Валесь Клымчук


Валесю Клымчуку – 20 гадоў, ён родам з Рагачова, зараз вучыцца ў Магілёўскай вучэльні культуры. Валесь бярэ ўдзел ў арганізацыі “ТАМ – творчае аб”яднаньне моладзі”. Любіць “Beatles” і “Led Zeppelin” і грае сам у магілёўскім гурце “Эліны”. Магілёў сымпатычны хлопцу, бо яму не падабаецца ціхае правінцыйнае жыцьцё роднага Рагачова.


(Клымчук: ) “Наконт жыцьця свайго я хачу сказаць, што ўсё адносна. Напрыклад: раніца, я ў сваім інтэрнаце падымаюся, гляджу, вось стол, цыбуля ў нас нейкая расьце, валяецца усё, раскідана, па радыё сваю прамову вядзе прэзідэнт, што калі ў вас там чагосьці няма, то граблямі там грабайце, вось гэта ўсё… І тут мне і сьмешна становіцца, і неяк брыдка, няўжо я жыву ў гэтай краіне?

Але ёсць і іншыя аспэкты – калі я сустракаюся са сваімі сябрамі, калі мы сьпяваем на роднай мове. На мяне таксама вельмі паўплывала паездка на Крапівіцкае поле з нашай арганізацыяй. Там столькі людзей, усе беларускамоўныя, дзе і хлопчык маленькі размаўляе па-беларуску. Вось гэтыя добрыя адносіны, калі ўначы вогнішча гараць, пад бел-чырвона-белымі сцягамі – гэта сапраўды нейкая містыка. І вось тады я радуюся, мяне проста ўсяго перапаўняе шчасьце.

У краінах у іншых, у заходніх размаўляюць пра псыхалёгію людзей, чаму яны так робяць. І там філёсафы нараджаюцца, і Ніцшэ, да, і Карнэгі, і Фройд… Мы зараз такія праблемы ня можам вырашаць, таму што гэта – як пераскочыць ад пункту А к пункту, атрымліваецца, С. Таму што ў нас ня вырашаная нашая праблема нацыянальная. Праблема мовы не вырашаная, праблема сьцяга ня вырашаная. Беларусы баяцца быць беларусамі, і гэта вельмі дрэнна. Калі будзе вырашаная нацыянальная праблема, толькі тады будзе і гонар за сваю радзіму, і эканамічны пад’ём. Таму што пакуль мы ня будзем ганарыцца сабой, нічога не будзе.

А што трэба рабіць? Ісьсці наперад і змагацца. Змагацца і змагацца. І канечне, змагацца трэба таксама з розумам. Ня трэба лезьці віламі на танк, як кажуць. А трэба з розумам змагацца. Браць хітрасьцю недзе, таму што бяз гэтага мы ня зможам зрабіць нічога. Вось так: змагацца, ісьці наперад, не спыняцца, працаваць. Не зайздросьціць, быць самім сабой. Галоўнае – быць самім сабой”.