БЕЛАРУСКІЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ АБВЯРГАЮЦЬ ВАЙСКОВА-ТЭХНІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА З ІРАКАМ

Валер Каліноўскі, Менск

Менскі трактарны завод увогуле не пастаўляе ў Ірак сваю прадукцыю наўпрост, — паведаміў спэцыяліст па інфармацыі МТЗ Ігар Байкоў:

(Байкоў: ) “Калі б нават мы і працавалі наўпрост з Іракам, я б вам такую інфармацыю без дазволу кіраўніцтва ня даў. Такая інфармацыя можа быць выдадзеная толькі на пісьмовы запыт і пасьля рашэньня найвышэйшага кіраўніцтва заводу. А па-трэцяе, вы ж ведаеце, што ў нашай краіне нічога наўпрост ня робіцца. Усё гэта ажыцьцяўляецца альбо не — выключна праз кіраўніцтва дзяржавы”.

Ігар Байкоў лічыць, што падазрэньні адносна МТЗ неабгрунтаваныя:

(Байкоў: ) “Ні ў адной краіне сьвету пускавыя ўстаноўкі трактарамі не цягаюцца. Гэта я вам як былы вайсковец магу сказаць з упэўненасьцю на 100 адсоткаў. Мы нават падобную да гэтага тэхніку не вырабляем. Калі ж нехта цягае нешта сельскагаспадарчым трактарам, то забараніць ім ня можам. Мы прадаем свае машыны ў Кувэйт, краіны Пэрсідзкай затокі. Можа яны й купляюць праз падстаўных асобаў, пасярэднікаў”.

Выканаўца абавязкаў гендырэктара Віцебскага станкабудаўнічага заводу Аляксандар Гуль зазначыў Свабодзе, што паставак у Ірак у іх яшчэ не было, хаця пэўныя перамовы прайшлі:

(Гуль: ) “Прыяжджала ірацкая дэлегацыя, месяцы два таму, прайшлі перамовы ў справе паставак нашага абсталяваньня, станкоў, але тады яны нічым ня скончыліся. Яны прасілі ўнівэрсальныя такарныя станкі, зубаапрацоўчыя станкі, для вырабу дэталяў для трактарнай тэхнікі, для аўтамабіляў”.

Аляксандар Гуль падкрэсьліў, што каля двух гадоў вёў аналягічныя перамовы і завод імя Камінтэрну, які цяпер увайшоў у склад Віцебскага станкабудаўнічага заводу, але таксама безвынікова.

Што датычыць трэцяй беларускай кампаніі з “ірацкага сьпісу”, фірмы “Белбудімпэкс”, то знайсьці яе пакуль не ўдалося — ні праз розныя даведачныя службы, ні праз Гандлёва-прамысловую палату.

Незалежны прамысловы экспэрт, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Васіль Шлындзікаў мяркуе, што такія таямнічыя фірмы і маглі б нешта паўлегальна пастаўляць у Ірак:

(Шлындзікаў: ) “Як ужо там праз гэтыя фірмы — гэта ўжо другое пытаньне, там усё што заўгодна можа быць”.

Васіль Шлындзікаў кажа, што такія фірмы звычайна блізкія да ўлады. Што да МТЗ ці станкабудаўнічага заводу, то спадар Шлындзікаў упэўнены, што іхны экспарт адбываецца празрыста і легальна. Тое, што хтосьці пераабсталюе трактары ў вайсковыя цягачы, спадар Шлындзікаў назваў “фантазіяй”.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі лічыць, што міжнародная супольнасьць сапраўды мае падставы для занепакоенасьці беларускімі кантактамі з Іракам — Беларусь можа пастаўляць камплектныя дэталі, розныя сыстэмы кіраваньня, аптычныя сыстэмы і запчасткі:

(Казлоўскі: ) “Маючы на ўвазе, што Ірак мае многа зброі вытворчасьці Савецкага Саюзу: сыстэмы супрацьпаветранай абароны, бронетанкавае ўзбраеньне, Беларусь можа пастаўляць нейкія запчасткі да гэтага ўзбраеньня, займацца мадэрнізацыяй. Вось такая інфармацыя ёсьць, і я ёй веру, таму што Беларусь мае такія магчымасьці”.

Павал Казлоўскі мяркуе, што гэта вельмі небясьпечная палітыка для Беларусі. Ён лічыць, што інфармацыі заходніх спэцслужбаў, на якую спасылаюцца ў Вялікабрытаніі, варта давяраць.