Марыя Салаўёва


Марыя Салаўёва, 25 гадоў. Выкладае граматыку ангельскай мовы і ангельскае мовазнаўства ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Чытачам “Нашай Нівы” і “Архэ” вядомая як пісьменьніца Марыя Роўда. Марыя засмучаная тымі пераменамі, якія адбыліся ў студэнцкім асяродзьдзі за часамі Лукашэнкі.

(Салаўёва: ) “Дзеці, якія вырасьлі пры Лукашэнку – зусім іншы народ. Ня вераць у сябе. Яны больш пасіўныя, менш спадзяюцца на сябе, на сваю актыўнасьць і на сваю краіну. Я думаю, што шмат хто марыць вывучыць мову і зьехаць за мяжу. Асноўнае адрозьненьне, можа нават майго пакаленьня, у параўнаньні з гэтымі 19-гадовымі студэнтамі… у тым, што мы імкнуліся да прафэсіяналізму, я думаю. І мы хацелі зрабіць гонар сваёй радзіме, сваёй краіне. А гэтыя ўжо дзеткі, яны ня маюць такіх мэтаў. І сапраўды, яны спадзяюцца толькі на ўладкаваньне ўласнага жыцьця і на тое, каб зрабіць ногі адсюль. Прафэсіяналізм, веды іх не прывабліваюць. І гэтае пакаленьне такое кампутарнае… Націснуў на кнопку і маеш веды, атрымліваеш усё астатняе. А самі працаваць ужо ня ўмеюць, на жаль.

Я нядаўна памяняла месца жыхарства. Я як жыла ў Серабранцы, так і жыву ў Серабранцы, але на іншым перакрыжаваньні. І вось што мяне зьдзіўляе – што ў нас у адным месцы могуць жыць “і жук, і жаба”, як кажуць. Раней я жыла ў такім квартале, дзе пражываюць інжынэры, настаўнікі, людзі з адукацыяй. Зараз я жыву ў доме зь нейкімі старымі, страшнымі бабкамі. І я зразумела, чаму, скажам, які-небудзь Алесь Чобат гнаў на наш народ. Казаў, што яго трэба ўкатаць у траншэі. Таму, што я пабачыла – гэта сапраўды так. Што гэта няшчасныя людзі, якія ня маюць у сабе нейкага моцнага духу, нейкай пэўнай энэргетыкі… Не ўсьведамляюць сябе народам нейкім, ці яшчэ некім… Гэта страшныя людзі насамрэч. Людзі без каранёў, без традыцый, без культуры, без памкненьняў, без наватарстваў, безь нічога…

Я ня ведаю, што будзе далей. Калі паглядзець на нашых дзяцей… Скажам, маёй пляменьніцы шэсьць гадоў, пляменьніку майго сябра таксама шэсьць гадоў… Гэта дзеці, якія навучаліся ў дзіцячым садку па нейкіх прагрэсіўных пэрспэктыўных мэтодыках. Па Зайцаву, па Мантэсоры. Гэта дзеці, больш адкрытыя сьвету. Я думаю – яны змогуць нешта зьмяніць. Хаця… Гэта складанае пытаньне. Я думаю, што каб яны пабачылі гэтую Беларусь, трэба шмат чаго зрабіць нам. Не адхрышчвацца ад людзей, якія адрозьніваюцца ад нас. Несьці сваю ідэю, а не варыцца… сябраваць толькі з пэўнымі людзьмі, быць у адным толькі коле сяброўства, а проста несьці гэта, пашыраць. Таму, што людзі – яны сапраўды, адкрытая кніга. Што напішаш, тое і будзе. Можна накіраваць іх на злое, можна на добрае. Я думаю, гэта цалкам магчыма, цалкам. Нават у тым, што ты скажаш, што ты напішаш. Ва ўсім”.