Тацяна Губліч – сёлетняя выпускніца Талькаўскай сярдняй школы Пухавіцкага раёну. У вёсцы Талька дзяўчына жыве ад свайго нараджэньня, сьпявае ў фальклёрным калектыве, які існуе пры школе. Але марыць аб прафэсіі эколяга: пасьля заканчэньня 11 клясы мяркуе ехаць у Магілёў вучыцца на спэцыяліста-эколяга. Любіць клясычную музыку й беларускі рок.
(Губліч: ) “Я захапілася тым, што хачу стаць эколягам. Я лічу, што эколягі вельмі патрэбныя людзі для краіны й увогуле для ўсёй зямлі. Таму, што апошнім часам вельмі цяжкае экалягічнае становішча назіраецца ва ўсім сьвеце. А ў Беларусі вельмі цяжкае становішча яшчэ й таму, што раней, пры Савецкім Саюзе, тут набудвалі вельмі шмат заводаў. Яны так забрудзілі навакольле, што з усіх былых савецкіх рэспублікаў Беларусь сталася самай забруджанай. Я мару пра тое, каб вярнуць той балянс, які быў раней у прыродзе.
У вольны час я займаюся ў краязнаўчым гуртку. Мы сьпяваем старажытныя беларускія песьні, ладзім народныя абрады й розныя гульні. Некаторыя сьмяюцца, але я на гэта не зьвяртаю ўвагі, бо лічу, што сваіх каранёў ня трэба саромецца. Я, да прыкладу, ганаруся тым, што я беларуска, што я размаўляю па-беларуску, што мае бацькі жылі тут. Мне не падабаецца тое, што цяпер усё навучаньне, уся адукацыя вядзецца на расейскай мове. Гэта асабліва складана для нас, вясковых школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, а калі мы прыяжджаем у горад, то ўсё навучаньне вядзецца па-расейску. І перавучваць наноў такія прадметы, як фізыку альбо матэматыку – вельмі складана.
Падрыхтоўка ў школе ёсьць, нам даюць веды, але рэч у тым, што часу не хапае. Вельмі шмат працы ў вёсцы: трэба нешта рабіць дома па гаспадарцы й таксама рабіць урокі. Я, канечне, сваіх бацькоў не вінавачу за гэта. Яны ўсё ж такі прывыклі, яны ўсё жыцьцё пражылі гэтак, трымаючыся за гаспадарку. Яны проста баяцца мяняць сваё жыцьцё. А жыцьцё ў краіне мне зараз вельмі не падабаецца. Бо, калі ўсе краіны ідуць наперад, дык нашая цягнецца назад. Жах у тым, што кіраўніцтва нашае, яно нічога ня робіць для таго, каб ісьці наперад. Яно наадварот тармозіць, не дае разьвівацца прыватнай уласнасьці – гэта самае галоўнае я лічу. У нас застаюцца яшчэ гэтыя калгасы, у якіх ня плацяць заробкі, там няма чаго есьці жывёлам, але ўсё роўна іх трымаюць, загадваюць выконваць пляны. Я лічу, што гэта вельмі няправільна.
Я хачу зьвярнуцца да моладзі: мы павінныя ўсё ж такі пераадолець гэты комплекс непаўнавартасьці перад іншымі народамі. Гэтаксама ганарыцца тым, што мы беларусы й ісьці наперад, не зьвяртаючы ўвагі ні на што. Тое, што гавораць, быццам, такой нацыі, як беларусы, няма – гэта няпраўда. Такая нацыя была, ёсьць і будзе заўсёды. Яна яшчэ сябе праявіць. Пакуль мы будзем жыць – беларуская мова ня згіне”.