Ці лопнуўшы пару бурбалак можна вырашыць энэргетычныя праблемы плянэты? Ядзерны сынтэз у шклянцы з ацэтонам. Энэргія сонца на вашым стале – такімі загалоўкамі поўніліся на гэтым тыдні навукова-папулярныя рубрыкі ў самых розных газэтах і тыднёвіках сьвету.
Групе дасьледнікаў з Нацыянальнай Лябараторыі ў Оўк-Рыджы, штат Тэнэсі, удалося правесьці экспэрымэнт, які можа паўплываць на далейшыя пэрспэктывы жыцьця чалавецтва на нашай плянэце.
Вынікі экспэрымэнту, праведзенага групай пад кіраўніцтвам Русі Талеярхана, былі надрукаваныя ў апошнім нумары часапісу “Science” – сур’ёзным выданьні, якое не раскідаецца на танныя сэнсацыі.
У чым жа сэнс экспэрымэнту? Унутры бурбалак у насычаным дэўтэрыем ацэтоне падчас іх лопаньня можа адбывацца ядзерны сынтэз, – цьвердзяць навукоўцы з Тэнэсі.
Ядзерны сынтэз – узьнікненьне атамаў цяжэйшых элемэнтаў зь лягчэйшых, перадусім з ізатопаў вадароду – гэта крыніца энэргіі зорак. Частка атамнага ядра ператвараецца ў энэргію і зьнікае.
Але з тае прычыны, што пратоны, якія складаюць ядро, маюць пазытыўны зарад і моцна адштурхоўваюцца адзін ад аднаго, рэакцыя сынтэзу патрабуе спэцыфічных умоваў: высокай тэмпэратуры (да мільёнаў градусаў) і ціску. Таму гэткая рэакцыя яшчэ называецца тэрмаядзерная.
На зямлі ўдавалася выклікаць такую рэакцыю пры выбуху вадароднай бомбы. Калі б такую рэакцыю (напрыклад, ператварэньне ізатопаў вадароду ў гелій) можна было праводзіць у звычайных умовах – яна магла б стацца невычэрпнай крыніцай энэргіі. І – што самае галоўнае – у адрозьненьне ад рэакцыі расшчапленьня атамаў, якая выкарыстоўваецца ў атамных электрастанцыях, для рэакцыі сынтэзу не патрэбныя рэдкія і дарагія элемэнты і яна амаль не пакідае за сабой радыеактыўных адкідаў.
Група Талеярхана дасьледавала зьяву кавітацыі – узьнікненьня ў вадкасьці маленькіх бурбалак нізкага ціску, выкліканага акустычнымі хвалямі. Калі такія бурбалкі лопаюцца, назіраецца рэзкі рост тэмпэратуры і вызваленьне энэргіі. Пры гэтым зьяўляецца сьвятло – г. зв. соналюмінісцэнцыя.
Вось жа выявілася, што падчас лопаньня бурбалак у насычаным дэўтэрыем ацэтоне ўзьнікае цяжкі ізатоп вадароду – трытый – назіраецца выпраменьваньне, характэрнае для ядзернага сынтэзу.
Я патэлефанаваў аднаму з супрацоўнікаў групы Талеярхана – прафэсару Рэнсэлэрскага Політэхнічнага Інстутуту ў штаце Нью-Ёрк Робэрту Блоку і запытаўся – калі можна чакаць нейкіх канчатковых вынікаў экспэрымэнту:
(Блок: ) “Гэты канкрэтны экспэрымэнт праводзіцца ўжо больш за год. Першыя станоўчыя вынікі былі атрыманыя каля году таму. Я адчуваю, што наш экспэрымэнт вельмі ўдалы. Але ён мусіць быць паўтораны. Любы цікавы вынік мусіць быць атрыманы і ў іншых лябараторыях – у Эўропе ці ў Злучаных Штатах, каб пацьвердзіць гэты вынік”.
У тэхналягічных прагнозах, апублікаваных у кастрычніку летась экспэртамі кампаніі “British Telecom”, прадбачыцца, што ядзерны сынтэз станецца крыніцай энэргіі на Зямлі толькі ў 2040 годзе. Я спытаўся ў прафэсара Блока – ці ня лічыць ён гэткі прагноз занадта пэсымістычным?
(Блок: ) “Выкарыстаньне ядзернага сынтэзу крыніцай энэргіі ў найбліжэйшыя дваццаць гадоў прадказваецца ўжо на працягу апошняга паўстагодзьдзя. Дык і 2040 год – нічым ня горшы ў якасьці прадказаньня”, – сказаў прафэсар ядзернай фізыкі Робэрт Блок. Ну што ж, да 2040 году засталося ня так ужо й шмат.
* * *
Эўропа стварыла Сеціва і Лінукс. Тым Бэрнэрс-Лі, выпускнік Оксфардзкага Ўнівэрсытэту, вынайшаў Інтэрнэтны гіпэррэсурс, названы World Wide Web – Усясьветнае Сеціва. Лінус Торвальдз быў студэнтам Гельсынскага Ўнівэрсытэту, калі ён напісаў код апэрацыйнай сыстэмы “Лінукс”. Якія з гэтага могуць быць высновы? Пра гэта на старонках апошняга нумару тыднёвіка “TIME” разважае фінскі філёзаф Пэка Хіманэн. Ягоны артыкул мае назоў “Адкрыты код, адкрыты розум”.
Бізнэс – піша Пэка Хіманэн – не адзіны матор у тэхналягічнай рэвалюцыі. Бадай што самыя радыкальныя тэхналягічныя адкрыцьці нашага часу – Сеціва і Лінукс – былі распрацаваныя на падставе гэтак званай мадэлі адкрытага зыходнага коду – пры якой людзі адкрыта аддаюць свае творы іншым – для карыстаньня, тэставаньня і разьвіцьця.
Аднак хоць першапачаткова рух адкрытага коду меў на ўвазе згуртаваньне сілаў паасобных людзей, бізнэс і грамадзтва наагул могуць таксама сяго-таго ад яго навучыцца. І сапраўды, ёсьць дзьве важныя рэчы, якіх нам варта было б навучыцца ад таго, што прыхільнікі адкрытага коду называюць “хакерскай этыкай”. (Вядома ж, пад хакерамі яны разумеюць зусім не кампутарных злачынцаў, яны ўжываюць слова “хакер” у пачатковым значэньні: гэта перадусім той, хто захоплены сваёй працай і ахвотна дзеліцца яе вынікамі зь іншымі.)
Першае – гэта адкрытасьць. Я – піша далей Пэка Хіманэн – працаваў дараднікам у пытаньнях інфармацыйнага грамадзтва ў кампаніі “Nokia” і ў некалькіх урадах Фінляндыі і заўсёды падкрэсьліваў, ято “закрытая” мадэль ніколі не спараджала важныя адкрыцьці ў інфармацыйнай эканоміцы.
Ва ўмовах глябальнай канкурэнцыі рэвалюцыю робіць не адна асоба, а цэлая сетка бунтаўнікоў, а гэта патрабуе адкрытасьці. Варта хоць бы згадаць пра лёс закрытай архітэктуры кампутараў “Apple” з адкрытай мадэльлю пэрсанальных кампутараў IBM. Або пра эўрапейскія тэлекамунікацыйныя кампаніі, якія вырваліся наперад дзякуючы адкрытым стандартам мабільнай сувязі NMT/GSM. Аднак цяпер рэзкае павышэньне ў Эўропе коштаў ліцэнзіяў на мабільную сувязь трэцяга пакаленьня зьнішчае заваяваньні адкрытасьці, якая спрыяла небываламу эўрапейскаму тэхналягічнаму прарыву. Эўрапейскія ўрады мусяць сабрацца ўсе разам і адмяніць гэтыя кошты.
Адкрытасьць мае і этычнае вымярэньне. Я меў магчымасьць сустракацца з прадстаўнікамі кампаніяў і ўрадаў краінаў разьвіцьця падчас нядаўняга Ўсясьветнага Эканамічнага Форуму. У адной толькі Афрыцы 25 мільёнаў людзей хварэюць на СНІД, і яны ня могуць здабыць лекі, бо запатэнтаваныя іх вэрсіі вельмі дарагія. І гэта непрымальна.
Для трывалых зьменаў неабходны “японскі скачок”. Варта прыгадаць, што паваенная трансфармацыя Японіі ў магутную эканамічную дзяржаву пачаткова грунтавалася на капіяваньні заходняй інфармацыі, і гэта аказалася карысным як для Японіі, гэтак і для Захаду. І гэткі скачок нельга стрымваць праз навязваньне Ўсясьветнай Гандлёвай Арганізацыяй несправядлівых законаў аб інтэлектуальнай уласнасьці.
Другая рэч – гэта хакерскае стаўленьне да працы. Хакеры, як прыкладам Бэрнэрс-Лі або Торвальдз, тлумачаць, што людзі накшталт іх дасягаюць посьпеху таму, што захапляюцца тым, што яны робяць. Сапраўдная зацікаўленасьць працай можа вызваліць творчыя сілы і энэргію, напоўніць жыцьцё радасьцю і сэнсам, дазволіць рэалізаваць свой патэнцыял.
У гэтым палягае адрозьненьне ад пратэстанцкай этыкі, якая вучыла, што праца мусіць разглядацца як найвышэйшы абавязак. Найбольш пасьпяховыя кампаніі ўжо пачынаюць разумець, што ва ўмовах інфармацыйнай эканомікі на зьмену пратэстанцкай этыцы мусіць прыйсьці хакерская этыка, бо цяпер галоўная праблема ў тым – як абудзіць творчасьць. Напрыклад, у 1990-х гадох кампанія “Nokia” істотна зьмяніла культуру працы больш-менш у гэтым кірунку, імкнучыся набіраць творчых людзей і ўсталяваць атмасфэру даверу, якая б адкрыла ім прастору для рэалізацыі сваіх ідэяў.
У дадатак да непрыманьня ідэі працы як галоўнага жыцьцёвага аабвязку, хакеры хочуць разьвіваць тэхналёгію, якая б стварыла раўнавагу паміж працай і адпачынкам. Адной з самых дзіўных асаблівасьцяў тэхналягічнага “прагрэсу” стала тое, што ён яшчэ больш напоўніў нашае жыцьцё стрэсам.
Урэшце, галоўным пытаньнем тэхналягічнай рэвалюцыі застаецца пытаньне каштоўнасьцяў, якімі яна мусіць кіравацца. Хакерская этыка прапануе эўрапейскім кампаніям і грамадзтвам спосаб як стацца глябальным прыкладам больш адкрытай, больш чалавечнай інфармацыйнай эпохі.
Гэтак лічыць фінскі філёзаф Пэка Хіманэн, аўтар працаў “Хакерская этыка” і “Дух Інфармацыйнага Веку”.
* * *
На гэтым тыдні міжнародная кансальтынгавая кампанія “Ўільям Мэрсэр” апублікавала вынікі штогадовага дасьледаваньня якасьці жыцьця ў 215 буйных гарадох сьвету. Паводле дасьледаваньня, найлепшы для жыцьця горад на нашай плянэце – Цюрых. Пры ацэнцы якасьці жыцьця ўлічвалася 39 розных крытэраў, у тым ліку палітычная стабільнасьць, эканамічнае разьвіцьцё, экалягічная сытуацыя, магчымасьці доступу да культуры, адукацыі і мэдычных паслугаў.
У вяршыні сьпісу сёлета пераважаюць эўрапейскія гарады. Другое месца займае Вена. У першую дзясятку ўвайшлі яшчэ Франкфурт, Бэрн, Капэнгаген, Гельсынкі й Мюнхен.
Самыя ніжнія пазыцыі ў сьпісе займаюць сталіца Іраку Багдад, Рэспублікі Конга – Бразавіль і Судану – Хартум.
Ніводзін горад Усходняй Эўропы ня трапіў у першую пяцідзясятку. Найвышэйшая якасьць жыцьця ў былых камуністычных краінах зарэгістраваная ў Будапэшце (73-е месца). За ім на 76-м месцы ідзе Прага.
Мэта дасьледаваньня – дапамагчы міжнародным кампаніям вырашаць пытаньні разьмяшчэньня сваіх кадраў. Аднак у ім разглядаюцца фактары, якія маюць важнае значэньне і для самых жыхароў гэтых гарадоў.
Адказваючы на пытаньні нашага радыё адзін з аўтараў дасьледаваньня Слагін Паракатыл пералічыў некаторыя ўзятыя пад увагу фактары:
(Паракатыл: ) “Унутраная палітычная стабільнасьць, дачыненьні зь іншымі краінамі – ці ў краіне адбываецца збройны канфлікт або грамадзянская вайна. Тады пад увагу бярэцца забруджанасьць навакольнага асяродзьдзя. Забруджанасьць паветра – таксама важны фактар пры дасьледаваньні якасьці жыцьця. І ўрэшце, мы бярэм пад увагу клімат. У некаторых гарадох клімат можа быць вельмі рэзкі”.
Наагул, гарады посткамуністычнай прасторы маюць значна горшыя паказьнікі, чым іх заходнія суседзі. Пасьля Будапэшту і Прагі ідуць тры балтыйскія сталіцы – Вільня займае 81-е, Рыга – 94-е, Талін – 101-е месца. Яшчэ ніжэй у сьпісе разьмясьціліся Братыслава (114-е месца), Бухарэст (118-е) і Софія (123-е).
Масква займае ў сьпісе 150-ы радок, а найніжэйшы жыцьцёвы стандарт сярод эўрапейскіх гарадоў адзначаны ў Бялградзе – ён займае 193-е месца з 215-ці.
Прычына такой сытуацыі палягае ў тым, што ў параўнаньні з заходнімі суседзямі, у гарадох Усходняй Эўропы ўсё яшчэ не стае належнай экалягічнай і транспартнай інфраструктуры.
(Паракатыл: ) “Гэтая праблему я заўважыў пераважна ва ўсходнеэўрапейскіх гарадох. Вываз сьмецьця і каналізацыя не забясьпечаныя неабходнай інфраструктурай. Найхутчэй гэта выклікана недастатковым фінансаваньнем і пасіўнасьцю ўладаў”.
Тым часам, у некаторых гарадох Усходняй Эўропы на якасьць жыцьця ўплываюць незалежныя ад іх фактары. Масква, прыкладам, стаіць так нізка з прычыны клімату. Бялград усё яшчэ жыве пад пагрозай магчымага канфлікту.
Тым ня менш, Паракатыл лічыць, што агульная карціна ва Ўсходняй Эўропе паляпшаецца.
(Паракатыл: ) “У агульным сэнсе ад 1990-х гадоў ва ўсходнеэўрапейскіх краінах назіраецца паляпшэньне. Яны робяць намаганьні, каб вырашаць экалягічныя праблемы. Паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная і транспартная сытуацыя. Калі ўзяць пад увагу ўсе гэтыя моманты, дык сытуацыя ў гэтых гарадох відавочна паляпшаецца”.
Як ні дзіўна, нідзе ў справаздачы, ні ў якіх іншых матэрыялах даьследаваньня, ні на Інтэрнэт-старонцы кампаніі “Ўільям Мэрсэр” я не знайшоў зьвестак пра Менск. Таму, натуральна, я спытаўся ў спадара Паракатыла – чаму так сталася?
(Паракатыл: ) “Мы рабілі адпаведнае дасьледаваньне, толькі што Менск ня трапіў у агульны сьпіс. Рэч у тым, што дзеля магчымасьці параўнаньня паміж гадамі мы мусім захоўваць тую самую колькасьць гарадоў у сьпісе – 215. Калі мы пачыналі нашыя дасьледаваньні якасьці жыцьця, Менску ў сьпісе не было. Калі цяпер дадаць Менск – дык увесь сьпіс паблытаецца, так што тэхнічна мы цяпер ня можам гэтага зрабіць”.
Усё ж дасьледанік кампаніі “Ўільям Мэрсэр” Слагін Паракатыл запэўніў мяне, што магчыма ў будучыні колькасьць гарадоў у сьпісе агульных паказьнікаў будзе павялічаная.