Сьвятлана Воўкава


Сьвятлана Воўкава нарадзілася ў Маскве, але ўжо даўно жыве ў Гомелі. Сьвятлана – руская паводле нацыянальнасьці, але стараецца карыстаецца беларускай мовай і жыць паводле ладу жыцьця беларусаў. Яна вучыцца ў Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэце, працуе ў камэрцыйнай кампаніі, а таксама ў гомельскай Асацыяцыі дзяцей і моладзі. З уласнай практыкі ведае, што сёньня ўлады Беларусі не спрыяюць разьвіцьцю грамадзкага моладзевага руху.

(Волкава: ) “Дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі – цяжкая справа, бо ў нас дзяцей ня вельмі хочуць слухаць. Таму даводзіцца, у літаральным сэнсе, стукацца ў кожныя дзьверы, каб нас заўважылі, каб нам ішлі насустрач, каб дабіцца большых магчымасьцяў для дзяцей і моладзі. Спадзяюся, што ў далейшым гэта ў нас будзе атрымоўвацца лепш таму, што будучыня за моладзьдзю. Я працую й навучаюся адначасова, бо навучаюся на платнай аснове й мне трэба зарабляць грошы, каб заплаціць за сваё навучаньне. Так што даводзіцца займацца й працай і навучаньнем адначасова. Але атрымаць адукацыю я мару сваімі намаганьнямі. Я задаволеная сёньняшнім жыцьцём, бо я навучаюся, працую, стараюся жыць паўнацэнным грамадзкім жыцьцём. Большы кавалак свайго часу праводжу зь дзецьмі: робім нейкія супольныя праекты, шукаем нешта цікавае для моладзі, каб яна не праводзіла свой час на вуліцы. Паказваем, што мы можам і я думаю, што ў нас гэта атрымліваецца, але наперадзе яшчэ шмат працы.

Маладым людзям я бы пажадала, каб яны не баяліся паказаць сябе, адкрыць свае таленты, бо ў кожнага шмат сваіх талентаў. Трэба проста паказаць іх, расказаць пра сябе. Я думаю, што ў будучыні мы прыцягнем да супрацоўніцтва яшчэ болей таленавітай моладзі, якая жадае нешта зьмяніць у гэтай краіне да лепшага. Спадзяюся, што супольнымі намаганьнямі ў нас гэта атрымаецца”.