, калі яму было 7 гадоў і падчас гарачкі бацькі мералі яму тэмпэратуру, а пасьля гарачка сунялася, хворы ачуняў і пра тэрмомэтар усе забыліся. (Як ведама, шмат дзе тэмпэратуру мераюць, уклаўшы тэрмомэтар хвораму ў рот.)

І вось нядаўна Прабір Дас адчуў боль у сьпіне і, прасьвяціўшы яго рэнтгенам, дактары пабачылі тэрмомэтар перад уваходам у кішэчнік. Як тэрмомэтар захоўваўся ўсе гэтыя гады – застаецца загадкай, бо Прабір Дас ніколі нічога асаблівага не адчуваў, працаваў, займаўся спортам. Чаго яму раптам праз 27 гадоў забалела – невядома. Можа таксама зь нечага моцна сьмяяўся.


А зараз пра рэчы сур’ёзныя. У Брытаніі актывізаваліся абаронцы мышэй і птушак ад іх сьмяротных ворагаў – катоў. Зь Лёндану перадае Мікола Пачкаеў:

(Пачкаеў: ) “Справы аховы правоў і дабрабыту жывёлаў здаўна прыцягваюць значную ўвагу многіх брытанцаў. А навуковыя ўстановы, дзе праводзяць экспэрымэнты на жывёлах, часам зазнаюць пагрозы і напады. Аднак ад пэўнага часу барацьба ідзе між тымі, каго болей клапоціць дабрабыт хатніх жывёлаў, і тымі, хто аддае перавагу жывёлам дзікім. Гэтая спрэчка абвастрылася ў сувязі з новымі заклікамі ў прэсе абмежаваць магчымасьць хатнім катам паляваць на грызуноў і птушак.

Як сьцьвярджаюць прыхільнікі гэтай кампаніі, мільёны мышоў, пацукоў і птушак становяцца штогод ахвярамі хатніх катоў, тым часам як толькі 70 тысяч іх траціць жыцьцё для чалавечых навуковых мэтаў. Абаронцы правоў дзікіх грызуноў і птушак хацелі б увогуле абмежаваць колькасьць хатніх катоў. Але непасрэдная мэта гэтай кампаніі ў тым, каб прыняць у Брытаніі нацыянальнае заканадаўства, якое б абавязала ўладальнікаў хатніх катоў навешваць на іх званочкі, каб гэтак зьнізіць шанцы на посьпех у кацячым паляваньні”.

Дарэчы, на гэтым тыдні найбольш гісторый з жывёламі адбывалася чамусьці ў Брытаніі. Вось яшчэ адна:


Шэсьць кароваў уцяклі са сваёй фармы на Ўсходзе графства Ёркшыр, прайшлі празь вялікае поле, пераплылі рэчку і асяліліся на маленькай бязьлюднай высьпе Ўітэн Санд. Гаспадар уцякачак Робэрт Пэчэт напачатку спадзяваўся, што тыя гэткім самым чынам вернуцца назад, аднак відаць бестурботнае жыцьцё на высьпе каровам спадабалася болей, і каб вярнуць іх, давялося зьвярнуцца ў адпаведныя органы.

Інспэктары Каралеўскага Таварыства Абароны Жывёлаў ад Жорсткасьці, высадзіўшыся на высьпе, паўдня не маглі ўпаляваць вальналюбных жывёлін. Тады на дапамогу прыйшлі Каралеўскія Ваенна-Паветраныя Сілы. Інспэктары селі на ваенны верталёт і з паветра падстрэлілі кароваў шпрыцамі з транквілізатарам. А тады іх па адной спакавалі ў сеткі – як грузы ў порце – і верталётам даставілі дахаты. Ну, але хоць тыдзень пажылі на свабодзе...


* * *
Колькі можа каштаваць чалавеку цяга да ведаў? Тры ня вернутыя ў час бібліятэчныя кнігі прывялі сьцежкі-дарожкі жыцьця Тэрэзы Келер да турмы. 24-гадовая жанчына зь невялічкага шахцёрскага гарадку Тамакуа ў штаце Пэнсыльвэйнія была пасаджаная за краты пасьля таго, як мясцовая публічная бібліятэка згубіла надзею спагнаць штраф на 120 даляраў і вырашыла шукаць праўды ў судзе. Вось што распавёў зь Нью-Ёрку Лявон Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) “Келер, па вызначэньні мясцовых уладаў – бадзяга, што ў якасьці хатняй адрэсы апошнім часам падае вітальню прыватнага дому, узяла ў бібліятэцы ў верасьні 2000 году тры кнігі, у тым ліку “Зорныя войны” і падручнік па самаўдасканаленьню, і ніколі не вярнула іх. Згодна бібліятэчнаму статуту, справа нявернутых кнігаў штрафам у 50 даляраў і болей пасьля трох месяцаў перадаецца ў суд, і тады спагнаньне штрафу робіцца праблемай мясцовых уладаў. Келер праз частую зьмену адрэсаў працяглы час заставалася няўлоўнаю для бібліятэчнага суду, але ў мінулы панядзелак была нарэшце ўвязьненая, хоць і можа быць вызваленая пад заклад у 750 даляраў. Суд прызначаны на канец красавіка. Тым часам Тэрэза Келер знаходзіцца за кратамі і адмаўляецца ад якіх-небудзь інтэрвію. Яна запісалася ў турэмную бібліятэку”.


* * *
Дорага абышліся Тэрэзе Келер тры зачытаныя кнігі. Аднак у бібліятэках часам можна нечакана знайсьці значна даражэйшыя прадметы. Вось 12-гадовы школьнік са штату Канэтыкат Бінгэм Браянт, хлопец вельмі разумны, які цікавіцца грэцкай міталёгіяй і клясычным жывапісам, два гады таму запрыкмеціў у школьнай бібліятэцы карціну.

На старой пыльнай карціне бог падземнага каралеўства Плютон крадзе прыгажуню Пэрсэфону. Хлопец проста любіў разглядаць карціну са знаёмым сюжэтам, аж пакуль не дадумаўся сказаць пра яе бацьку, спэцыялісту-антыквару. У выніку доўгіх адмываньняў і дасьледаваньняў выявілася, што ў бібліятэцы захоўваўся рэдкі твор мастака віктарыянскай эпохі Ўолтэра Крэйна, намаляваны ў 1878 годзе. Колішні ўладальнік карціны ў 1935 годзе пазычыў яе бібліятэцы і, магчыма, проста пра яе забыўся. Цяпер карціна будзе выстаўленая на продаж на аўкцыёне “Christis”. Нашчадкі ўладальніка спадзяюцца атрымаць за яе ня менш за мільён даляраў. Напэўна, нешта перападзе і разумнаму хлопцу Бінгэму.


* * *
А зараз яшчэ пра аднаго разумнага амэрыканскага хлопчыка. 8-гадовы фларыдзкі школьнік прыехаў у школу сам на скрадзенай машыне пасьля таго, як спазьніўся на школьны аўтобус. Паліцыя затрымала хлопца, калі ягоныя сябры наскардзіліся настаўніцы, што бачылі, як ён запаркаваў машыну на школьнай стаянцы.

Малады кіроўца, які мабыць, ледзь дацягваўся каб бачыць, што робіцца наперадзе, праехаў 2-кілямэтровую дарогу безь ніякіх прыгодаў. На гэтай машыне яго нейкі тыдзень вучыў езьдзіць ягоны дзядзька, які аднак забыўся папярэдзіць вучня, што машына была скрадзеная. 8-гадовы аўтамабіліст быў пакараны звальненьнем са школы на 10 дзён. Паліцыя не магла яго арыштаваць, бо ніхто так і ня бачыў, як ён сам вёў машыну.


* * *
Працягнем аўтамабільную тэматыку. Гэтым разам зусім не пра сьмешнае. Аўтакатастрофы надалей штодня забіраюць жыцьці сотняў або нават і тысячаў людзей ва ўсім сьвеце. Бальшыня зь іх адбываецца з-за парушэньня правілаў дарожнага руху. І аднак кіроўцы і пешаходы – як парушалі правілы, гэтак і парушаюць, нягледзячы на ўсе штрафы і запалохваньні. Вось што паліцыя спрабуе рабіць у гэтай справе ў Канадзе. З Таронта перадае Віялета Кавалёва:

(Кавалёва: ) “У канадыйскай правінцыі Альбэрта прыдумалі арыгінальны спосаб – як змагацца з кіроўцамі, якія забываюць прышпіліцца рамянямі бясьпекі. Калі паліцыя цяпер спыняе парушальніка, дык яму прапануюць самому запоўніць на сябе пасьмяротны цэтлік. Такія цэтлікі прывязваюць да пальца нагі нябожчыкам у моргу. Туды кіроўца мусіць упісаць сваё імя, а таксама кантактныя зьвесткі пра найбліжэйшых сваякоў. Сэнс гэтай акцыі паліцэйскія тлумачаць кіроўцу так: калі ты раптам трапіш у аварыю зь незашпіленым рэменем бясьпекі, дык станеш вельмі непадобны да сваёй фатаграфіі, таму дапамажы нам – прынамсі мы ня будзем мець праблем з тваім апазнаньнем. Паліцыя спадзяецца, што пасьля такой гутаркі чалавеку яшчэ доўга будзе мроіцца вобраз уласнага цела з цэтлікам на назе, і што абуджаная фантазія цяпер будзе штурхаць кіроўцаў больш акуратна выконваць правілы дарожнага руху. Новая кампанія бясьпекі пачнецца на гэтым тыдні і будзе доўжыцца месяц”.


* * *
Ня меншая небясьпека на дарозе – аматары падчас язды пагаварыць па мабільным тэлефоне. Шмат дзе ў сьвеце дазваляецца гаварыць у аўтамабілі толькі ўжываючы адмысловы камплект “вольныя рукі”.

У Нідэрляндах паліцыя на дарозе заўважыла такога парушальніка і вырашыла спыніць, пакуль той не нарабіў бяды. Паліцыянты пад’ехалі ззаду і пачалі сыгналіць, аднак не дачакаліся ніякай рэакцыі. Тады яны заехалі сьпераду і зноў пасыгналілі, запаволіўшы рух. Аднак паглыблены ў мабільную тэлефонную размову кіроўца проста не заўважыў наперадзе паліцыйнай машыны і – як ехаў – сходу ўрэзаўся ў яе. На шчасьце, ніхто не пацярпеў, а парушальнік урэшце быў спынены.


* * *
Апошняя аўтамабільная гісторыя сёньня – з Францыі. Там штораз часьцейшымі пачалі рабіцца выпадкі, калі пасьля няўдала здадзенага тэсту на кіраваньне машынай вучні нападаюць на інструктараў, пагражаюць сьмерцю, згвалтаваньнем, разьбіваюць іх машыны.

Часам тыя, каму не ўдаецца здаць экзамэн язды зь пятага або дзясятага разу, прыводзяць цэлую банду сваіх сяброў, якія дапамагаюць адпомсьціць бязьлітаснаму настаўніку. Дык вось, каб пазьбегнуць гэтага, Міністэрства Транспарту Францыі ўводзіць у дзеяньне новы плян, паводле якога вынікі экзамэну будуць паведамляцца вучням аўташколаў па пошце і не раней чым празь дзень пасьля экзамэну, каб пасьпелі ўлегчыся эмоцыі.

Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі незвычайнымі, дзівоснымі і забаўнымі гісторыямі тыдня.