Дзям’ян Франкоўскі


Дзям’ян Франкоўскі – 23-гадовы жыхар гораду Горкі Магілёўскай вобласьці. Ён – прадпрымальнік, які займаецца выданьнем і распаўсюдам газэтаў. Менавіта Дзям’ян быў выдаўцом вядомага горацкага тыднёвіка “Дзядзька Тарас”, які нядаўна аб’яднаўся з іншым недзяржаўным выданьнем. У новай газэце “Рэгіянальныя ведамасьці” Дзям'ян працуе тэхнічным рэдактарам. Беларуская мова – традыцыя ягонай сям”і: бабуля Франкоўскага выкладала родную мову і літаратуру, а ягоны дзядзька ніколі ў жыцьці слова не сказаў на расейскай мове.

(Франкоўскі: ) “У прынцыпе задаволены сваім жыцьцём. Але не да канца, бо я не магу забяспечыць сябе, і таму не магу стварыць сваю сям'ю. Задаволены тым, што гэта ўсё ж такі мая краіна, я жыву ў сваім доме, на сваей зямлі – не на чужыне.

У жыцьці краіны шмат трэба мяняць. Па-першае, трэба мяняць эканамічны стан, ход эканомікі. Тое, што ў нас зараз творыцца і з падаткамі, і з самой эканомікай, – гэта жах.

Далей – мова. У эўрапейскай краіне павінна быць свая мова. Тым больш – у незалежнай краіне. Аднаўленьне культурных традыцыяў Беларусі таксама патрэбнае. Таму што тое, што зрабілі зь летнім сьвятам Івана Купалы – гэта нешта страшнае. Калі ламаюцца агароджы, паўсюдна валяюцца бутэлькі, дзе-нідзе б'юцца хлопцы… Павінна быць сьвята!

Гэта, канечне, у адзін дзень усё ня зробіш. Некаторыя рэчы можна выправіць літаральна за месяц. А некаторыя трэба нажываць стагодзьдзямі.

У пачатку мінулага году я зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам. Займаюся распаўсюдам газэтаў. Выдаваць газэту мне, канечне, падабаецца. Яшчэ больш падабаецца шыхтаваць яе, неяк мадэляваць, рабіць з гэтай газэты нешта такое, на што людзі захочуць потым паглядзець. Гэта нейкае ўнутранае задавальненьне.

Трэба не баяцца выказваць сваю думку. Трэба стаяць на сваім і трэба не баяцца стаяць на сваім. Усё, што было ў мяне адмоўнае, гэта калі я імкнуўся не адстойваць сваю пазыцыю, а неяк падстраівацца. Так ня трэба. Трэба быць самому шчырым зь людзьмі, і людзі будуць з табой такія ж.

Каб быць шчасьлівым у Беларусі, трэба заняцца тым, чым табе падабаецца займацца. А калі яшчэ ад гэтага атрымліваць прыбытак, так гэта наагул вялікае шчасьце.