Абедзьве палаты Кангрэсу ЗША пераважнай большасьцю галасоў прынялі рэзалюцыю, якая дазваляе прэзыдэнту Бушу распачаць вайну зь Іракам. У Палаце прадстаўнікоў Кагрэсу за рэзылюцыю было 296 галосоў, супраць – 133. Пазьней у верхняй палаце рэзалюцыю падтрымалі 77 сэнатараў, супраць прагаласавалі 23.
Адразу ж пасьля галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў, прэзыдэнт Буш падзякаваў Кангрэсу за падтрымку. Ён заявіў, што гэта дашле сыгнал усяму сьвету і асабліва Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, што Ірак болей ня можа парушаць рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.
(Буш: ) “Часу, калі Ірак дзейнічаў, як крымінальная дзяржава, надыходзіць канец”.
Тое, што амэрыканскі Кангрэс падтрымае прапановы Буша, прадказвалі яшчэ за некалькі тыдняў да галасаваньня. Але шэраг кангрэсмэнаў і сэнатараў, асабліва з апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі, рашуча выступілі супраць рэзалюцыі. Некаторыя зь іх цытавалі ліст дырэктара ЦРУ Джорджа Тэнэта, які лічыць, што Садам Хусэйн скарыстае супраць ЗША хімічную ці біялягічную зброю толькі калі на яго нападуць. Многія казалі пра небясьпеку ігнараваньня ААН і традыцыйных амэрыканскіх саюзьнікаў. Гаворыць кангрэсмэн Пітэр Дэ Фазыё:
(Дэ Фазыё: ) “Настойлівыя, неабмежаваныя інспэкцыі разам з нашымі саюзьнікамі спрацуюць. Але гэты каўбойскі прынцып – разбярэмся самі, пляваць на нашых саюзьнікаў, пляваць на астатні сьвет, атакаваць, перш чым паспрабаваць вось гэтую альтэрнатыву – гэта няправільна”.
А ў Сэнаце прадстаўнік Дэмакратаў Робэрт Бэрд выказаў занепакоенасьць тым, што новая рэзалюцыя надае зашмат паўнамоцтваў прэзыдэнту Бушу.
(Бэрд: ) “Давайце спынімся, пагледзім і паслухаем. Давйце ня будзем надзяляць гэтага прэзыдэнта ці любога прэзыдэнта некантраляванай уладай. Памятайма Канстытуцыю”.
Але бальшасьць кангрэсмэнаў і сэнатараў трымаліся іншых меркаваньняў. Нават лідэр Дэмакратаў у Сэнаце Том Дэшл, які доўгі час скептычна ставіўся да рэзалюцыі, урэшце падтрымаў яе.
(Дэшл: ) “Для мяне вырашальны фактар – гэта маё перакананьне, што аб’яднаны Кангрэс дапаможа прэзыдэнту аб’яднаць сьвет, і, аб’яднаўшы сьвет, мы можам павялічыць шанцы на посьпех у гэтых намаганьнях і зменшыць рызыку й выдаткі, якія давядзецца несьці Амэрыцы”.
Прынятая Кангрэсам рэзалюцыя дазваляе Бушу рабіць любыя захады супраць Іраку, у тым ліку і ваенныя, калі ААН ня здолее пазбавіць Ірак зброі масавага зьнішчэньня. Буш павінны паведаміць Кангрэсу за 48 гадзінаў аб пачатку ваенных дзеньняў і афіцыйна засьведчыць, што ўсе дыпляматычныя альтэрнатывы вайне скарыстаныя.