Cяргей Карбановіч, 18 гадоў. Студэнт другога курсу гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту. У самой сыстэме вышэйшай адукацыі, паступіўшы ў БДУ, крыху расчараваўся. Займаецца самаадукацыяй. Сябра моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Гісторыка”. Захапляецца гісторыяй эўрапейскіх культураў, этнасаў, народнай музыкі.
(Карбановіч: ) “Як я прыйшоў да беларускасьці... Усё пачыналася са стадыі такога хлопчыка-летуценьніка. Калі ты прачнуўся аднойчы і зразумеў, што ты павінен размаўляць па-беларуску.
У 1995 годзе, калі я навучаўся яшчэ ў школцы, я даведаўся ці то ад бацькоў, ці з тэлевізійных навінаў, што адбыўся рэфэрэндум па скасаваньні бел-чырвона-белага сьцягу, “Пагоні” і ўвядзеньні двухмоўя. Я вельмі абурыўся, быў вельмі пакрыўджаны (ня ведаю на каго). І прыйшоўшы раніцай у школу, я пачаў спрачацца са сваімі аднакляснікамі, якія дагэтуль ня ведалі, што ў краіне быў бел-чырвона-белы сьцяг, гэта не савецкі чырвоны сьцяг, а бел-чырвона-белы. А тут зноўку як бы ўвялі стары сьцяг. Мы пачалі спрачацца, і дзеці дзесяцігадовыя, ледзь не пабіліся, з-за таго, каму што болей падабаецца – зялёна-чырвоны сьцяг ці бел-чырвона-белы. У дыспуце на тэму нацыянальнага сьцягу перамагло сяброўства. Такі цікавы выпадак з жыцьця.
Мая мэта – атрымаць вышэйшую адукацыю, атрымаць нейкі жыцьцёвы патэнцыял, атрымаць веды, спраўдзіцца як асоба. Набыць веды, вырасьці інтэлектуальна за пэрыяд навучаньня ў самай прэстыжнай навучальнай установе краіны.
Звычайна на Захадзе, калі хтосьці паступае ва ўнівэрсытэт, ён сам вызначае, якія яму патрэбныя веды, вызначае кірункі прыярытэтныя. Ён там атрымлівае веды, ён там вучыцца. А ў нас такая сыстэма, што цябе вучаць, як у старыя савецкія часы – татальны кантроль за наведваньнем, сыстэма кантролю за тваёй пасьпяховасьцю. Я, на жаль, не адчуваю такой творчай свабоды як гісторык, як чалавек гуманітарнага складу.
Шмат чаго хацеў бы зьмяніць... Па-першае, зьмяніць сябе, па-другое, зьмяніць гэтую краіну. І ўвогуле, зрабіць усё магчымае, мабілізаваць сваю волю, высілкі свайго розуму, каб гэтая краіна сталася незалежнай краінай, дзе беларускую мову можна пачуць ня толькі як рэха, як водгульле такога самотніка ў неабсяжнай пустэльні нейкай такой абыякавасьці... Каб гэтую мову можна было пачуць ад мінакоў на вуліцы, прачытаць на абгортцы ад “Снікерсу”, на этыкетцы ад піва. Каб адчуць, што жывеш у эўрапейскай краіне. Ты ведаеш, што ў цябе ёсьць краіна, у цябе ёсьць сям’я....
Я шмат каго ведаю, і сяброў, і выпадковых знаёмых, якія маюць пляны на будучыню кудысьці зьехаць з гэтай краіны. Яны лічаць, што тут няма ніякіх пэрспэктываў. Яны кіруюцца нейкімі павярхоўнымі мэркантыльнымі меркаваньнямі, што трэба зьехаць за мяжу зарабляць грошы, і на гэтым жыцьцёвая мэта дасягнутая. Але я лічу, што трэба заставацца тут. Нават я не ўяўляю, што некуды зьеду, пакіну гэтую краіну, увесь свой досьвед, усе свае веды, жыцьцёвую энэргію аддаваць кудысьці на карысьць нейкай іншай краіны. Я лічу, што, калі я нарадзіўся тут, і, як пяецца ў адной песьні, павінен тут і памерці.”