Аляксей Чубат


Аляксей Чубат, 23 гады. Завяршае вучобу на факультэце журналістыкі БДУ. Цікавіцца гіторыяй Беларусі, літаратурай. Сябра моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Гісторыка”. Пераможца літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай.

(Аляксей Чубат: ) “Як выпускніка вышэйшай навучальнай установы, зразумела, мяне цяпер больш хваляюць такія пытаньні, як працаўладкаваньне. Але з большага, канечне, магчымасьці працаваць па спэцыяльнасьці і, можа гэта ўзвышана гучыць, атрымліваць ад працы задавальненьне.

Я вучуся на факультэце журналістыкі на спэцяльнасьці “Сувязі з грамадзкасьцю” (Public Relations). На сёньняшні дзень я не бачу магчымасьці менавіта прафэсіяналізацыі ў гэтай дзейнасьці, дзейнасьці PR. Цікава, што ў нас, прынамсі, у Менску, няма ніводнага агенцтва ці арганізацыі, якая б займалася Public Relations. У Беларусі (магчыма, у сувязі зь інтэграцыяй) зьяўляюцца нейкія расейскія фірмы, МТС, напрыклад. Але ні расейскіх, ні польскіх, ні літоўскіх фірмаў, якія займаюцца Public Relations, тут няма.

Калі браць журналістыку – асабліва апошнія падзеі (“Белорусская деловая газета”, і “БДГ ДСП”, і “Навінкі”), усе гэтыя пэрыпэтыі таксама сьведчаць пра тое, што чалавеку, які атрымлівае журналісцкую адукацыю, прыйдзецца цяжка і нават немагчыма працаваць. Магчыма, прыйдзецца мяняць род дзейнасьці, можа, ісьці якім рамесьнікам, каб пракарміць сям’ю, рэалізаваць сябе ў такім пляне...

Мары былі самыя ўзьнёслыя, і пляны таксама...На жаль, масавых буйных газэт мала. Яны зьяўляюцца і зьнікаюць. Газэта “День”, напрыклад, зьявілася і зьнікла. Калі я пачынаў вучыцца, была газэта “Имя”, а зараз яе няма.

Мяне яшчэ хвалюе праблема беларускай мовы. І ў большасьці – беларускай літаратуры. Я, напрыклад, зьвярнуў увагу, што зараз на Беларусі няма прозы – добрай, цяжкой, грувасткай прозы – прозы Караткевіча, ці прозы Вячаслава Адамчыка, ці Івана Мележа. Вось такой прозы няма.

Я настроены абсалютна аптымістычна. На сённяшні момант Беларусь мае сваю дзяржаўнасьць, мае сувэрэнітэт. І я лічу, што вось ад гэтага, як ад печкі, трэба і вытанцоўваць. Канечне, нельга забывацца і на традыцыю, але нельга і вяртацца назад і пачынаць ход гісторыі наноў. І мы, беларускае грамадзтва, павінны будаваць дзяржаўнасьць такой, якой мы хочам яе бачыць. Канечне, у нас не атрымалася дзяржаве ўзьнікнуць як нацыянальнай, яна ўзьнікла больш як адміністрацыйная адзінка. Я думаю, што праз адміністратыўнасьць Беларусь прыйдзе да сябе як да нацыянальнай краіны, праз некалькі дзясяткаў гадоў. Ёсць жа прыклады ў сьвеце – Нарвэгія, якая зьбірала сваю мову па крупіцах...”