Студэнты менскіх ВНУ пра Васіля Быкава


Што азначае імя Васіля Быкава для сёньняшняй беларускай моладзі?

Віка Трэнас – першакурсьніца філялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту, піша вершы, ляўрэатка конкурсу маладых літаратараў імя Натальлі Арсеньневай.

(Трэнас: ) “Як для любога патрыёта, а ў Беларусі творчы чалавек, мне падаецца, пераважна патрыёт, і патрыёт менавіта ўнутраны, для мяне і маіх сяброў творы Быкава якраз ёсьць тымі творамі, якія навучаюць гэтаму пачуцьцю. Гэта тыя творы, якія ў школе вучні чытаюць з задавальненьнем. І потым, калі становяцца дарослымі, перачытваюць. Калі ёсьць жаданьне перачытваць, значыць гэта вечны твор”.

Мікола Астрэйка – сёлетні выпускнік аддзяленьня паліталёгіі Белдзяржунівэрсытэту.

(Астрэйка: ) “Пяць год таму, калі я скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй, сам Васіль Быкаў на выпускной вечарыне падпісваў нам кнігу “Сьцяна”, якая толькі тады выйшла. З тых словаў, якія ён нам казаў, першае і асноўнае, што я запомніў, былі словы пра тое, як малады чалавек, які толькі што закончыў школу, павінен ісьці ў жыцьцё. Што ён павінен пры гэтым кіравацца ў першую чаргу сваімі прынцыпамі і ідэаламі годнасьці, тымі ідэаламі, якія ён лічыць правільнымі. І для мяне Васіль Быкаў, можа, гэта будзе дзіўна для некага, ёсьць найперш аўтарам ня твораў пра вайну, хоць гэта таксама важна. Але мяне найбольш цікавіць у ягоных творах чалавек, тое, што і як ён робіць у тых няпростых сытуацыях, у якія зьмяшчае яго Быкаў. Для мяне ў гэтым сэнсе з усіх твораў Быкава, якія я чытаў, аповесьць “Аблава” найцікавейшая і яе галоўны пэрсанаж Хведар – асноўны быкаўскі герой”.

Тацяна Будовіч – чацьверакурсьніца гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту, паэтка, летась яна выдала сваю першую кніжку.

(Будовіч: ) “Васіль Быкаў для мяне – прыклад мужнасьці і нязломнасьці. Пра гэта сьведчыць і ягоны апошні такі адчайны крок – ён прыехаў сюды, на радзіму, паміраць. Прыклад глыбіннай праўдзівасьці жыцьця па сумленьні. Сьвет ягоных апошніх прытчаў глыбока пэсымістычны. І ў мяне не адразу хапіла мужнасьці прызнаць, зразумець для сябе, што ў прынцыпе – ягоныя прытчы пра нашую беларускую паўсядзённасьць”.

Сьцяпан Семяжон – студэнт недзяржаўнага эканамічнага інстытуту.

(Семяжон: ) “Перш за ўсё, ён быў для мяне сьведкам, чыімі вачыма я ў дзяцінстве пабачыў, якой была мінулая вайна. Прычым гэта былі не сухія старонкі якой-небудзь хронікі, а яскравыя, расфарбаваныя жыцьцёвымі фарбамі, чалавечыя адносіны. Адносіны чалавека ня толькі з акаляючымі яго людзьмі, але і з самім сабой. Яшчэ кім быў для мяне Васіль Быкаў? Калі я падрос, то зразумеў, што гэта быў чалавек, які, перажыўшы некалькі эпохаў, змог захаваць у сабе чалавечнасьць і годнасьць. Прычым, ня толькі захаваць, але і данесьці яе як да сучасьнікаў, так і для нашчадкаў. Шкада, што такі чалавек нас пакінуў, тым больш, што на дадзены момант чалавека, які мог бы яго нам замяніць, няма. Будзем чакаць зьяўленьня новага Васіля Быкава”.

Юля – студэнтка лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

(Юля: ) “Тыдні з два таму дырэктар інстытуту Сэрвантэса ў Маскве запытаўся ў мяне: “Скажыце, Юля, а які самы вядомы беларускі пісьменьнік?” Доўга думаць не давялося. “Быкаў”, – сказала я. “А ёсьць ён у перакладзе на ангельскую мову?” Кажу: “Вядома, ёсьць”. “Цікава было б пачытаць. А пра што ён піша?” “Пра Беларусь, – кажу, – пра ўсё ў ёй”.

Дык вось Быкаў для мяне – гэта ўсё, што датычыцца маёй краіны, усё, што датычыцца мяне, усё, што датычыцца маіх сяброў і маёй любові да Радзімы. Быкаў для мяне – гэта тое, як трэба любіць, гэта тое, як трэба жыць, гэта – усё. Быкаў – гэта пісьменьнік, пра якога мне падабалася пісаць творы ў школе. Быкаў – гэта той, каго я не стамлялася чытаць і перачытваць. Таму, калі яго ня стала, у душы зьявілася нейкая пустэча, якую, я думаю, ужо наўрад ці можна будзе чым-небудзь запоўніць”.

Раман Арлоў – выпускнік Беларускага ўнівэрсытэту культуры, гітарыст і шоумэн.

(Арлоў: ) “Што такое для мяне Васіль Быкаў? Перш за ўсё – гэта сродак ідэнтыфікацыі сябе, ідэнтыфікацыі сябе як беларуса ў часе і прасторы. Асабліва гэта адчуваеш за межамі Беларусі, у Маскве ці Эўропе. Быкаў – гэта тая катэгорыя, якая дазваляе не заблытацца ў сучасным сьвеце і разумець: хто ты і навошта ты. І другое. Кніжкі Быкава, тая інфармацыя, якая ў іх, яна проста неабходна сучаснаму маладому чалавеку для таго, каб глыбей зразумець усё тое, што адбывалася тут блізу 50 гадоў таму ў часе і пасьля гэтых жахлівых ваенных падзей. І для мяне – вялікі гонар быць суайчыньнікам Быкава”.