Алесь Чумакоў


Алесь Чумакоў нядаўна скончыў Інстытут радыёэлектронікі. Але справаю жыцьця ўсё ж называе музыку. Алесь лічыць, што яму вельмі пашанцавала ў жыцьці. У папулярным гурце “Стары Ольса” ён грае на некалькіх старажытных інструмантах, ды перавагу аддае гусьлям.

(Чумакоў: ) “Я зараз пачаў працаваць у Мінскэнэрга, энэргетычнае прадпрыемства, інжынэрам-праграмістам. І хоць цягнуся больш па жыцьці да музыкі, вось абраў прафэсію, якая прыносіць мне заробак, усё ж зьвязаную з кампутарамі. Пакуль няма жаданьня мяняць працу. Напэўна, пакуль музыка не пачне прыносіць грошы. Такія, на якія можна было б хаця б ну трошкі там… ня толькі хлеб з маслам, але і яшчэ чаго-небудзь даплюсаваць.

Мой любімы інструмант – гусьлі. Цікава, што пакуль я не сустрэў ніводнага чалавека, у якога быў бы любімы інструмант гусьлі. Вяду некаторыя дасьледваньні ў гэтым напрамку. Сам зьяўляюся майстрам гусьляў. Раблю гусьлі розных тыпаў. Ёсьць некалькі работаў, якія цікава было б паказаць нават салідным рэканструктарам і рэстаўратарам. Мару аб тым, каб зрабіць такія гусьлі, каб потым ужо археолягі, пасьля ў Беларусі знайшлі, і каб аказалася, што я зрабіў такія… раней, чым яны знайшлі. Яны сапраўдныя беларускія.

Кожны народ, напэўна, у Эўропе, вось такі рэгіён можна акрэсьліць – краіны Балтыі, Польшча, Украіна, Заходняя Расея, нават можна сюды фінаў прыплесьці, усе кічацца тым, што гусьлі ў іх найбольш архаічныя, самы стары вядомы інструэнт. Беларусы не павінны ад гэтага адставаць. Бо ў гэтым рэгіёне Беларусь знаходзіцца менавіта ў самым цэнтры. І каб Беларусь гэтая гісторыя мінавала, гэта проста немагчыма.

Мне здаецца, што ў краіне ўсё добра праходзіць, калі кожны займаецца сваёй справай. Калі я змагу займацца толькі рэканструктыяваньнем гусьляў і больш нічым, і гэтага мне будзе хапаць на жыцьцё, у мяне будзе свой пэўны навуковы, дасьледчы стаж, можа гэта будзе для мяне становішча “для краіны” добрае. Але гэта такі эгаістычны погляд на рэчы. Але я спадзяюся, што кожны зможа так сказаць ад сябе. І калі ў кожнага будзе вось так усё добра, дык і краіны будзе жыць.”