Ірына Слаўнікава


Ірына працавала бухгальтарам у камэрцыйных фірмах у Беларусі. Паўтары гады таму эмігравала ў Нямеччыну, а цяпер вярнулася ў Беларусь.

(Слаўнікава: ) "Мая гісторыя некаторым можа падацца нетыповай. Мае раўнагодкі, сябры мяне не разумеюць. Многія зь іх імкнуцца зьехаць з гэтай краіны на Захад, працаваць посудамыйкамі ці прыбіральшчыцамі. Я думаю, што мэта іх не палітычная і не ідэялягічная, а толькі матэрыяльная.

У мяне ёсьць від на жыхарства ў Нямеччыне, мае бацькі жывуць у Нюрнбэргу, у Баварыі. Па нашых беларускіх стандартах яны жывуць вельмі добра, маюць кватэру, нармальную сацыяльную дапамогу, на якую ў адрозьненьне ад нашай пэнсіі можна пражыць. Яны вучылі нямецкую мову, але ўладкавацца на працу цяжка. Я таксама пражыла там амаль год, скончыла курсы нямецкай мовы.

Па спэцыяльнасьці я эканаміст, скончыла Інстытут народнай гаспадаркі. У Нямеччыне мне прапанавалі падвучыцца на 3-месячных эканамічных курсах, пасьля іх я павінна была здаць тэст, каб уладкавацца на працу, але гарантыі на працаўладкаваньне мне ніхто не даваў. Усё роўна я буду адчуваць сябе эмігрантакай. Калі будзе скарачэньне, у першую чаргу звольняць мяне. Я разумею, што буду адчуваць сябе замежніцай, чужой.

Пачынаць усё спачатку, з нуля ня вельмі хочацца. Калі хацець працаваць, добра зарабляць, знайсьці добрую працу, то можна адчуваць сябе добра і камфортна і ў Беларусі. Акрамя таго, усе мае сябры тут, а шукаць там новых цяжка. Усе размовы паміж беларусамі, расейцамі пра тое, дзе таньней можна нешта купіць, каму далі, ці зьнялі дапамогу. Там проста не цікава і сумна. Там у мяне пастаянна была дэпрэсія, нічога не хацелася рабіць, нікога бачыць, таму я вярнулася сюды, у Беларусь. Спачатку на мяне сябры глядзелі, як на хворую, ненармальную. не разумелі мяне, як жа я зьехала ад нямецкага піва.

Пакуль шукаю працу па спэцыяльнасьці, ёсьць нейкія заробкі. Спадзяюся, калі ёсьць жаданьне, знайду нармальную працу, а туды – толькі ў госьці. Жыць трэба тут, на Радзіме, і спрабаваць штосьці зьмяніць".