Даманскі Зьміцер


Студэнт 4 курса факультэту філязофіі і сацыяльных навук Белдзяржунівэрсытэта. У жыцьці Зьмітра нядаўна адбылася вельмі важная падзея – ён ажаніўся. І, натуральна, цяпер маладыя мрояць аб шчасьлівай будучыні, мараць пра тое, каб усе добрыя пажаданьні, якія родныя і сябры зычылі ім на вясельлі, а таксама іх асабістыя надзеі і мары зьдзейсьніліся.

(Даманскі: ) “Тое, што я зараз скажу, я лічу сапраўды голасам маладосьці, пра што, мабыць, ніхто не казаў. Я скажу аб той мары, якая ёсьць зараз у мяне. Ня так даўно я жаніўся, і мы з жонкай вырашаем, як нам наладзіць сваё жыцьцё, як нам вырашыць наш лёс. Зразумела, марым аб гэтым.

І калі мы разважаем аб тым, ці варта заставацца ў краіне Беларусь, у такой, якая яна ёсьць, і жыць у ёй, мы лічым, што усё ж такі варта. Мы з Насьцяй марым аб сваім доме, да якога будзе весьці ад брамы брукаваная сьцежка, доме з паўкруглай вялікай вэрандай, з высокімі вокнамі. Марым, каб у нас быў нейкі дабрабыт. Каб вакол дома расьлі дрэвы, і вясной каб яны цьвілі.

Марым, што мы завядзем дзяцей. Я лічу, што гэта мара годная, і кожная маладая сям’я можа да гэтага імкнуцца. У мяне нейкія хваляваньні выклікае толькі тое, што цяпер у нашай краіне ня так лёгка легальна і сваёй працай сьціплай зарабіць дастаткова грошай, каб дзесьці пад Менскам у Лагойскім кірунку пабудаваць сабе невялічкі дом. Гэта толькі часам і супыняе нас, і гэта – аргумэнт для кагосьці, каб пакінуць краіну Беларусь такую, як яна ёсьць.

І зразумела, поўнае шчасьце можна знайсьці толькі ў гармоніі з грамадзтвам, а не закрыўшыся ад яго. І таму я мару, што калісьці нашае грамадзтва будзе такім, у якім і маладосьць, і праца, і эўрапейская накіраванасьць у будучыню знойдуць сваё месца.

Я па жыцьці – аптыміст, бо я веру ў Бога, бо ён што ні зробіць праз нас ці праз абставіны жыцьця – усё да лепшага. Я спадзяюся, што я знайду нейкую працу, якая дапаможа мне вырашыць мае праблемы. Калі на гэта не спадзявацца, то мара застаецца толькі марай. Зразумела, я аптыміст, і я іду ў гэтым накірунку.

Я лічу, як сказаў паэт, “каб любіць Беларусь нашу родную, трэба ў розных краях пабываць”. І сапраўды, тое, да чаго ты звыклы, не адпускае цябе, і заўсёды адбываецца вяртаньне, так ці інакш – у думках. І ўсе, хто зьехаў, мараць вярнуцца, калі яны зьехалі проста за грашыма, ня зьбеглі. Так я лічу.