Юлія Ярмак


Маладая настаўніца ангельскай мовы Юлія Ярмак аптымістычна глядзіць у будучыню і верыць, што усё будзе добра, трэба толькі варушыцца і не спыняцца на дасягнутым. Юля – аматарка ангельскай літаратуры. З захапленьнем чытае творы ангельскіх пісьменьнікаў, як у перакладзе, так і на іхнай роднай мове. Але самы любы занятак – інтэрнэт. Колькі новага яна даведалася праз сусьветную павуціну і колькі цікавых людзей сустрэла там.

(Ярмак: ) “Канечне, я не магу гаварыць за ўсю моладзь Беларусі, але асабіста мне жывецца вельмі-вельмі добра. У мяне ёсьць мая любімая работа, у мяне ёсьць мой каханы хлопчык, у мяне ёсьць шмат сяброў. І мне здаецца, што гэта самае галоўнае ў жыцьці маладой дзяўчыны.

У мяне нават самая лепшая праца, якая толькі можа быць. Я працую ў пэдагагічным каледжы настаўнікам ангельскай мовы. І што асабіста прыемнае для мяне ў маёй працы – гэта, канечне, ангельская мова. Гэта маё каханьне з самага дзяцінства! Гэта як дынастыя ў нашай сям’і. Мая старэйшая сястра таксама скончыла тую самую навучальную ўстанову, як і я. Яна таксама працавала ў пэдагагічным каледжы гораду Салігорску, дзе цяпер працую я. І ў нас гэта, як сямейнае каханьне да ангельскай мовы. Таксама гэта тое, што я працую са студэнтамі, ў якіх ужо ёсьць свае меркаваньні, свае погляды на жыцьцё, у якіх ёсьць свае мэты ў жыцьці, і яны спрабуюць дасягнуць гэтых мэтаў. І, я думаю, што ў гэтым ім трошкі дапамагаю.

Але, канечне, ня ўсё задавальняе мяне ў маёй працы. І ўпершыню гэта, канечне, заробак. Заробак маладога спэцыяліста ў Беларусі вельмі-вельмі маленькі. І, канечне, яго не хапае для паўнацэннага жыцьця (вялікі дзякуй бацькам, што яны ёсьць у мяне!). Але гэта мусіць адзін вялікі недахоп, а астатняе ня такое значнае.

Наагул усе людзі з маленькім заробкам лічаць вінаватым уладу. Гэта заўсёды было, гэта ёсьць і гэта заўсёды будзе так. Але я мяркую, што ўсё залежыць ад чалавека. Канечне, мой стабільны заробак у каледжы вельмі маленькі, і ён ня будзе больш – гэта не залежыць ад мяне. Але я магу знайсьці нейкую дататковую працу, то бок я хачу сказаць, што, калі чалавек хоча жыць з годнасьцю, ён заўсёды знойдзе шляхі, каб дасягнуць гэтага, асабліва моладзь.

Можа гэта будзе ня вельмі сціпла, але я хачу быць Міністаркай Адукацыі Рэспублікі Беларусь. І я разумею, што гэта маё прызваньне быць настаўніцай. І я ведаю, што магу мабыць не зьмяніць, але прапанаваць нейкія шляхі, новыя шляхі, каб зрабіць нашую адукацыю лепей. Мне здаецца, што нават цяпер я знаю, як гэта зрабіць. Канечне, гэта вельмі далёкая мэта, гэта нават мая мара. І я думаю, што спачатку паспрабую дабіцца званьня Пэдагог Году і потым, я думаю, што я дасягну сваёй мэты. Галоўнае верыць, хіба не?

Я хацела бы параіць Вашым слухачам ніколі не здавацца і заўсёды ісьці толькі ўперад, бо моладзь заўсёды павінна ійсьці толькі наперад і жыць дзеля будучыні.