Разьвітаньне з Васілём Быкавым


Сярод многіх тысяч людзей, што прыйшлі да Дому літаратара разьвітацца з Васілём Быкавым, было багата моладзі. Агульны настрой — усе мы, беларусы, згубілі фігуру, якой няма роўных. Моладзь разьвітвалася з чалавекам, які яднаў нацыю. Сярод словаў маладых людзей і смутак, і спадзеў.

(Хлопец: ) “Сёньня вельмі трагічны дзень. Гэта дэманструе тая вялікая колькасьць людзей, што прыйшлі на разьвітаньне з Васілём Быкавым. Гэты чалавек — самы вядомы, самы сумленны. Ён аб’ядноўваў людзей розных прафэсіяў, і нават нацыянальнасьцяў, розных поглядаў. Гэта чалавек, які аб’ядноўваў нацыю. Вялікі жаль і смутак ва ўсіх, што яго ня стала”.

(Дзяўчына: ) “Было бы вельмі дзіўна, калі б на пахаваньне, на разьвітаньне з такім чалавекам не прыйшлі б людзі. Я прыйшла, бо я павінна тут быць. Гэты чалавек быў прыкладам, у якім нельга было знайсьці нейкія хібы і сказаць, што я зь ім ня згодны. Ягоную пазыцыю можна цалкам паважаць, абсалютна”.

(Студэнт: ) “Ён быў народным у першую чаргу. І вельмі шкада, што дзяржава не захацела зрабіць заяўку на тое, каб ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Я думаю, што ў Беларусі гэта адзіны чалавек варты таго, каб стаць нобэлеўскім ляўрэатам, нават пасьмяротна. З пэрсонаў такога рангу ў нас быў толькі Якуб Колас. Пахаваньне нагадвае пахаваньне Коласа, калі глядзіш кронікі 1956 году, менавіта столькі людзей прыходзіла на пахаваньне Коласа”.

(Студэнтка: ) “Мне больш цікавы Васіль Быкаў як асоба. Як такая зьява ў жыцьці Беларусі, якая больш не паўторыцца. Мы ў першую чаргу згубілі чалавека, а не пісьменьніка. Чалавека, грамадзяніна нашай краіны, частку Беларусі. Частку таго, дзеля чаго мы змагаемся, дзеля чаго мы жывем. Яе цяпер проста ня стала”.

(Навучэнка: ) “Гэта агульнае гора. Відавочна, што прыйшлі людзі, якія паважаюць усю беларускасьць, але ня могуць іншым чынам выказваць тое, што адбываецца… Цяжка казаць”.

(Хлопец: ) “Сапраўдны чалавек. Грамадзянін, вялікі сын сваёй краіны”.

(Дзўчына: ) “Гэты чалавек усёй сваёй сутнасьцю, усім сваім жыцьцём паказваў праўду. Нельга сказаць, што ён быў праўдзівы толькі ў нейкіх выказваньнях ці творах. Калі ён увасабляе праўду, то ён увасабляе праўду ва ўсім. Ва ўсім сваім жыцьці”.

(Студэнт: ) “Няшмат у Беларусі такіх людзей, людзей такога маштабу, якія б маглі такое значэньне мець і такую ролю. Васіль Быкаў быў усім у Беларусі. Шкада. Ён быў сымбалем, сымбалем змаганьня й мужнасьці, сымбалем таго, што Беларусь жыла сапраўды”.

(Дзяўчына: ) “Вельмі невыпадкова тое, што ён памёр менавіта 22 чэрвеня. Гэта знак. Гэта знак бяды. Ня толькі ў тым сэнсе, што ў гэты час пачалася вайна. Таму, што менавіта ў гэты дзень пайшоў ад нас пісьменьнік, які пісаў пра вайну. Гэта знак. Знак бяды… Напэўна, гэта канец… Не канец, канечне, але…”

(Студэнтка: ) “Мне здаецца, што кожная фігура, якая была такая маштабная, як Васіль Быкаў, яна стварае глебу для зьяўленьня новых людзей. Ня трэба губляць надзею: можа, будзе новы прарок. Ня трэ казаць, што на гэтым усё скончана”.

(Дзяўчына: ) “Можна сказаць — волат нацыянальнага духу беларускага. Таму што жыве Беларусь, ёсьць сапраўдныя беларусы, якія паважаюць талент, чалавека, асобу, паважаюць сваю гісторыю. Першая асацыяцыя — проста асоба. Тады ўжо пісьменьнік, публіцыст. Найперш — асоба чалавека”.

(Хлопец: ) “Васіль Быкаў, канечне, ня толькі пісьменьнік. Без Васіля Быкава не было б адраджэнскага руху. Васіль Быкаў — гэта чалавек, безь якога не было б сапраўды незалежнай Беларусі”.