Аляксей Мінчонак


Аляксей Мінчонак – студэнт 4 курса факультэта філязофіі і сацыяльных навук БДУ. Спэцыялізацыя Аляксея – інфармацыя і камунікацыі. Ягонае хобі – рок-музыка. Аляксей Мінчонак – стваральнік і музыкант вядомага беларускага рок-гурту “Аналіз”.

(Мінчонак: ) “Рок-гурт – гэта нашае захапленьне яшчэ са школы. Ніхто ня думаў, што гэта будзе нешта сур’ёзнае, але пасьля школы мы працягвалі і зараз працягваем. Выступалі мы на самых розных пляцоўках. Самае такое, чым мы ганарымся гэта тое, што мы калісьці гралі на адной сцэне з NRM, Ulis ды “Крамай”. Гэта быў фэст “Дом наш – Беларусь”, 2001 год, плошча Бангалор. Былі выбары, і штаб Сямена Домаша, у якім я працаваў, ладзіў імпрэзу “оpen air”. Мы гэтым вельмі ганарымся...

Зараз мы дайшлі да таго, што пішам новы альбом на паэму Аркадзя Куляшова “Сьцяг брыгады”. Чаму мы гэта робім? Спачатку ўсё гэта задумвалася як “сьцёб”. Але потым мы зразумелі, што гэта вельмі сур’ёзны твор, і нельга ставіцца да савецкай літаратуры, як да нейкага сьцёбу. Гэта было ў нашай гісторыі, і гэта нельга выкінуць на сьметніцу. Калі пачытаць гэты твор вельмі ўважліва, то становіцца зразумела, што хацеў сказаць Куляшоў. Ён зусім не ўхваляў гэтую сыстэму, як падаецца пры першым чытаньні. Ён паказваў ўсе жахі вайны...

Музыку піша наш гітарыст, яго завуць Антон Казура. Ён усю музыку напісаў дома на кампутары, потым мы ўсе пачалі дапамагаць, і з гэтага вылілася ўжо сталая праца...

Атрымаецца з гэтага нейкі цэльны твор, там будуць кампазыцыі розных жанраў, будуць і мэлядычныя песенькі, будуць і вельмі цяжкія. Але музыка ня проста падабраная. Яна добра адпавядае таму, пра што пяецца. Калі пяецца, як немцы кідалі бомбы на нашыя гарады – гэта вельмі жорсткая музыка. А калі пяецца пра тое, як Алесь Рыбка, галоўны герой, прыйшоў у свой Менск і ўбачыў яго зруйнаваны – тады і музыка адпаведная, мэлядычная і мэлянхалічная.

Мне вельмі падабаецца той вобраз жыцьця, які я вяду – “паразитирующий” такі. Калі сур’ёзна, я не пазнаў яшчэ ўсяго гэтага жыцьця. Калі банальна казаць, то я бы хацеў, па-першае, знайсьці працу. А што я хацеў бы глябальна зьмяніць – я б хацеў зьмяніць наш народ, яго мэнталітэт крыху падраўняць.”